На Чарнабаеўскай птушкафабрыцы ў украінскай Херсонскай вобласці загінулі больш за чатыры мільёны курэй. Адбылося гэта пасля таго, як расійскія вайскоўцы вывелі са строю мясцовую электрастанцыю, паведамляе газета The Wall Street Journal.

Праз адсутнасць электрычнасці перастала працаваць аўтаматызаваная сістэма кармлення птушак, што і стала прычынай іх гібелі.
Чарнабаеўская птушкафабрыка — найбуйнейшая ў Еўропе. Яна знаходзіцца на тэрыторыі, якую акупавалі расійскія войскі яшчэ 26 лютага.
Рабочыя спрабавалі наладзіць дастаўку корму нягледзячы ні на што, але машыны з грузам траплялі пад расійскія абстрэлы. Тады дзеля бяспекі людзей пастаўкі мусілі ўвогуле спыніць.
На фабрыцы прынялі рашэнне раздаць астатнія 1,45 мільёна яек і 90 тысяч курэй супрацоўнікам прадпрыемства і суседнім фермам.
Раней паведамлялася, што расійскія войскі з моманту паўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны знішчылі не менш за шэсць збожжасховішчаў.
Каментары