У Швецыі рэзка ўзрасла колькасць сэксуальна залежных людзей. Усё пачалося з публікацыі кнігі
З верасня ўсё больш шведаў звяртаюцца па дапамогу ад сэксуальнай залежнасці. Некаторыя клінікі нават пашыраюць свае праграмы тэрапіі. Што адбываецца ў скандынаўскай краіне?

У Швецыі іх ведае амаль кожны. Крыстафер Вольтэр і Джулія Дуфвеніус — адна з самых вядомых акцёрскіх пар краіны. Яны жанатыя амаль тры дзесяцігоддзі і выхоўваюць дваіх дзяцей. Аднак іх вобраз ідэальнай сям'і, як піша Tagesspiegel, нядаўна атрымаў сур'ёзную расколіну.
Усё пачалося з таго, што Вольтэр публічна прызнаўся ў сваёй сэксуальнай залежнасці. Ён расказаў, што на пачатку адносін здрадзіў жонцы з больш чым 80 жанчынамі і адкрыта заявіў: «Я — сэксуальна залежны».
Прызнанне мужчына зрабіў на старонках сумеснай з жонкай кнігі «Сардэчна запрашаем у наш шлюб». З моманту яе выхаду ў верасні колькасць людзей, якія шукаюць дапамогі ад сэксуальнай залежнасці, рэзка падскочыла.

Клінікі пашыраюць прапановы
Па словах кіраўніка адной са спецыялізаваных стакгольмскіх клінік, звычайны паток пацыентаў у гэты перыяд складае ўсяго два-тры чалавекі на тыдзень. Аднак за апошні час гэтая лічба падскочыла да дзесяці-пятнаццаці зваротаў штотыдзень. Такім чынам, попыт павялічыўся амаль у восем разоў.
Падобную тэндэнцыю пацвярджае і даследаванне шведскага выдання Dagens Nyheter. Вядомая ўніверсітэцкая бальніца таксама паведамляе пра значны рост запытаў на лячэнне кампульсіўных сэксуальных паводзін. У выніку ўстанова не толькі пашырыла ўласныя паслугі, але і пачала кансультаваць меншыя бальніцы, каб яны таксама маглі прымаць новых пацыентаў.
На думку спецыялістаў, усё гэта можа быць вынікам шырокага медыйнага асвятлення: выступленні пары ў ток-шоу, інтэрв'ю і сама гісторыя прыцягнулі ўвагу грамадства да праблемы.
Што такое сэксуальная залежнасць з медычнага пункту гледжання?
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) афіцыйна класіфікавала «сэксуальную залежнасць» як хваробу, уключыўшы яе ў Міжнародную класіфікацыю хвароб (МКХ) толькі ў 2019 годзе. Гэта мела велізарнае значэнне для пацыентаў, бо без афіцыйнага прызнання яны не маглі атрымаць тэрапеўтычную дапамогу за кошт медыцынскай страхоўкі.
Пры гэтым спецыялісты тлумачаць: гаворка ідзе не пра «залежнасць» у класічным разуменні, а пра кампульсіўны сэксуальны разлад, які адносіцца да групы парушэнняў кантролю імпульсаў. Дыягназ ставіцца, калі чалавек на працягу не менш за паўгода не здольны кантраляваць моцныя сэксуальныя імпульсы, і гэта сур'ёзна ўплывае на сямейнае, працоўнае або сацыяльнае жыццё.
Такім чынам, ключавым фактарам з'яўляецца не колькасць партнёраў, а ступень пакут і страта кантролю, з якімі чалавек не можа справіцца самастойна.
Спрэчная рэакцыя і гендарны аспект
У самой Швецыі рэакцыя на публічную «парную тэрапію» была неадназначнай, а кнігу шмат хто раскрытыкаваў.
Многія крытыкі абвінавацілі пару ў спробе апраўдаць «брудныя паводзіны» медыцынскім дыягназам. Калумніст Dagens Nyheter Алекс Шульман напісаў, што Вольтэр прыхарошвае «свінскія паводзіны», называючы іх хваробай.
Спецыялісты таксама адзначаюць, што не ўсе, хто цяпер звяртаецца па дапамогу, сапраўды пакутуюць ад кампульсіўнага сэксуальнага разладу. Каб вызначыць сур'ёзнасць сітуацыі, з кожным новым пацыентам праводзіцца ацэначнае інтэрв'ю. Падчас яго дактары правяраюць, ці сапраўды стан чалавека адпавядае афіцыйным крытэрыям хваробы. Паводле назіранняў, прыкладна ў 20% выпадкаў дыягназ не пацвярджаецца.
Цікава, што пераважная большасць тых, хто шукае дапамогі, — мужчыны. Спецыялісты сцвярджаюць, што на кожных трох-чатырох мужчын, якія праходзяць лячэнне, прыпадае толькі адна жанчына.
На іх думку, гэта звязана з тым, што ў грамадстве ўсё яшчэ існуе «састарэлае ўяўленне пра жанчыну»: прызнанне ў сэксуальнай залежнасці для яе часта звязана з моцным пачуццём сораму. Мужчынская сэксуальная кампульсіўнасць можа ўспрымацца як нешта «нармальнае», у той час як для жанчыны ёсць рызыка адразу пачуць, што яна «распусная».
Як Стакгольм перамог заторы без абурэння жыхароў
Да прэзідэнткі Мексікі на вуліцы прычапіўся мужчына і паклаў ёй рукі на грудзі ВІДЭА
Навукоўцы высветлілі, чаму некаторыя людзі ніколі не займаюцца сэксам
Амерыканскую настаўніцу абвінавачваюць у 50 сэксуальных кантактах з вучнем. З іх 45 — непасрэдна ў школе
Каментары