Памяцi вучонага
Русь — Литва — Беларусь. Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. По материалам международной научной конференции, посвящённой 90-летию со дня рождения Н.Улащика (Москва, 31 января 1996 г.). — Москва: Наследие, 1997.
Гэты зборнiк выдадзены да 90-х угодкаў з дня нараджэньня славутага беларускага гiсторыка Мiколы Ўлашчыка i складаецца з дзьвюх частак. У першай зьмешчаныя паведамленьнi, што прагучалi на маскоўскай канфэрэнцыi ў студзенi 1996 году, прысьвечанай памяцi Мiколы Ўлашчыка; у другой — матэрыялы з архiву выбiтнага гiсторыка.
Магло так здарыцца, што зборнiк стаўся б кнiгай дыфiрамбаў на адрас юбiляра. Не атрымалася. Бiяграфiя ва Ўлашчыка трагiчная. Ды i некаторыя прамоўцы не далi падставаў для дыфiрамбаў. Вельмi паважаны расейскi акадэмiк (Сiгурд Шмiдт — Рэдакцыя) настойлiва праводзiў думку, што Ўлашчык — гэта гiсторык праблемаў «Заходняй Русi». Пры гэтым мелiся на ўвазе падрыхтоўка рэформы 1861 г. у Беларусi i археаграфiчная выдавецкая дзейнасьць таксама ў Беларусi ў ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Вось i маем, што наш славуты гiсторык вывучаў зусiм не Беларусь, а нешта «заходняе». Дзякуй Богу, што не «паўночна-заходняе».
Двухсэнсоўны камплiмэнт атрымаў Улашчык i «ад рэдкалегii». Аказваецца, ён — гэта «прадаўжальнiк расейска-беларускай духоўнай роднасьцi». Хутчэй наш зямляк быў ахвярай роднасьцi расейска-беларускiх карных службаў. Не па сваёй волi Мiкола Ўлашчык апынуўся ў Маскве, дзе вывучаў расейскiя летапiсы. I здолеў урэшце заняцца ўлюбёнымi iм беларускiмi крынiцамi. Ня здолеў толькi вырвацца з Масквы i вярнуцца ў Менск. Вось такая «роднасьць».
Больш цьвяроза падыйшоў да ацэнкi дзейнасьцi Мiколы Ўлашчыка вядомы расейскi дасьледчык У.Кучкiн. Нават задужа канкрэтна для юбiлейнага выданьня. З уласьцiвай яму стараннасьцю ён выявiў у шматлiкiх выданьнях расейскiх i беларускiх летапiсаў, што ажыцьцявiў М.Улашчык, безьлiч агрэхаў. Гэта была б каштоўная рэцэнзiя на працы беларускага гiсторыка — у свой час, зразумела.
Найбольш цiкавыя ў кнiзе тэксты самога Мiколы Ўлашчыка. Укладальнiкамi кнiгi яны падзеленыя на «матэрыялы да бiяграфii», «навуковыя працы» i «лiсты». Сярод першых ёсьць, можа, ключавы дакумэнт да грамадзянскай бiяграфii гiсторыка. Гэта ўрывак з паказаньняў арыштаванага М.Улашчыка пад час сьледзтва па справе «Саюза вызваленьня Беларусi» ў лiпенi 1930 году. Арыштаваны паказаў, што ўлетку 1927 году ў час чарговага адпачынку быў на Ўкраiне, у Кiеве. Гэтая краiна на яго зрабiла вялiкае ўражаньне. Як паведамляў Улашчык, у ягонай галаве моцна сядзела думка, што ў недалёкай будучынi адбудзецца ваеннае сутыкненьне СССР з капiталiстычным сьветам, а разважаючы далей, ён прыходзiў да высновы, што такiя «перадавыя рэспублiкi» як Украiна, Грузiя павiнны ўтварыць самастойныя дзяржавы. I далей думаў: Беларусь маленькая, культурна адсталая, без багатых нетраў, зь неразьвiтай нацыянальнай самасьвядомасьцю, мела вельмi мала шанцаў на ўласную дзяржаўнасьць, i таму вялiкая адказнасьць ускладаецца на нацыянальна сьвядомую беларускую iнтэлiгенцыю. «Тым больш высiлкаў павiнны былi мы прыкласьцi да таго, каб умацаваць усе перадумовы для будучай арганiзацыi незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi. Такая ў мяне была плынь думак, калi я вярнуўся з Украiны».
Вось тут можна сказаць, што Мiкола Ўлашчык — «прадстаўнiк ураiнска-беларускай духоўнай роднасьцi» i яшчэ раз падзякаваць украiнцам. Працягу паказаньняў, а дакумэнт захоўваецца ў архiве КГБ Беларусi, складальнiкi кнiгi не даюць. Цiкава, што там яшчэ хаваецца? Пэўна ж, тры «адсiдкi» Ўлашчыка пакiнулi ў архiвах адпаведных установаў шмат сьлядоў. Яны пакiнулi сьляды i ў характары вучонага. Пра яго расейскi акадэмiк М.Цiхамiраў казаў: «цiхая беларуская ўпартасьць», тую ж «беларускую цiхасьць» адзначаў В.Буганаў. Можа, то была гулагаўская цiхасьць? Жыцьцё прымушала ўцягваць галаву ў плечы. Адна з пэрлiнаў Улашчыкавай спадчыны — кароткi ўрывак мэмуараў пад назвай «Як я стаў знакамiтым». Сапраўды, трапiць у перадавiцу газэты «Праўда» — гэта стаць знакамiтым, калi б то не былi данос i 1940 год. Канечне, пасьля такiх перадавiцаў трэба было быць «цiхiм беларусам».
Чытаючы кнiгу, застаецца яшчэ раз пашкадаваць, што Мiкола Ўлашчык так i ня скончыў дасьледаваньне пра беларускiя мэмуары. Складальнiкi зборнiка зьмясьцiлi некаторыя ўрыўкi зь меркаванага выданьня. Разгледзеўшы «Дыярыюш» Афанасiя Фiлiповiча i публiкацыю помнiка беларускiм гiсторыкам лiтаратуры А.Коршунавым, М.Улашчык ня здолеў адшукаць добрых словаў на адрас абодвух. Не дачакаўся гэтага i мэмуарыст пачатку ХХ стагодзьдзя Эдвард Вайнiловiч. Каго ўхвалiў бы наш выбiтны гiсторык? I на каго зважаць будучым беларускiм мэмуарыстам? На жаль, пасьля Ўлашчыка не знайшлося ахвотных адказаць на такое пытаньне. Можа, яны знойдуцца пасьля больш поўнага выданьня навуковай спадчыны нашага вялiкага Вучонага.
Валеры Пазьнякоў
50 гадоў да зьнiкненьня вёскi
В.Сакович. Белорусское село в 70-90-е годы: миграция населения, трудовые ресурсы. — Менск: НАН Беларусi, Iнстытут гiсторыi, 1997. 168 ст.
... З 1992 году, упершыню за ўсе паваенныя гады, колькасьць беларусаў пачала няўхiльна зьмяншацца. У апошнiя тры гады колькасьць памерлых у нашай краiне перавысiла народжаных ужо ў два разы. Сьмяротнасьць на вёсцы сёньня ў 2,3 разы вышэйшая чым у горадзе... Паводле матэрыялаў мiжнароднае канфэрэнцыi «Беларусь — тры гады па Каiрскай канфэрэнцыi» (Менск, 1997), сярэднегадавыя тэмпы зьмяншэньня колькасьцi вясковых жыхароў знаходзяцца на ўзроўнi 10% (даклад Лазарэвiча)! Пры гэткiх тэмпах ня цяжка падлiчыць, што вяскоўцы ў нас зьнiкнуць прыблiзна праз 50 гадоў...
Зрэшты, гэтыя лiчбы — толькi акраец таго айсбэргу праблемаў, якiм паўстае Беларусь у незалежнай статыстыцы. Рост узроўню сьмяротнасьцi адлюстроўвае скарачэньне працягласьцi жыцьця. Сёньня яна складае 67,9 гадоў. Адзiн з самых малых паказчыкаў на кантынэнце. Але гэта па краiне. У Менскай жа i ў Гомельскай абласьцях працягласьць жыцьця ў мужчынаў зьнiзiлася да 59,8 i 59,6 (адпаведна). Гэтых лiчбаў не афiшуюць. А гэта адныя з самых горшых паказчыкаў у сьвеце. Большасьць беларусаў не дажываюць да пэнсii...
... Кнiга Вiктара Саковiча «Белорусское село в 70-90-е годы» — гэта першае беларускае выданьне па ўрбанiстыцы, у якiм ужо няма спасылак на Маркса зь Ленiнам, але яшчэ няма на Лукашэнку. Ва ўводзiнах аўтар акрэсьлiў свае мэты: даць цэльнае ўяўленьне пра мiграцыйнае «вымываньне» працоўных рэсурсаў зь беларускай вёскi за апошнiя трыццаць гадоў, вызначыць найбольш актуальныя праблемы вёскi, нашкiцаваць пэрспэктыву iх вырашэньня. Уяўленьне пра дынамiку скарачэньня працаздольнага вясковага насельнiцтва кнiга Саковiча дасьць любому чытачу. Толькi на падставе афiцыйнае статыстыкi факты ўражваюць: у 1960 годзе ў Беларусi было 34.442 вясковыя селiшчы, а ў 1993 ужо толькi 24.692... За дзесяць гадоў «разьвiтага сацыялiзму» з 1970 па 1980 г. колькасьць вясковых жыхароў зьменшылася з 54% да 43% ад насельнiцтва Беларусi. У самiх працэсах урбанiзацыi няма нiчога страшнага, Беларусь i дасёньня адна з найменш урбанiзаваных краiнаў Эўропы. Але ўражваюць тэмпы: тое, на што ў Эўропе спатрэбiлiся стагодзьдзi натуральнага разьвiцьця, у Беларусi адбывалася пяцiгодкамi. У 1995 годзе вясковыя жыхары ўжо склалi толькi 31% насельнiцтва... Гэткiм чынам аўтар першае з сваiх мэтаў дасягнуў. Масiў лiчбаў (раней добра вядомых спэцыялiстам), сабраных разам, стварае падрабязную панараму сацыяльна-дэмаграфiчнага разьвiцьця Беларусi да i пасьля Чарнобыля.
Няпраўда, што ў горад беларус ехаў за лёгкiм хлебам. Напачатку 80-х, паводле апытаньня, амаль 93% дзесяцiклясьнiкаў лiчылi, што ў горад варта ехаць па культуру, пра добры побыт згадала толькi 32%... Цi спраўдзiлiся iх мары? Што далi для iх культуры Маладэчна ды Мазыр, Сьветлагорск ды Наваполацак — не падлiчыш нiякiм чынам...
Аднак разьбiраючы прычыны, якiя рэгулярна прыводзiлi да крызысаў аграрнага сэктару, аўтар альбо пярэчыць сабе, альбо пярэчыць лёгiцы. Спачатку ён пазытыўна ацэньвае пастановы КПСС, у прыватнасьцi сакавiцкага пленуму ЦК 1965 году: «У вынiку ў сельскую гаспадарку Беларусi за 1966-1970 г. было ўкладзена 1,4 млрд. руб. дзяржаўных сродкаў, цi на 662 млн. руб. болей, чым за папярэднiя пяць. Значна вырасьлi пастаўкi тэхнiкi й мiнэральных угнаеньняў...» Ну i што? Цi вырашылi што-небудзь гэтыя «ўлiваньнi»? Праз старонку: «У канцы 70-х сельская гаспадарка БССР аказалася ў перадкрызiсным стане». I гэта пасьля сакавiцкага пленуму!
Асаблiвай увагi заслугоўваюць адносiны аўтара да чарнобыльскай трагедыi. Тут Саковiч прыводзiць даўгую цытату з «Центральной газеты» (№17, 1996), зь якое вынiкае, як шмат заасфальтавана вулiцаў, пракладзена каналiзацыяў, вадаправодаў, газаправодаў. Урад зрабiў што мог! А вось «нехта» i «некаторыя» замiналi. Напрыклад, «палiтыкi, якiя выкарыстоўвалi чарнобыльскую трагедыю, як казырную карту ў сваёй палiтычнай гульнi. Замест цьвярозых i ўзважаных адносiнаў, яны практыкавалi правядзеньне мiтынгаў, iмкнучыся аказаць цiск на органы ўлады й кiраваньня». А што яшчэ можа зрабiць палiтык, апроч «цiску на ўладу»? Аўтар нават не паставiў сабе пытаньня, цi слушна трацiць калясальныя сродкi дзеля ўтрыманьня людзей на зямлi, дзе жыць нельга. Нiяк не камэнтуецца тое, што ў Беларусi былi згорнутыя праграмы мiжнароднае дапамогi...
Характарызуючы праблему занятасьцi ў вёсцы, В.Саковiч папярэджвае, што калi ня зьменiцца сацыяльная сытуацыя, то да 2000 г., гэта значыць ужо праз два гады, будзе 35% беспрацоўных вяскоўцаў працаздольнага ўзросту. Аўтар сам называе гэта сацыяльнай катастрофай. I што ён прапануе? «Адзiнае выйсьце ў гэтым накiрунку — стварэньне ўмоваў, якiя стымулююць рээмiграцыю часткi гараджан на вёску». Адна ў аўтара «нестыкоўка»: «многiя зь беспрацоўных працягваюць iснаваць на мiзэрную дапамогу, перабiвацца выпадковымi заробкамi, але ня кiдаюць звычны камфорт». Трэба давесьцi горад да поўнае галечы? Цi гвалтам загнаць у нязвыклы дыскамфорт? Вось над чым працуюць у Iнстытуце гiсторы АН Беларусi.
Гартаю кнiгу, шукаючы надзеi, падказкi, парады... Не знаходжу. Вусьцiшная статыстыка дзiцячае сьмяротнасьцi, гармiдар чарнобыльскiх праблемаў, плён хаатычных экспэрымэнтаў новай беларускай дзяржавы: «... у Гомельскай вобласьцi ўсе захворваньнi вырасьлi ў дзевяць разоў», «здаровых дзяцей ў рэспублiцы ўсяго каля 10%». Саковiч лiхаманкава шукае, дзе ставiць кропку. З 1990 па 1994 г. на вёсцы было лiквiдавана 764 клюбы, 618 бiблiятэк, 611 дзiцячых садкоў... Дзе ж выйсьце? «Прыярытэтным накiрункам павiнна стаць адраджэньне сацыяльных, духовых, палiтычных i, зразумела, эканамiчных умоваў для самасьцьвярджэньня ва ўсёй шматаблiчнасьцi i шматлiкасьцi Сельскае Абшчыны ў якасьцi спэцыфiчнае сацыяльнае супольнасьцi». А што калi аўтару гэтае манаграфii павераць?.. I колькi падобных «рэкамэндацыяў» яшчэ выпусьцяць работнiкi Акадэмii Навук. Зрэшты, вось гэта й ёсьць «стратэгiя» нашага часу. Для будучых гiсторыкаў новая кнiга стане каштоўным дакумэнтам...
Гары Куманецкi
Плён для ўласнага мысьленьня
Философский поиск. Белорусский философский журнал. — 1997. — Выпуск 3. — Менск: Пропилеи, 1997.
Тутэйшая публiка яўна не разбалаваная дастаткам паважных спэцыялiзаваных гуманiтарных выданьняў. А тыя, што ёсьць — пераважна народжаныя прыватнымi iнiцыятывамi iх стваральнiкаў у апошнiя некалькi гадоў — прабiваюцца да чытачоў не без праблем i часта не адпавядаюць назве «пэрыядычныя». Зрэшты, стан справаў з гэткiмi выданьнямi — толькi адбiтак стану справаў з гуманiтарыстыкай у нашым грамадзтве. Балазе, часопiсы ўсё ж выходзяць, хай сабе й нерэгулярна.
Адна з апошнiх навiнак нашага кнiжнага рынку — часопiс «Философский поиск. Белорусский философский журнал» (Выпуск 3, 1997). Назва, безумоўна, крыху ўводзiць у аблуду: «беларускiм» гэты часопiс зьяўляецца найперш паводле месца рэгiстрацыi i выданьня. Што праўда, мы знойдзем у iм невялiчкi ўзор лiбэральнай крытыкi сацыяльна-культурнай сытуацыi ў Беларусi (яе «недыялягiчнасьцi», с. 113), што стала ўжо ў багата якiх тэкстах агульным месцам i, натуральна, на разьвiцьцё самой сытуацыi анiяк не ўплывае, i яшчэ невялiчкi ўзор фiлязофскай лiрыкi Генадзя Барысава зь Вiцебска (с. 170), а таксама агляд лiтаратуры, выдадзенай у Беларусi ў 1996-1997 г. i рэцэнзiю на зборнiк «Философия: проблемы преподавания», выдадзены ў 1995 г. у Менску. Але галоўнае нават ня ў гэтым, а ў тым, што i па духу, i па агульнай накiраванасьцi зьмешчаных у часопiсе матэрыялаў — гэта выданьне расейскае, хоць i не без прэтэнзiяў на агульнаўсходнеэўрапейскую значнасьць. Пра апошняе сьведчыць, у прыватнасьцi, i геаграфiя чальцоў Рэдакцыйнай Рады (Менск, Кiеў, Санкт-Пецярбург, Коўна, Тбiлiсi) i геаграфiя аўтараў разгляданага выпуску (Тбiлiсi, Санкт-Пецярбург, Менск, Екацярынбург, Цюмень, Масква, Днепрапятроўск, Вiцебск). Уключаныя ў 3-ці выпуск тэксты разьмеркаваныя па 7 рубрыках: «Перекрестки мысли», «Философия диалога», «Переводы, комментарии, размышления», «Обзоры, рецензии, отклики», «Ad hominem», «Cum grano salis» i «К сведению». Найбольш зьмястоўныя — матэрыялы першых трох. На жаль, у кароткiм аглядзе немагчыма менш-больш паважна абмеркаваць прапанаваныя тэксты. Таму далей — толькi галоўныя ўражаньнi (а што асаблiва ня ўразiла, тое застанецца па-за асадамi гэтага агляду).
Распачынаюць нiзку публiкацыяў два тэксты, блiзкiя па сваiх зыходных iнтэнцыях: «Парадигма и чудовище (расследование философского разума)» Г.Тэўзадзэ (Тбiлiсi) и «Русская классическая литература и философия значений» I.Данiлава (Санкт-Пецярбург). Што аб’ядноўвае абодва тэксты, дык гэта выкрывальнiцкi патас у дачыненьнi да пэўных культурных фантомаў, яўна не незалежны ад адпаведных досьведаў некаторых сучасных iнтэлектуалаў, кшталту Фуко, Дэлёза цi каго-колечы яшчэ. Праўда, у разгляданым выпадку выкрываньню падлягаюць, хутчэй, фантомы ўласнай сьвядомасьцi аўтараў гэтых тэкстаў. У Тэўзадзэ гэта — Парадыгма, у Данiлава — Тэкст. Зацемiм, што абодва словы «нярускiя», а менавiта запазычаныя культурныя канцэпты ўтвараюць прыдатную глебу для гiпастазаваньня i анталягiзацыi таго, што насамрэч уяўляе тэму спэцыялiзаванага дыскурсу (гэта, напрыклад, адбываецца апошнiм часам са словам «iдэнтычнасьць», гл., напрыклад: Малахов В. Неудобства с идентичностью // Вопросы философии. 1998. №2. С.43-53). Але ў прыгаданых аўтараў гэткае гiпастазаваньне робiцца безаглядна, а ў вынiку — два Абсалюты, да якiх трэба нейкiм чынам паставiцца. Данiлаў тут — постмадэрновы паганец. Для яго «Тэкст» — гэта Абсалют, па-за межы якога сьвядомасьць прынцыпова ня можа выйсьцi, паколькi яна толькi й робiць, што азначвае свой уласны «жыцьцёвы сьвет». Гэта — у кантэксьце тых фiлязофскiх пошукаў, якiмi арупленыя аўтары разгляданага часопiса — даволi цьвярозая пазыцыя, бо ўсялякiя «модныя» размовы пра тое, чым мог бы быць чалавек па-за асадамi сваёй «чалавечнасьцi», як правiла, заводзяць у сфэры, дзе рэлевантнай стаецца адно глыбакадумная «балбатня». I Данiлаў, не без прэтэнзiяў на лёгкi эпатаж, спрабуе вывесьцi тыпалёгiю сьвядомасьцi, безумоўна апанаванай Тэкстам, багата iлюструючы свае разважаньнi прыкладамi з клясычнай расейскай лiтаратуры. «Паганiзм» аўтара выяўляецца ў тым, што ён не высiльваецца выйсьцi па-за асады сьвядомасьцi i спрабуе апiсаць «правiлы гульнi» ў сытуацыi, дзе сама гульня, па вялiкiм рахунку, ня мае сэнсу, бо сэнсы стварае ўсё тая ж азначальная функцыя сьвядомасьцi, якая, паводле аўтара, робiць яе вечнай службiткай наперад зададзенага Тэксту-Абсалюту.
Тэўзадзэ, як шчыры анты-юда-хрысьцiянiн i анты-новаэўрапеец, гэта значыць — просты нэгатыў зь юда-хрысьцiянства i новаэўрапейства — ня згодны замiрацца з прыдуманым iм самiм Абсалютам — «Парадыгмай» — i таму шукае шляхоў выхаду па-за парадыгмальнасьць усялякага мысьленьня, найперш, канечне, свайго ўласнага. Але парадыгмальнасьць змаганьня з «Парадыгмай» выяўляе сябе ў тым, што для аўтара iснуе толькi Адна парадыгма (або Парадыгма). Гэта свайго роду постмадэрнiсцкi монатэiзм або монатэiстычны постмадэрнiзм (як аўтару больш да спадобы). I цi дзiўна, што «Пачвара», як абсалютна «Iншае» для «Парадыгмы», набывае банальныя iнфэрнальныя азнакi, чым, вiдаць, i спакушае аўтара. Зрэшты, блiзка ўсе забабоны таго самага «новаэўрапейскага» мысьленьня, зь якiмi, нiбыта, змагаецца —нават вядзе дазнаньне, забыўшыся на «прэзумпцыю невiнаватасьцi» — аўтар, мы знойдзем у гэтым тэксьце, што робiць яго цiкавым спакменем спэцыяльнага культуралягiчнага дасьледаваньня. Чаго не стае тут — гэта рэфлексiйнасьцi, зьвернутасьцi да сябе, якая выяўляла б «пачварнасьць» або «хiмэрычнасьць» азнакаў «парадыгмiчнасьцi», якой аруплены аўтар.
Артыкул М.Мацэвiча «Кризис идеи универсальности разума и становление традиции постклассического философствования» ўяўляе нешта накшталт «браўзэра» — калi скарыстаць тут сучасную тэрмiналёгiю — для навiгацыi па цытатах клясыкаў фiлязофii, дзе аўтарскiя зацемы выконваюць службовую функцыю «склейкi». Часам нават бывае незразумела, дзе сканчаецца цытата, а дзе пачынаецца аўтарскi тэкст, таму вельмi цяжка скласьцi аб iм уражаньне, бо аб клясыках «або — нiчога, або —добра». У цэлым тэкст прасякнуты папулярнай праблематыкай «канца стагодзьдзя» з уласьцiвымi тэкстам такога роду (асаблiва расейскамоўным) тропамi i рыторыкай.
Тэкст Стэнлi Л. Якi — манаха бэнэдыктынца са Злучаных Штатаў Амэрыкi — зусiм недарэчна патрапiў пад рубрыку «Перекрестки мысли», бо акурат апошняя ў гэтай працы збаналiзаваная да таго, што перакрыжоўвацца ёй, уласна, i няма з чым. Высоўваючы тэзiс, што бог стварыў «усё», С.Л.Якi лiчыць, што абмяжоўвае ня толькi прэтэнзii сучаснай навукi на iнтэрпрэтацыю першага разьдзелу Бiблii, паколькi любыя навукi могуць вытлумачваць толькi канкрэтныя прыватнасьцi, але таксама i аматараў лiтаральнага яе разуменьня. Каб я пiсаў тут гiпэртэкст, то паставiў бы «лiнк» да першага тэксту Тэўзадзэ, гэта ажывiла б усю рубрыку, але i адрадзiла б старую дыскусiю пра анталягiчнасць «д’ябла».
У другiм разьдзеле «Философия диалога» пададзеная нiзка тэкстаў, традыцыйная для гэтага часопiса. Тэматычны спэктар адлюстроўваюць загалоўкi артыкулаў: «Вера в слово, ее философские отзвуки и коммуникативный смысл» (Н.Мечковская), «Полифонический проект М.Бахтина» (Гаробинский М.), «Диалогическая парадигма в американской культурной антропологии ХХ века» (Просекава М.), «Онтология и семиотика диалога» (Сагатовский В.), «Уровни философского диалога» (Кажеурова Н.), «История и диалог: формы соответствия» (Логовая Е.), «Философия образования Ж.-Ж.Руссо и В.В.Розанова: диалог культур» (Панфилов В., Шевцов С.), «Проблема понимания онтологических парадоксов сознания» (Мелешина С.). Для бальшынi згаданых тэкстаў уласьцiвае гiпастазаваньне аднаго чальца апазыцыi — дыялёгу, моднае ў сучаснай фiлязофii, i супрацьпастаўленьне яго так званаму «маналягiчнаму мысьленьню». Пры гэтым забываецца, што «маналягiчнасьць» можа быць проста разьвiтай формай дыялёгу, так бы мовiць, рэфлексiяй дыялёгу ў самога сябе, калi скарыстацца тут гегелеўскай тэрмiналёгiяй (прыгадаем формулу Платона, што «мысьленьне — гэта гутарка душы з самой сабою»), i што для дасьледаваньня, прынамсi, культуралягiчнага, цiкавейшымi бываюць зьявы канфлiкту i непаразуменьня культур, якiя высьвятляюць iх нутраную сутнасьць, чымся дыялёг, якi галоўным чынам адбываецца на павярхнёвым узроўнi сэнсавага унiвэрсуму. Дадамо таксама i тое, што камунiкатыўная функцыя, на якой грунтуецца ўся «фiлязофiя дыялёгу» — далёка не галоўная функцыя мовы i што дыялёг у сваёй гэтай функцыi вельмi лёгка ператвараецца ў простую «балбатню». Здаецца, што абмеркаваньне гэткага праблемнага кола магло б узбагацiць «фiлязофiю дыялёгу», але, падобна, што акурат яно знаходзiцца за сэнсавым небакраем апошняй, а таму «дыялёг» тут пакуль што стаецца немагчымым.
Пераклад сарбонскiх лекцыяў Морыса Мэрлё-Панцi «Патология языка» — безумоўна, найцiкавейшы матэрыял гэтага выпуску. Гэта някепскiя ўводзiны ў сучасную «фiлязофiю мовы», хаця й не без уласьцiвай франкамоўным аўтарам падазронасьцi i недаверлiвасьцi да мовы, што я схiльны вытлумачаць складаным лёсам складваньня самой французкай мовы ў вынiку канфлiктнага ўзаемадзеяньня розных моўных сыстэм: кельцкай, лацiнскай i германскай. Тым больш гэтыя лекцыi будуць карысныя для зацiкаўленага тутэйшага чытача, якi воляй свайго ўласнага лёсу, незалежна ад моўнай i геапалiтычнай арыентацыi, дагэтуль знаходзiцца пад уплывам працэсаў моўнай iнтэрфэрэнцыi.
Гэтыя, зробленыя побегам заўвагi, безумоўна, маюць зацiкаўлены характар, i таму нiяк не зьмяншаюць дадаткаў часопiса наогул. На жаль, мне патрапiў пахiбны асобнiк, у якiм аркушы былi сшытыя ў адвольным парадку (напрыклад, пасля старонкi 19 iдзе старонка 112, пасля 111 — 20, пасьля 72 — 165 i г.д.), а таксама на старонцы 54 адсутнiчае зноска на спасылку 13. Гэта, канечне, не спрыяла разуменьню надрукаваных тэкстаў. Але, як прывучаны да парадку «тутэйшы», я палiчыў, што так i трэба, i дачытаў выпуск у прапанаваным рэдакцыяй парадку. Чаго i жадаю iншым чытачам. Бо ў якiм парадку яго нi прачытаць, зацiкаўлены розум усё роўна знойдзе плён для ўласнага мысьленьня.
Сяргей Санько
Каментары