За забойства чалавека ў ІЧУ Барысава арыштавалі двух зэкаў-рэцыдывістаў і 26‑гадовага міліцыянера Кляшчонка
Усё кіраўніцтва Барысаўскага РУУСа адправілі ў адстаўку.

У ліпені 2025 года ў Барысаве раптоўна памянялі ўсё кіраўніцтва раённай міліцыі. Пакінуў пасаду начальнік РУУСа Сяргей Салавей (гэта ён у 2020 годзе шчыраваў у Салігорску, асабіста кіруючы жорсткімі затрыманнямі дэманстрантаў, а пасля пайшоў на павышэнне).
Вылецеў і яго першы намеснік Міхаіл Мурашкін — былы губазікавец, які падчас падзей 2020 года быў сярод начальнікаў жодзінскай міліцыі, за што трапіў у еўрапейскія санкцыйныя спісы.
Звольнілі і начальніка крымінальнай міліцыі Ігара Пазнякова, і начальніка аператыўна-дзяжурнай службы Валерыя Бандарэнку — а гэты займаў пасаду толькі паўгода.
Што ж за землятрус адбыўся ў Барысаве? Падрабязнасці шакуючай гісторыі сталі вядомыя дзякуючы сведчанням былога палітвязня Ігара Лосіка. У пачатку 2025 года ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. За дзень да прэзідэнцкіх выбараў да яго ў камеру закінулі дзіўнага рэцыдывіста.
«Увесь сіні, у кучы татуіровак са свастыкамі, перабітымі, завуць Вячаслаў Швец, яму 48 гадоў, з якіх 31 год адседжаных», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Ігар Лосік.
У СІЗА КДБ утрымліваюцца не самыя звычайныя арыштанты — часцей за ўсё там сустракаюцца чыноўнікі-карупцыянеры, бізнэсмены, некаторыя з палітвязняў. І вось гэтага маргінала Швеца — паводле інфармацыі Belpol, у яго ў анамнезе ўжо 12 судзімасцяў: краў мабільнікі, веласіпеды, нават некалі абчысціў касцёл у Барысаве — адправілі не ў звычайнае «міліцэйскае» СІЗА, а пад кантроль КДБ. Што ж ён нарабіў такога?

Аказваецца, у барысаўскім ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання, знаходзіцца фактычна ў памяшканні РУУСа) міліцыянеры арганізавалі спецыяльную «прэс-камеру», дзе з затрыманых выбівалі прызнальныя паказанні. Аднак не рукамі саміх сілавікоў, а вось такіх рэцыдывістаў — Швеца і яго суседа Аліева. Аліеў мае азербайджанскае паходжанне, але жыў у Баранавічах. Пакуль што пра яго сабрана менш інфармацыі.
Па словах Лосіка, у камеры, дзе ўтрымлівалі Швеца і Аліева, былі тэлефон, тэлевізар, любая ежа, гарэлка і нават наркотыкі.
Юрыдычнага абгрунтавання таго, чаму яны знаходзяцца ў ІЧУ, няма. Па агульнай практыцы затрыманыя па крымінальнай справе знаходзяцца там не больш за 10 сутак (а па большасці артыкулаў — да 3 сутак), пасля чаго іх перавозяць у СІЗА. Калі ж іх прысуд уступіў у сілу, то іх адпраўляюць з СІЗА ў калонію ці турму. Аднак прынамсі ў выпадку з асуджанымі міліцыя практыкуе такое адхіленне ад закона — некаторых крымінальных аўтарытэтаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва з сілавікамі, фармальна афармляюць як супрацоўнікаў гаспадарчага атрада, але ў рэальнасці пакідаюць у камерах. Са сваёй камеры яны павінны кантраляваць жыццё іншых арыштантаў, пры патрэбе такія аўтарытэты (ці проста зняволеныя вялікай камплекцыі) могуць быць і на чале «прэс-камер».
Як расказаў Лосік, у канцы студзеня 2025 года Швец і Аліеў перастараліся з выбіваннем паказанняў з 59‑гадовага жыхара Барысава. «Білі нагамі, рукамі і бутэлькай з вадой па галаве. У выніку ён памёр», — даведаўся Лосік. Міліцыянеры, якія працавалі ў ІЧУ, не перашкодзілі гэтаму.

За парадкам у камерах сочыць кантралёр. У некаторых ІЧУ ў камерах расстаўленае відэаназіранне, у іншых для агляду ёсць спецыяльнае вочка ў дзвярах. Аднак нават калі ў камеры адбыўся нейкі інцыдэнт і трэба тэрміновая дапамога, у мэтах бяспекі міліцыянер не мае права ўваходзіць у камеру адзін, ён павінен спачатку выклікаць узброенае падмацаванне.
Праз які прамежак часу збітаму жыхару Барысава сталі аказваць дапамогу, невядома. Няма пацверджанай інфармацыі і пра асобу забітага мужчыны.
Справай аб забойстве ў міліцэйскай установе заняўся КДБ, таму Швеца і Аліева і перавялі ў профільнае СІЗА. Там уначы іх нават прышпільвалі да нараў кайданкамі за дзве рукі, каб раптам чаго не выйшла.
«Я гэтых дваіх (Швеца і Аліева. — НН) памятаю: на ўсю «амерыканку» (СІЗА КДБ) стаялі жахлівыя крыкі. Гэта было ў пачатку гэтага года. І гэта было незвычайна: кадэбісты сябе лічаць элітнай кастай, якая да метадаў сілавога ўздзеяння не апускаецца. А тут — кожную раніцу і кожны вечар крыкі, воплі, ругань, кантралёры злыя як чэрці…
[Аднойчы] да нас [у камеру] трапіў чалавечак, які ведаў падрабязнасці: сказаў, што адзін з іх забіў чалавека, а другі нібы сведка. Што КДБ капае пад мянтоў, і таму іх перавялі ў «амерыканку», і што справа вельмі сур’ёзная. А прычына крыкаў у тым, што паводзіць яны сябе не ўмеюць (на «амерыканцы» свае правілы, якія выконваюцца жорстка, і ніякія «паняцці» і «блатаванне» там не дапушчальнае) і што іх так ламаюць. Вытрымалі яны гэты рэжым недзе месяц, потым усё супакоілася, хаця часцяком здараліся абвастрэнні», — дадае былы палітвязень Юрась Зянковіч, які таксама быў у СІЗА КДБ у той час.
«Вельмі хутка аднаго раскалолі, той зразумеў, што сэнсу адпірацца няма, усё трапіла на камеру, і запіс на гэты раз не ўдалося схаваць. Другі супраціўляўся даўжэй, але таксама здаўся. У выніку назбіралі паказанняў столькі, што, калі ісці паводле закона, то вельмі шмат крымінальных спраў трэба пераглядаць, таму што прызнанні па іх былі выбітыя сілай гэтымі двума. Яны назвалі шмат прозвішчаў: хтосьці яшчэ сядзіць, хтосьці вызваліўся, і следчыя па ўсёй краіне ездзілі і бралі паказанні ў зняволеных, якіх збівала гэтая пара», — працягвае Лосік.
Зняволеных дапытвалі следчыя КДБ, яны і расследавалі справу супраць міліцыянтаў, якія не маглі не ведаць пра схему з выбіваннем паказанняў. Зрэшты, усё кіраўніцтва барысаўскай міліцыі звольнілі, аднак пакінулі на свабодзе.
А начальніка Барысаўскага РУУСа забралі ў Мінск — цяпер Сяргей Салавей начальнік Акадэміі МУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні.
Аднак прынамсі адзін міліцыянер быў арыштаваны, і «Нашай Ніве» стала вядома яго імя.
Пакуль незразумела, якую менавіта ролю адыгрываў 26‑гадовы Антон Кляшчонак у схеме з выбіваннем паказанняў. Магчыма, менавіта ён быў дзяжурным у тую ноч, калі ў ІЧУ забілі чалавека. Адметна, што хоць забойста адбылося яшчэ ў студзені 2025 года, Кляшчонка арыштавалі зусім нядаўна. Апошні раз ён быў анлайн «Укантакце» а 6‑й раніцы 11 лістапада. Хутчэй за ўсё, у той дзень яго і не выпусцілі з чарговага допыту.

Міліцыянер падпісаны ў сацсетках як «Тоні Кляшчонак» з маланкай у канцы імені. У тэлефонных кніжках іншых людзей ён запісаны як «Антон Дзмітрыевіч Участковы», «Следчы», «Антон УІІ (Крымінальна-выканальная інспекцыя) Кляшчонак», «Нагляд Антон Дзмітрыч», «Мент».
Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», Антон Кляшчонак скончыў школу №13 у Барысаве. Пасля, мяркуючы па базах, нейкі час вучыўся ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы. Па стане на пачатак 2021 года Тоні Кляшчонак ужо працаваў у барысаўскай міліцыі. Ён у разводзе, былая жонка засталася з малым дзіцём.

Прынамсі аднаго з зэкаў-рэдыцывістаў будуць судзіць за забойства. Наконт другога пэўнасці няма — ці яго лічаць саўдзельнікам групавога забойства з асаблівай жорсткасцю, ці проста сведкам. Невядома і тое, які артыкул інкрымінуецца Кляшчонку. Калі толькі халатнасць, якая прывяла да смерці чалавека, то ён можа абмежавацца трыма гадамі «хіміі» ці двума гадамі калоніі. Калі ж міліцыянера палічаць арганізатарам злачыннай схемы, то яго будуць судзіць па тым жа расстрэльным артыкуле, што і непасрэднага выканаўцу.
Дарэчы, у найноўшай гісторыі Беларусі ўжо было забойства за кратамі. У 2012 годзе рэцыдывіст Рыгор Юзэпчук у камеры магілёўскай турмы забіў свайго суседа Ігара Хадакова. Як мяркуюць праваабаронцы, прычынай была гомасэксуальная арыентацыя Хадакова. За тое забойства за кратамі 45‑гадовага Юзэпчука расстралялі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы
Каментары
Што трэба адзначыць, калі б гэта было нешта звычайнае і чарговае, ніхто б нікога не звольніў, а так гэта быў аўрал. І яшчэ, як бачым, ніхто "сваіх" не стаў пакрываць і ТАКОЕ парушэнне закона не з'яўляецца норм у краіне.
Гэта добрая навіна для ўсіх нас.