Пра невядомыя раней эпізоды Слуцкага паўстання піша Ніна Стужынская.
Гераічная гісторыя натхняе, напаўняе пачуццем гонару, адкрывае новыя далягляды. На грунце мінулага будуюцца перспектывы.
Без агульнай гісторыі губляюцца адзінства нацыі, магчымасці паспяховага развіцця -- тое, што можна абазначыць як драйв жыцця.
Веданне гісторыі і павага да яе лучыць, спрыяе дыялогу. Нацыя – не зграя, тым больш не статак. Абваліліся ідэалагічныя заслоны і мы зразумелі, што не ўвесь час і не ўсе ў Беларусі хадзілі ў савецкай чарадзе.
Іх імёны зусім нядаўна выйшлі з архіваў на святло жыцця.
Браты Богданы, Іван і Мітрафан, Пётра Еўстрад і Міхась Бірыч былі сярод добраахвотнікаў, што ў лістападзе 1920-га запісаліся ў Першы Слуцкі полк, калі Рада Случчыны аб’явіла мабілізацыю ва ўзброеныя сілы БНР.Яны былі землякі: з вёскі Рачкавічы Чапліцкай воласці (цяпер – Слуцкі раён). Хутчэй за ўсё, добраахвотнікаў з вёскі было болей, але крыніцы ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці раскрылі пакуль толькі іх імёны.
Пры канцы лістапада 1920 г. Першы Слуцкі полк займаў участак фронту ад Семежава да Вызны – каля 20 км. Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада.
Тым, хто сумняецца ў “сапраўднасці” Слуцкага паўстання, варта пачытаць савецкія крыніцы – сапраўдныя франтавыя зводкі.“Семежава -- сталіца Беларускай Рады. Цяжкая праца, – спачувала бальшавіцкая газета “Звезда”, – выпала на долю семежаўскага рэўкома, які ахапіў раён па фронту на 70 верст і толькі што быў вызвалены ад беларускіх банд… Буржуазная Рада паспрабавала зноў авалодаць Семежавам, што ёй і ўдалося. Таксама яны авалодалі і іншымі савецкімі населенымі пунктамі і ўжо марылі пра захоп Слуцку...” “...18 снежня беларускія войскі ўварваліся ў мястэчка Семежава і Вызну”, -- паведаміляў у справаздачы і слуцкі ваенком.
У гэтых падзеях, пра якія з трывогай пісаў савецкі друк, бралі ўдзел і хлопцы з Рачкавіч.
“Был деятелем при Белорусской оккупации”
Яны не былі навічкамі ў беларускай справе.
Міхась Бірыч да паўстання, па распараджэнні Слуцкай Рады, быў камендантам Вызны (цяпер Чырвоная Слабада Салігорскага раёна), Іван Богдан быў войтам і кіраваў мабілізацыяй.“Он был деятелем при Белорусской оккупации, издавал приказы о мобилизации населения для изгнания большевиков из Белоруссии…” – засведчыць пазней агентурная даведка. Гэта ж трэба дадумацца: вінаваціць мясцовага чалавека ў акупацыі ўласнай зямлі! Цынізм і нахабства прасякае ўсю тагачасную палітыку саветаў на беларускіх землях.
Праўда, Богданаў загад пра мабілізацыю ў Першую Брыгаду БНР, накіраваны ім у родныя Рачкавічы і навакольныя вёскі, сяляне ўспрынялі з насцярогаю, а прадбачлівы старшыня Рачкавіцкага сельскага савета схаваў паперу ў шуфляду.
Дзякуючы таму старшыню, а дакладней, яго даносу, мы сёння ведаем імёны братоў Богданаў, Еўстрада і Бірыча. Даносы, сведчанне праяў таемных людскіх жарсцяў, настрояў і непрыгожых паводзін -- змястоўныя крыніцы для рэканструкцыі гістарычных падзей.Асабліва ў часы глабальнага перадзелу маёмасці і ўлады.
“Жывуць вельмі арганізавана, адзін другога не здадуць…”
15 жніўня 1921 г. начальнік асобага памежнага паста № 4 упаўнаважаны Розаў з заявы мясцовага старшыні сельсавета Ч. (з этычных меркаванняў не пазначаю яго прозвішча) даведаўся, што Іван Богдан вярнуўся «з бандытызму» ў родныя мясціны. (Гэта, трэба разумець, ваяры Брыгады БНР, пасля адступлення на польскую тэрыторыю, вярталіся дадому з лагераў для інтэрнаваных ўвесну 1921-га.)
Але данос інфармаваў, што Богдан з хаўруснікамі зброі не склалі.У раёне Вызны дзейнічае партызанскі аддзел, паведамляў старшыня сельсавета. Ім кіруе Богдан...
Паўстанцы мелі дыслакацыю ў лесе побач з засценкам Апаміны. Жыхары забяспечвалі іх харчаваннем. (“Куплялі свіней і перадавалі ў лес”, – быў падрабязным у дэталях чырвоны агент.)Галоўным у службе забяспячэння быў швагра Міхася Бірыча – Васіль Дубовік. Міхась пакідаў у дупле дрэва запіскі: што і колькі трэба падрыхтаваць. Схема пастаўкі прадуктаў была распрацаваная так, што вяскоўцы-пастаўшчыкі не сустракаліся і не ведалі адзін аднаго.
Дубовік размяркоўваў абавязкі сярод жыхароў засценка, сам у Слуцк не рызыкаваў паказвацца: па справах дасылаў людзей. Сексот, які забяспечваў інфармацыяй упаўнаважанага Розава, пісаў у чарговым данясенні: “…усе жыхары гэтага засценка ведаюць, што ў іх творыцца… Жывуць яны вельмі арганізавана, адзін другога не здадуць… А ў гэты час у іх у лесе апераваў атрад бандытаў Богдана Івана…”
“Склалі спісы камуністаў і палохалі іх”
Са змястоўнага дакумента, агентурнай даведкі, можна даведацца, што Бірыч і Еўстрад служылі і служаць (!) у Першай Беларускай Брыгадзе, а адначасова з’яўляюцца агентамі польскай выведкі. Яны збіраюць звесткі аб становішчы ў павеце, колькасці і размеркаванні чырвоных. Яны, калі верыць даносу, склалі спісы камуністаў і палохалі іх вяртаннем палякаў.
На самой справе Пётра служыў ў выведцы Слуцкага палка пад кіраўніцтвам Яўгена Рэўта. Яшчэ да рашэння Рады Случчыны пра арганізацыю войска БНР, ён у сваіх мясцінах клапаціўся аб фармаванні ўзброеных атрадаў, якія сталі асновай двух палкоў -- Слуцкага і Грозаўскага.
Аднавяскоўцы былі ўдзячныя Еўстраду за заступніцтва перад польскай уладаю. Цікава, што ў Слуцку Пётра пачынаў служыць ў каравульнай роце, дзе, дарэчы, пад кіраўніцтвам Рамановіча праходзілі службу і будучы кіраўнік паўстання Павал Жаўрыд, і Аляксандр Маркевіч, каптэрнамус Слуцкага палка і шмат хто яшчэ з будучых паўстанцаў. Там, хутчэй за ўсе, Еўстрад і пранікся ідэямі паўстанцаў.
Фатальная Параска
Расправа з непрыемнымі суседзямі рукамі новай улады -- з’ява па тых часах нярэдкая.
Якія прычыны меў даносчык, каб пісаць у “органы”?Было гэта жаданне новай вясковай вярхушкі засведчыць чырвонай уладзе сваю адданасць? Ці, можа, спроба адпомсціць тым, хто варожа ставіўся да яго, прадстаўніка саветаў, раней? А мо сардэчная інтрыга?
Бо старшыня з сімпатыяй паглядаў на Параску Бірыч, 27-гадовую самотную вясковую прыгажуню, якая мела ва “ўхажорах” Богданавага сябрука, Міхася Бірыча.
З даносаў вынікае, што ведаў старшыня няшмат. Асноўнай крыніцай інфармацыі, відаць, былі ўсё тая ж Параска Бірыч ды старшынёўская фантазія. Тым не менш, справа закруцілася...
Слабасць улады
У пачатку 1920-х савецкая ўлада ў Беларусі была слабая.
Да былых удзельнікаў паўстання ставіліся паблажліва -- інакш, трэба было б арыштаваць добрую палову маладых мужчын павета. Звычайна з іх проста бралі грашовае спагнанне.Нават у сярэдзіне 1920-х, калі бальшавікі адчулі, што перамагаюць, і пачалі паказальныя працэсы над случакамі, суд абмяжоўвалася невялікімі тэрмінамі.
Таму дзіўна, што хлопцаў спасціг такі трагічны лёс. Магчыма, у справе іх выкрыцця і арышту вялікую ролю адыграла настойлівасць старшыні, які пагражаў начальніку ДОПРа, што і на яго данясе слуцкім чэкістам, калі Бірыч і Еўстрад не будуць узяты пад варту.
Арышты
15 жніўня ў лесе побач з Апамінамі быў арыштаваны Міхась Бірыч. У верасні быў затрыманы Пётра Еўстрад. Была распачата справа і супраць іх сваякоў. Сакрэтнаму супрацоўніку памежнага адзялення №4 Заходняга фронту, нейкаму Віктару Шварцу, быў выдадзены ордар на вобшук і арышт Цімафея Бірыча, бацькі Міхася, які хаваў зброю для партызан.
Арышту падлягаў і Мікалай Казак, вядомы на ўсю акругу партызан з вёскі Еўлічы. Але яму ўдалося пазбегнуць затрымання, яго слава неўлоўнага баевіка яшче доўга кацілася па навакольных вёсках.
На волі заставаўся Іван Богдан. Яго сям’я была рэпрэсаваная, маёмасць перададзеная ў “комкрасхоз”, бацькоў выслалі ў Архангельск... Аддзел Богдана яшчэ пэўны час апераваў у родных мясцінах.Далейшы лёс братоў пакуль невядомы.
Дарэчы, пастанову з абвінавачаннем у бандытызме Івана і Мітрафана Богданаў падпісаў начальнік Слуцкага палітбюро (савецкага карнага органу) Бакіеў. Ёсць звесткі, што для падаўлення Слуцкага паўстання выкарыстоўваліся так званыя інтернацыянальныя брыгада. Кітайцы былі, чаму б не быць і сыну кыргыз-кайсацкіх стэпаў?
Бірыч не вытрымаў
Людзей сялянскай супольнасці звязвалі рознага кшталту сувязі -- сваяцкія, сяброўскія, прыязныя і варожыя, вертыкалі і гарынзанталі адносін. Таму не дзіва, што начальнік крымінальнага вышуку, нехта Маскаленка, дапамог Богдану і іншым здабыць дакументы для вяртання ў родную вёску. А
следчы па справе Пётры Еўстрада, нехта Якубовіч, папярэдзіў хлапца, што яго сябра Міхась Бірыч не вытрымаў выпрабаванняў і перад тым, як скончыць жыццё самагубствам (ён павесіўся у слуцкай турме), засведчыў, што Еўстрад быў разам з ім “у бандзе”...
Дый ці самагубства гэта было?
Следства старанна абвінавачвала Бірыча ў яўрэйскіх пагромах у Вызне, Макранах, Морачы, Магільне – з гвалтам і рабункамі. Ці верыць у гэта?Старшыня ў даносе спасылаўся на аповяд Параскі Бірыч. Але на допыце жанчына пакажа, што нічога не ведае канкрэтна, толькі чула размову каханка-паўстанца з яго бацькам.
Дый навошта рабаваць? Богданы і Бірычы былі людзьмі дастаткова заможнымі. А сяляне з дастаткам мелі павагу да чужой уласнасці.
Да таго ж
названыя вёскі -- месцы, дзе адбыліся ўзброеныя сутычкі з аддзеламі Чырвонай арміі. Калі б слуцкія паўстанцы праявілі тады хоць найменшы антысемітызм, бальшавіцкая прапаганда разнесла б гэта на паўсвету.
Усё ж у гэтай трагічнай гісторыі застаецца шмат няяснага. Няма нават фота яе герояў, шырэйшых біяграфічных звестак.
Запоўніць прабелы мы здолеем, калі з’явіцца вольны доступ да архіваў КДБ. Магчыма там, у засакрэчаных папках, ляжаць адказы на пытанні, як загінуў Міхась Бірыч і куды далей павёў лёс братоў Богданаў.
«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

Каментары