У Мінску арганізавалі пілотную зону тэставання светлавых праектараў, якія дублююць дарожную разметку «пешаходны пераход», паведаміла сталічная ДАІ.

Светлавая праекцыя жоўтых і белых палос на «зебры» з'явілася на вуліцы Якуба Коласа каля дома №41. Побач з гэтым нерэгуляваным пешаходным пераходам знаходзяцца гімназія № 8 і дзіцячы сад №341.

Такое рашэнне, як сцвярджаецца, дазваляе палепшыць бачнасць разметкі пры яе зносе, прыцягвае ўвагу кіроўцаў і паляпшае асветленасць пешаходнага пераходу.

У ДАІ ўдакладнілі, што пілотную зону будуць тэставаць на працягу паўгода, а пасля прымуць рашэнне аб прымяненні падобных праектараў на вулічна-дарожнай сетцы Мінска.
Раней паведамлялася, што тэставанне падобных пераходаў праводзіцца ў Глыбокім і Гомелі.
Каментары