У Таліне адмянілі канцэрт гурта Limp Bizkit з-за прарасійскіх поглядаў саліста
У Таліне адмянілі канцэрт амерыканскага гурта Limp Bizkit з-за палітычных поглядаў вакаліста Фрэда Дэрста, якія выклікалі пытанні ў эстонскіх уладаў і грамадства, паведамляе Delfi.ee.

У Міністэрстве замежных спраў Эстоніі заявілі, што «прыхільнікам дзяржавы-агрэсара няма месца ні ў Эстоніі, ні ў эстонскай культурнай прасторы».
Палітычныя погляды Дэрста выклікалі асабліва рэзанансную ўвагу. У 2015 годзе ён выйшаў на сцэну з плакатам «Крым — Расія», адкрыта хваліў Уладзіміра Пуціна, называючы яго «выдатным хлопцам», а таксама меў намер набыць нерухомасць у анексаваным Крыме.
Арганізатары канцэрта ў Эстоніі, агенцтва Baltic Live Agency, спрабавалі патлумачыць яго паводзіны тым, што да 2019 года Дэрст, маўляў, быў жанаты з жанчынай з Крыма і, магчыма, быў пад уплывам скажонага інфармацыйнага асяроддзя.
Аднак пазней, у 2023 годзе, Дэрст ужо памяняў публічныя паводзіны: ён выклаў у сацсетках відэа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, дзе той нясе белы сцяг пад песню гурта Loser. Гэта нібыта сведчыць пра тое, што музыкант змяніў свой погляд на канфлікт.
У агенцтве таксама адзначылі, што суарганізатаркай канцэрта выступае ўкраінская кампанія NTR Team, кіраўнік якой, Аляксандр Парадчанка, — актыўны прыхільнік і патрыёт Украіны.
У выніку, аднак, арганізатары прынялі рашэнне адмяніць канцэрт, каб пазбегнуць супярэчнасцяў і негатыўнага рэзанансу ў эстонскім грамадстве.
Каментары