Грамадства55

«Калі замерзнеце — заходзьце да нас пагрэцца». Бібліятэкарка з Магілёва расказала, як змагла знайсці сябе ў прафесіі ў Польшчы

Калі магіляўчанка Алеся Тарасенка прыйшла працаваць ва Уроцлаўскую ваяводскую бібліятэку, там было ўсяго чатыры кнігі на беларускай мове. Цяпер — каля 600, і гэта адзін з найбольшых фондаў беларускіх кніг у Польшчы. Most пагаварыў з Алесяй пра тое, чым адрозніваюцца бібліятэкі ў дзвюх краінах, як вяртанне кніг звязаная з атрыманнем крэдыту і калі яна адчула, што яе працу заўважылі.

Алеся Тарасенка. Фота з яе архіва

«Без мовы цябе дакладна не возьмуць»

У Беларусі Алеся адпрацавала ў бібліятэцы 22 гады. Пераехаўшы ў Польшчу ў 2020 годзе, вырашыла, што паспрабуе вярнуцца ў прафесію.

Ва Уроцлаўскай ваяводскай бібліятэцы яна была яшчэ да пераезду — прыходзіла з дзіцём у дзіцячы аддзел, дзе тады працаваў мужчына, які ведаў рускую мову.

«Калі я сюды прыехала жыць, прайшлася па старых сувязях і сказала, што хачу працаваць у бібліятэцы. Мне адказалі: «Вучы мову. Без мовы цябе дакладна не возьмуць».

Алеся ўладкавалася прыбіральшчыцай у аўтасалон і старалася практыкаваць мову, размаўляючы з калегамі. А паралельна рассылала рэзюмэ. Нарэшце, пасля некалькіх спробаў атрымала запрашэнне на сумоўе. Да таго моманту яна ўжо свабодна размаўляла па-польску, а яе вопыт і стаж ўразілі патэнцыйнае кіраўніцтва.

Алеся Тарасенка. Фота з яе архіва

«Прыбегла як са сцягам: вось мой пашпарт, вось пячатка!»

Але нечакана ўзнікла бюракратычная перашкода. У Польшчу жанчына прыехала па візе, тэрмін якой да таго моманту прамінуў. Але паколькі тады дзейнічалі антыкавідныя правілы, дакументы аўтаматычна падаўжаліся.

У краіне беларуска знаходзілася легальна, а вось браць на працу яе баяліся: не разумелі, як аформіць такую супрацоўніцу. Алесі сказалі спачатку атрымаць адзнаку ў пашпарт аб падачы дакументаў на ДНЖ — тады, маўляў, і вернемся да размовы.

Праз тры месяцы Алеся прынесла пашпарт з запаветным штампам.

«Я прыбегла як са сцягам: вось мой пашпарт, вось пячатка! Але мне сказалі, што вакансіі ўжо няма — чакайце наступнай».

«Пан ці прапаў»

Алеся працягнула пошукі працы па спецыяльнасці. Праз некалькі месяцаў ва Уроцлаўскай ваяводскай бібліятэцы адкрылася новая вакансія — на паўстаўкі.

«Мне сказалі, што, магчыма, потым з'явіцца цэлая. Я рызыкнула. Пайшла з аўтасалона і вырашыла: альбо пан, альбо прапаў», — успамінае яна.

Алесю запрасілі працаваць у аддзел раманскіх моў. Але з часам стала зразумела, што ў чытачоў ёсць запыт на ўсходнеславянскую літаратуру, і кіраўніцтва вырашыла стварыць асобны кірунак. Так у 2023 годзе з'явіўся аддзел славянскіх моў, а пры ўдзеле Алесі — сапраўдны беларускі куток.

Фота з архіва Алесі Тарасенкі

Спачатку беларускіх кніг у бібліятэцы было ўсяго чатыры — іх перадалі з дзіцячага аддзела. Тады Алеся, абмеркаваўшы ідэю з кіраўніцтвам, вырашыла адкрыць збор, каб папоўніць фонд беларускай літаратуры. За два тыдні ўдалося сабраць 5 тысяч злотых — на гэтыя грошы купілі шмат новых кніг.

Сёння ў бібліятэцы налічваецца каля 600 беларускіх выданняў, а калекцыя працягвае папаўняцца за кошт бюджэту бібліятэкі. Па словах Алесі, гэта адзін з самых вялікіх кніжных фондаў на беларускай мове ва ўсёй Польшчы.

«Дзякуй кожнаму чытачу за падораныя кнігі, пачатак быў пакладзены дзякуючы ім», — кажа яна.

Без дыплома ў бібліятэку не возьмуць

Паралельна з працай Алеся пачала працэс настрыфікацыі дыплома, каб яе беларуская адукацыя і стаж у Польшчы залічыліся цалкам.

Ва Уроцлаўскім універсітэце здзівіліся, калі Алеся падала дакументы на прызнанне дыплома бібліятэкара. Яна кажа, што знаходзіцца ў некалькіх прафесійных чатах і суполках бібліятэкараў, дзе калегі абменьваюцца вопытам. Наколькі ёй вядома, доўгі час яна была адзіным беларускім бібліятэкарам, хто вярнуўся ў прафесію ў Польшчы, — і толькі нядаўна даведалася, што з'явілася яшчэ адна дзяўчына з Беларусі.

«Падобна, я была першай, хто гэта зрабіў тут», — смяецца Алеся.

Працэдура аказалася няпростай: трэба было аплаціць амаль 3700 злотых і прайсці дадатковы экзамен, паколькі праграмы ў Польшчы і Беларусі адрозніваюцца. Для Алесі гэта было не проста фармальнасцю.

«Мне важна было даказаць, што бібліятэкар — гэта прафесія. Многія думаюць: «Я люблю чытаць — значыць, магу працаваць у бібліятэцы». Але гэта не так. Патрабуецца вышэйшая адукацыя і прафесійная падрыхтоўка».

«Тут папяровых фармуляраў ужо гадоў з пятнаццаць няма»

Праца ў польскай бібліятэцы, кажа Алеся, адрозніваецца ад таго, што было ў Беларусі, літаральна ва ўсім — ад стаўлення да наведвальнікаў да тэхнічных рашэнняў.

«У Беларусі дагэтуль працуюць папяровыя фармуляры. Тут папяровых фармуляраў ужо гадоў з пятнаццаць няма, — расказвае яна.

У Польшчы ўсё ўладкавана прасцей: кнігі можна браць і вяртаць праз электронны фармуляр. Чытач бачыць у асабістым кабінеце, якія выданні ў яго на руках, можа падоўжыць тэрмін або заказаць новыя. Калі патрэбная кніга занятая, яе можна забраніраваць — калі яе здадуць, прыходзіць апавяшчэнне, што кніга чакае свайго чытача.

Ва Уроцлаве нават вяртанне прадумана да дробязяў — кнігі можна вярнуць ноччу. На вуліцы пастаўленая спецыяльная чорная скрынка, куды іх апускаюць, як лісты, а раз у суткі забіраюць і перадаюць аддзелам.

У бібліятэцы стаіць скрынка для вяртання кніг. Фота з архіва Алесі Тарасенкі

Адрозніваецца і падыход да закупак. У Беларусі бібліятэкі атрымліваюць спісы абавязковых для закупкі выданняў, а ў Польшчы ўсё будуецца на запытах чытачоў.

Алеся просіць наведвальнікаў пісаць, якія кнігі яны хацелі б бачыць на паліцах. Калі назва паўтараецца некалькі разоў, яе імкнуцца заказаць у першую чаргу. Акрамя таго, тут можна бясплатна ўзяць электронную кнігу на месяц ці настольныя гульні на два тыдні.

За запазычанасць бібліятэцы не атрымаеш іпатэку

Запазычанасці за кнігі, па словах Алесі, у Польшчы таксама фіксуюцца аўтаматычна — і сістэма працуе жорстка.

«Калі чалавек затрымлівае кнігу, налічваецца 15 грошаў за суткі. Пакуль не заплаціш, узяць нічога нельга, — тлумачыць яна. — А калі запазычанасць вялікая, бібліятэка перадае звесткі ў падатковую ўправу. Тады чалавек не зможа нават аформіць крэдыт».

Самая вялікая запазычанасць, якую Алеся бачыла за ўвесь час працы, — каля 4 тысяч злотых.

«У Беларусі іншы падыход: нават калі нехта затрымліваў кнігу, максімум пісалі напамін».

Інтэгруемся праз кнігі

Калі славянскі аддзел стаў прыкметнай часткай бібліятэкі, Алеся вырашыла, што важна не толькі збіраць кнігі, але і ажыўляць прастору сустрэчамі і падзеямі. Так у бібліятэцы з'явіліся аўтарскія сустрэчы, майстар-класы і лекцыі пра Беларусь.

Усе мерапрыемствы бясплатныя — гэта адно з галоўных правіл установы.

«Летась у нас праводзіліся дні беларускай культуры. У наступным годзе будуць дні літоўскай культуры. Мы стараемся быць бліжэйшымі да чытачоў розных краін і культур», — кажа Алеся.

Асобны кірунак працы — клуб чытачоў. Раней ён называўся інтэграцыйным, але цяпер фармат мяняецца. Тут людзі займаюцца творчасцю, абмяркоўваюць кнігі, вучаць польскую мову і проста размаўляюць. У кожнай групе прыкладна пароўну беларусаў і палякаў — так прасцей знаёміцца і практыкаваць польскую ў нязмушанай атмасферы.

Алеся Тарасенка. Фота з яе архіва

«Пасля дваццаці гадоў працы ў Беларусі я ўпершыню адчула, што маю працу заўважылі»

За тры гады працы ва Уроцлаве Алеся паспела не толькі стварыць беларускі фонд кніг, але і атрымаць прызнанне сярод калег.

Летась Алеся стала пераможцай конкурсу бібліятэкараў імя Вольгі Рок. Яго штогод праводзіць фонд FRSI, і ў ім удзельнічаюць дзясяткі спецыялістаў з усёй Польшчы. Сёлета Алеся ўжо ўвайшла ў склад журы.

«Мне даслалі паведамленне — я прачытала і заплакала. Пасля 20 гадоў працы ў Беларусі я ўпершыню адчула, што маю працу заўважылі», — кажа яна.

Дыплом пераможцы конкурсу бібліятэкараў імя Вольгі Рок. Фота з архіва Алесі Тарасенкі

«Калі святло гарыць, значыць, мы адкрытыя»

Алеся шануе давер з боку чытачоў. Да яе часта звяртаюцца беларускія пісьменнікі, якія хочуць правесці аўтарскую сустрэчу — і калі ёсць магчымасць, яна дапамагае. Для многіх менавіта яна стала правадніком.

Алеся Тарасенка. Фота з яе архіва

«У эміграцыі важна знайсці сваіх людзей, — кажа Алеся. — У мяне ўсё звязана адной ніткай: я прыцягваю людзей сюды, каб у іх было месца, дзе можна проста пасядзець і пачытаць — з відам на Рынак, на роднай мове, бо ў польскай бібліятэцы кнігі ёсць на розных мовах. Я ўсім кажу: калі будзе кірмаш, калі замерзнеце — заходзьце да нас пагрэцца. Калі святло гарыць, значыць, мы адкрытыя і чакаем вас».

Каментары5

  • Вольга
    01.11.2025
    Спадзяюся, у гэтай бібліятэцы ёсць "Мова" Марціновіча - бо гэта вельмі сугучная кніга для гэтай гісторыі. Яна абавязкова адродзіцца. А калі няма - магу даслаць свой асобнік.
  • Максим Дизайнер
    01.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Каруся
    02.11.2025
    Цікавая і цудоўная гісторыя

Цяпер чытаюць

eurolisingbe_now:12:PROXY_BY

У Беларусі скардзяцца на жахлівы дэфіцыт кіроўцаў. А якія зарплаты ім прапануюць?4

У Беларусі скардзяцца на жахлівы дэфіцыт кіроўцаў. А якія зарплаты ім прапануюць?

Усе навіны →
Усе навіны

Мядзведзеў пагражае сцерці Бельгію з зямлі12

У Друскеніках знойдзены метэазонд з 1400 пачкамі кантрабандных цыгарэт3

Гэта прышчэпка можа выратаваць жанчын ад аднаго з відаў раку. Усё, што трэба ведаць пра вакцынацыю ад віруса папіломы чалавека4

Беларусбанк працягнуў акцыю па крэдытах на новабудоўлі

Мост з вуліцы Маскоўскай да плошчы Незалежнасці ў Мінску адкрыты3

Як Коля Лукашэнка наведаў краму пад Оршай і ўчыніў пярэпалах22

Пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў у Танзаніі: сотні загінулых4

Спецназ ГУР высадзіўся ў Пакроўску для стабілізацыі сітуацыі1

Трамп адмовіўся выключыць Венгрыю з санкцый супраць расійскай нафты7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі скардзяцца на жахлівы дэфіцыт кіроўцаў. А якія зарплаты ім прапануюць?4

У Беларусі скардзяцца на жахлівы дэфіцыт кіроўцаў. А якія зарплаты ім прапануюць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць