Грамадства

Фіналістка Алімпіяды-2008 у лёгкаатлетычнай эстафеце кіруе ў Брэсце гарадскім аўтобусам. Як так атрымалася?

Берасцейка Юліяна Рахманава (падчас спартыўнай кар’еры Юшчанка) запомнілася тым, што на 400‑метровай дыстанцыі годна супрацьстаяла амерыканскім, нямецкім і афрыканскім бягухам. Вяршыняй сваёй спартыўнай кар’еры яна лічыць пекінскую Алімпіяду 2008 года ( 4‑е месца з эстафетнай зборнай 4×400). З таго часу спорт з яе жыцця сышоў, а будні і святы Юліяна цяпер сустракае за рулём гарадскога аўтобуса, возячы жыхароў Брэста ў «Паўднёвы» ці на «Дуброўку», піша «Вечерний Брест».

— У лістападзе споўніцца год, як я працую ў КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт» кіроўцам. Кірую дызельным аўтобусам МАЗ-203, маршруты па Брэсту заўсёды розныя. Магу пачынаць дзень на маршруце №23, затым пераходзіць на №15. […]

Да гэтага 10 гадоў працавала на заводзе Gefest, але заробак не задавальняў. Некалі еду ў аўтобусе на працу, падымаю вочы і бачу аб’яву: патрабуюцца кіроўцы, можна без вопыту і без стажу. Думаю: а чаму б не паспрабаваць? Была страшна. Але я патэлефанавала, дамовілася, прыйшла. У мяне правы B, C, D, мне сказалі: «Калі ласка, навучайся, можна за наш кошт, можна за свой». Навучылася — і мяне ўзялі на працу.

Мне вельмі падабаецца фільм «Масква слязам не верыць», калі гераіня Алентавай кажа: «У 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца». Мне якраз споўнілася 40 гадоў, і я падумала: чаму б у 40 не змяніць жыццё на зусім іншую сферу? А раптам атрымаецца? […]

— Гаечныя ключы, спецвопратка і іншае — гэта ваша штодзённасць?

— Калі што-небудзь у аўтобусе ламаецца, пад’язджаю на яму да механіка і тлумачу сутнасць праблемы. Далей ён праводзіць агляд, піша заяўку, калі патрабуецца, і рамантуе. У пачатку змены я заўсёды правяраю ўсе вадкасці (антыфрыз, аліву і г.д.), ці няма працякання, гэта вельмі важна. Адкрываю каўпак, аглядаю таксама колы і іх мацаванне. Асабліва калі садзішся не ў сваю машыну, а ў перададзеную іншым кіроўцам па раскладзе. Заўсёды тэлефаную калегу і перапытваю: ці ёсць нюансы? І нават калі ён упэўнены, што ўсё ў парадку, я ўсё адно кантралюю.

— А ёсць дух салідарнасці ў кіроўцаў?

— Паколькі я жанчына, мужчыны-кіроўцы могуць трохі дапамагчы, падказаць. А ўвогуле, кожны за сябе.

— П’яныя пасажыры ў салоне — праблема?

— Бывае, сустракаюцца. Я заўсёды ветліва стаўлюся да п’яных, старых, немачных. Чакаю на прыпынку да апошняга, пакуль чалавек з кійком ці няўстойлівай хадой сядзе, і не рушу з месца. Ён упадзе — каму адказваць? Я сама перажываю за іх, нават на шкоду графіку. […]

— Якое са спартыўных дасягненняў лічыце самым вялікім? Чэмпіёнка Еўропы ў памяшканні ці ўдзел у Алімпіядзе?

— Фінал Алімпіяды, канечне, круцей. Мы ў Пекіне эстафетнай камандай занялі 4‑е месца, крыху не хапіла да 3-га. І ўсё адно я лічу гэта перамогай. Спорт — гэта цяжкая праца, якая не пакідае часу на іншыя жаданні і памкненні. Пастаянны рэжым: трэніроўкі, аднаўленне, працэдуры, адпачынак… Усё раскладзена. Калі класціся спаць, як праводзіць вольны час, бо недааднаўленне адбіваецца. Ты як робат, які ніколі не павінен зламацца.

15 гадоў — гэта вялікі тэрмін. Цяжкай працы. Вельмі. А калі спорт заканчваецца, ты як рыба, якая плавала ў вадзе і выкінутая на сушу. І ты не ведаеш, што рабіць, куды ісці, як уладкавацца ў жыцці. Так здарылася і са мной.

— А менавіта?

— Спорт скончыўся, у цябе вышэйшая спартыўная адукацыя. Куды ісці? Кажуць: у школу ці трэнерам у ДЮСШ. Але заробкі… Паверце, у мяне няма грандыёзных запытаў, але ёсць двое дзяцей, сын і дачка. Жыць трэба сёння. У асабістым жыцці таксама не гладка. Магчыма, спорт паўплываў на маю патрабавальнасць да мужчын. Тры разы была замужам, усе тры разы няўдала.

Вы мяне ведаеце па прозвішчы першага мужа — бегуна Мікалая Юшчанкі, пры ім ішла мая спартыўная кар’ера. У дзявоцтве — Жаўнярук. Цяпер — Рахманава, але гэты шлюб таксама скончыўся. Мужчыны, па-мойму, хочуць, каб за імі даглядалі, як за дзецьмі, а мне хочацца ўвагі, разумення, узаемапавагі, адпачынку хаця б нейкага, але, на жаль, у жыцці не так.

— Але прасвет ёсць?

— Праца, дачка. Сын ужо з намі не жыве, ён дарослы, вучыцца ў Мазыры на пекара-кандзітара. Дзяўчынка ходзіць у кругласутачны садок з-за майго графіку. Вяду яе на курсы для дашкольнікаў пры 15‑й школе. Ведаеш, я заўсёды казала пра сябе: усё жыццё сядзіш на табурэтцы, а марыш пра крэсла са спінкай. У гэтай ролі мне бачыцца моцны надзейны мужчына.

— Давайце пра 400 метраў…

— Гэта называецца доўгі спрынт. Патрэбна зусім іншая спецыфіка працы ў параўнанні з кароткімі дыстанцыямі (100 і 200 м). У пачатку дыстанцыі патрэбен хуткасны складнік, а на апошніх двухстах метрах — трываласць, бо дыханне спадае, цягліцы зацягваюцца. Пасля 300 метраў ногі нямеюць, цяжэюць, дыхаць цяжка, цела спыняецца, каменее. Але сілай волі трэба сабраць усё, што ў цябе ёсць, і выдаць на фінішы максімум.

— І ў гэты час міма мчацца кенійкі?

— Сапраўды! Яны ад прыроды моцныя, фізічна надзвычай вытрывалыя. Але ўсё ж на 400 метраў з імі яшчэ можна пазмагацца. Я адышла ад спорту, не сачу за апошнімі вынікамі. Але здагадваюся, што беларускі не на першых ролях у бегу. […]

Ты за трэніроўку перацягаеш ад 3 да 5 тон. А потым увечары трэба ўсё гэта разбегаць. Пасля штангі мышцы ператвараюцца ў камень. І калі іх не расцягнуць, не расслабіць, не зможаш устаць на наступны дзень. Таму — калі раніцай штанга, то вечарам бег. І абавязкова масаж!

Дарэчы, мне як кіроўцу гэтага вельмі не хапае. П’ю вітаміны, каб не дапускаць абвастрэнняў. Перш за ўсё вітамін D, калагены, раз на тыдзень наведваю басейн, раз на тыдзень — лазню з венікам.

— Вы шмат давалі інтэрв’ю?

— Мноства падчас спартыўнай кар’еры. А апошняе — 12 гадоў таму. Вельмі сумна, што калі спорт сканчаецца, сыходзіш — цябе забываюць, ніводнага запрашэння, нават раз у два гады, хаця б паштоўку на свята… […]

— Вы аднаго пакалення з Юліяй Несцярэнкай, Дзмітрыем Плотніцкім, сёстрамі Усовіч. Хто вашыя сябры?

— Мая сяброўка — Ганна Казак, калега па бегавой дарожцы (чэмпіёнка Еўропы ў памяшканні 2002 года, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы). Старэйшая за мяне на 10 гадоў, але мы роднасныя душы. Звонім, перапісваемся. Дзіма Плотніцкі таксама заўсёды на сувязі, працуе трэнерам у Брэсце. […]

— А яшчэ з брэсцкіх?

— Можа, гучыць жорстка, але калі займаешся спортам, сябровак няма. Мы ж суперніцы, якая можа быць дружба паміж намі?

— Але вы ў эстафеце бежыцё разам?

— Так, але ў эстафету трэба асабіста адбірацца, і кожны хоча гэтае месца. Таму мы ў твар «сю-сю-сю», але мы ваўкі паміж сабой. Адборачныя на свет, Еўропу — мы нават спрачаліся, сварыліся. У Стайках на зборах быў эпізод: адна зборніца ўвесь час абуралася — то палачку няправільна даюць, то хутка выбягаюць… Мы канфліктавалі, сварыліся, да бойкі ледзь не дайшло. […]

— Вам перад стартам кажуць: «Дайце медаль сёння!»?

— Не ў такой форме. Кажуць: «Дзяўчынкі, старайцеся». Мы і самі гатовыя стараць, гэта трэба і краіне, і нам асабіста. Ёсць жа і грашовы эквівалент. Я таксама трэніравалася, працавала, спаборнічала — аддавала ўсю сябе.

Думала, скончыцца спорт — у мяне такія планы на жыццё! Адкрыць свой бізнэс, падарожнічаць… Купілі ўчастак, паставілі каробку, набылі аўтамабіль. А тут развод, падзел маёмасці, і я засталася на мінімуме. Не верце на «чэснае слова»!

Калі дачка пойдзе ў спорт па маіх кроках, мне, як эмацыйнаму чалавеку, будзе вельмі цяжка на гэта глядзець (слёзы). Нават фільмы на спартыўную тэматыку выклікаюць выбух эмоцый.

Калі за рулём аўтобуса праязджаю міма стадыёна «Брэсцкі», заўсёды хочацца затрымацца хаця б на хвіліну. Не важна, ідуць спаборніцтвы ці не. Як быццам спорт скончыўся, а душа твая яшчэ там.

Каментары

Цяпер чытаюць

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Усе навіны →
Усе навіны

«Інтэрнэт у канкрэтнага абанента можа стаць яшчэ больш павольным». Каму дапамогуць штрафы за дрэнную сувязь?

Ютуб выдаліў канал Аляксея Талая7

У Літве расказалі, ці просяць ЗША вярнуць транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпеду2

Іван Краўцоў патлумачыў, у чым галоўнае адрозненне яго пазіцыі ад пазіцыі Офіса Ціханоўскай53

Лідар «Альтэрнатывы для Германіі» выступіў у абарону Пуціна і назваў Польшчу пагрозай для ФРГ18

Міністр замежных спраў Літвы назваў умову, калі Вільня можа адкрыць мяжу з Беларуссю11

Па стане на раніцу серады 14‑гадовага Максіма Зяньковіча не знайшлі. Якія асноўныя версіі знікнення1

Дыетолаг Ірына Яблонская (Кабасакал) расказала, як шматпакутна дабіралася з Канарскіх астравоў да Беларусі17

У Мінску з уседарожніка выпала дзіцячая люлька

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць