Прадпрымальнікі мінскага Чэрвеньскага рынку, якія гандлююць таварамі легпрама, маюць намер масава прыпыніць сваю дзейнасць з 1 студзеня 2016 года з-за патрабаванняў тэхрэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Сход ІП, прысвечаны гэтаму пытанню, адбыўся 25 лістапада на рынку.
Прадпрымальнікі напісалі апавяшчэнні ў адрас адміністрацыі рынку пра намер спыніць з пачатку года арандаваць плошчы. Як паведаміў БелаПАН член савета прадпрымальнікаў рынку, актывіст РГА «Перспектыва» Васіль Бараноўскі, заявы ўжо падалі больш як 70 ІП, якія гандлююць абуткам і адзеннем. Яны гэта зрабілі загадзя, паколькі павінны апавясціць аб працягу ці непрацягу арэнды не пазней чым за месяц да заканчэння яе тэрміну, а плаціць за перыяд, у якім, хутчэй за ўсё, ужо не будуць працаваць, не жадаюць, растлумачыў Бараноўскі.
«Людзі нашы працуюць галоўным чынам з Масквой, а там, па сутнасці, рознічны гандаль, афіцыйных дакументаў на тавар ніхто нікому не дае, а калі даюць — узнікаюць праблемы: прызначаецца сустрэчная праверка ў Расіі па лініі МПЗ, і прадаўцы, як правіла, адмаўляюцца ад сваіх жа дакументаў, таму што яны не маюць права прадаваць прадукцыю за мяжу ў розніцу», — адзначыў прадпрымальнік.
«На радзе, дзе я гандлюю, з 16 чалавек толькі ў аднаго ёсць усе дакументы, поўны камплект з сертыфікатамі, усе астатнія не могуць іх атрымаць, таму што возяць адзенне і абутак маленькімі партыямі», — сказаў Бараноўскі.
Згодна з указам ад 16 мая 2014 года № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», 1 сакавіка 2015 года скончыўся тэрмін, калі ІП маглі рэалізаваць апісаныя рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі гандлёвага цэнтра «Экспабел» 17 сакавіка тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў прадоўжылі да 1 студзеня 2016 года — паводле яго слоў, у апошні раз.
16 лістапада, выступаючы на V Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў Мінску, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі заявіў, што дыскусія аб сертыфікатах на тавары легпрама завершаная. «Мы патрацілі шмат тыдняў, абмяркоўваючы праблему сертыфікатаў на тавары легпрама. Усе патрабаванні бізнесу зводзяцца да таго, што трэба вярнуцца ў 1990-я гады», — сказаў міністр, удакладніўшы, што ўвядзенне сертыфікацыі прадукцыі з'яўляецца абарончай мерай рынку ЕАЭС.
Каментары