Рыжанкоў заявіў, што Беларусь выступае за як мага хутчэйшае аднаўленне нармальнага функцыянавання мяжы з Літвой
Лукашэнка сёння прыняў з дакладамі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, старшыню Памежнага камітэта Канстанціна Моластава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Нарада тычылася сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, якая закрыта літоўскім урадам з канца кастрычніка.
Беларусь выступае за як мага хутчэйшае аднаўленне нармальнага функцыянавання мяжы з Літвой. Пра гэта па выніках даклада Лукашэнку заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, піша БелТА.

«Лукашэнку данесена сітуацыя, якая складаецца на мяжы, пра меры, якія прымаюцца з беларускага боку з мэтай як мага хутчэйшага ўрэгулявання дадзенай сітуацыі і адкрыцця пунктаў пропуску. Перш за ўсё ў інтарэсах людзей — грамадзян Беларусі, Літвы, а таксама грамадзян трэціх краін, якія карысталіся гэтай мяжой у сваіх перасоўваннях.
Лукашэнкам даны адпаведныя даручэнні, як паскорыць працэс аднаўлення нармальных адносін з літоўскім бокам па пытанні функцыянавання дзяржаўных межаў», — сказаў міністр.
Канстанцін Моластаў заявіў, што органы памежнай службы Беларусі гатовыя да паўнавартаснай працы ва ўсіх пунктах пропуску, а таксама да любых змен абстаноўкі, якая складаецца на дзяржаўнай мяжы.
Іван Кубракоў праінфармаваў Лукашэнку пра сітуацыю ў памежжы, дзе з-за закрыцця Літвой пунктаў пропуску скапілася больш за 1 000 грузавых аўтамабіляў, у тым ліку пакінутых уздоўж праезнай часткі, а таксама пра выкананне раней дадзеных даручэнняў па перамяшчэнні гэтых аўтамабіляў на ахоўныя стаянкі.
Каментары