Архіў

Юлія Андрэева. Ларын і Хварастоўскія

№ 17 (226), 25 красавіка — 4 траўня 2001 г.


 

Ларын і Хварастоўскія

Чаму расейская культурная прастора адмежаваная
ад сусьветнай шчыльнымі бар’ерамі?

У велікодную нядзелю ў Філярмоніі зазьзяла сапраўдная зорка. Увесь сьвяточны вечар сьпяваў знакаміты тэнар, саліст нью-ёрскай “Metropolitan Opera” Сяргей Ларын. Аматары “са стажам” параўнаюць гэтую падзею хіба зь векапомным бэтховэнскім канцэртам Эміля Гілельса на зыходзе 70-х. Пазьней менчукам ужо не даводзілася спазнаць гэткае раскошы. Замежныя славутасьці сусьветнага маштабу больш любілі Вільню ды Талін, а нашая сталіца ў 80-я ператварылася ў перавалачны пункт для маскоўскіх пеюноў, у якіх былі ангажэмэнты на Захадзе, і для юных кандыдатаў у ляўрэаты. Галоўнай прынадай для слухачоў быў Сьвятаслаў Рыхтэр — стары і абяспамятнелы пасьля цяжкай хваробы, слухаць якога было суцэльнай пакутай.

Але пры канцы 90-х нават Рыхтэр лічыўся нядасягальным узорам дасканаласьці. Лукашэнкавая Беларусь пляскала ў далоні, вітаючы састарэлую й безгалосую Мантсэрат Кабалье, ушчэнт развалены “Deep Purple”, Уладзімера Сьпівакова з аркестрам, сьпехам сабраным з выпадковых музыкаў. Менчукі плацілі агромністыя грошы, каб пачуць другарадны барытон Зьмітра Хварастоўскага, якому расейцы стварылі імпэрскі імідж “найлепшага ў сьвеце”, або трэцярадную Любоў Казарноўскую.

Ня дзіва, што пасьля іх менскія аматары не пайшлі слухаць Ларына. Многіх адштурхнула й безгустоўная вулічная рэкляма: “Найлепшы тэнар свайго пакаленьня”, “Найлепшы тэнар XXI стагодзьдзя”… Хто ж гэтаму паверыць? У пэўным сэнсе, скепсыс — натуральная рэакцыя, якая найвыразьней сьведчыць пра душэўнае здароўе нашай публікі. “Гэтае прозьвішча мне незнаёмае, — разважае слухач. — Мо гэта новы Баскаў (зь білетамі за 50 і 120 тыс. рублёў), а мо й чарговая псэўдаславутасьць з Бальшога тэатру? Адкуль мне ведаць? Вось калі гэтага Ларына пакажуць па тэлевізары…”

І вось тут мы акурат трапляем у болевую кропку нашай культуры. Беларусы паталягічна прывязаныя да расейскага тэлебачаньня — скрозь мітатворчага ды прасякнутага інтарэсамі расейскага бізнэсу. Яно скажае рэальнасьць, даводзіць гледачам духоўную вышэйшасьць расейскай культуры і стварае хлусьлівае ўражаньне безупынных перамогаў і дасягненьняў. Зрэшты, некаторыя расейскія артысты дабіваюцца посьпеху на Захадзе. Прыкладам, барытон Аляксандар Анісімаў — цёзка галоўнага дырыжора Беларускай Опэры — сьпявае ў найлепшых тэатрах сьвету. Але на расейскім тэлебачаньні рэклямуюць не Анісімава і ня Ларына, а Хварастоўскага. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Запрасіўшы Анісімава альбо Ларына засьпяваць у Маскве, расейскі прадусэр мусіць заплаціць ім ганарар, належны зоркам сусьветнага ўзроўню. Ці не прасьцей разьдзьмуць непрыкметныя посьпехі звычайнага сьпевака, дадаць крышачку сэнсацыі… І атрымаць фальшывую “зорку”, якая здаволіцца найсьціплейшым ганарарам і астранамічнаю славаю ў межах аднае дзяржавы. А публіка будзе плаціць за квіткі вялізныя грошы. Важна, аднак, каб патэнцыйны пакупнік ня меў магчымасьці ацаніць сапраўдную вартасьць прапанаванага яму тавару — прынамсі, ня меў, з чым яго параўнаць. Вось чаму расейская культурная прастора адмежаваная ад сусьветнай шчыльнымі бар’ерамі.

У беларусаў сёньня ёсьць выбар: добраахвотна замкнуцца ў культурніцкім ізаляцыянізьме расейскага тэлебачаньня альбо ўсталяваць спадарожнікавую “талерачку” і пусьціцца ў самастойную віртуальную вандроўку, шукаючы культурных скарбаў па цэлым сьвеце. І зусім не абавязкова ведаць замежныя мовы, каб ацаніць прыгажосьць далёкіх гарадоў і краінаў, пабачыць шэдэўры жывапісу, паслухаць славутых музыкаў, пабыць на опэрных спэктаклях у “Covent Garden” ці ў “La Scala”...

Што ж тычыцца Ларына, дык ягоны твар мільгае на культурніцкіх тэлеканалах безумоўна часьцей, чым твар якой-небудзь Мантсэрат Кабалье. Ларын у “Барысе Гадунове”. Ларын у “Тосцы”. Ларын у вэрдзіеўскім “Дон Карлясе”... Ларын у Сан-Францыска. Ларын на Зальцбурскім велікодным фэстывалі. Ларын у эксклюзіўным канцэрце славутага дырыжора Кляўдыя Абада ў Бэрліне... Ну і, вядома ж, Ларын у “Турандот” — векапомнай пастаноўцы на тле старажытнага палацу кітайскіх імпэратараў, якая трансьлявалася з Пэкіна на ўвесь сьвет, за выключэньнем Беларусі ды Расеі. Там побач з Ларыным сьпявалі лепшыя вакалісты з розных краінаў. Спэктакль быў запісаны на дыскі і відэакасэты, якія разышліся шматмільённымі накладамі. “Няўжо мяне тут ня ведаюць?” — зьдзівіўся Ларын, убачыўшы напаўпустую залю Беларускай філярмоніі. Зразумела, яму — пры ягонай сусьветнай славе — было цяжка ў гэта паверыць.

“Але як артыст гэткага маштабу апынуўся ў Менску? — запытаецца чытач. — Хіба ж нашая Філярмонія ў стане заплаціць яму належны ганарар?” (Канцэртная стаўка Ларына складае 20 000 даляраў). Папросту здарыўся цуд. Мінулым летам мастацкі кіраўнік Беларускай філярмоніі Юры Гільдзюк наведаў Вільню, дзе адбываўся VI фэстываль імя сьв.Хрыстафора. Тут сп.Гільдзюк упершыню пачуў голас Ларына і літаральна аслупянеў ад ягонай прыгажосьці. Неўзабаве адбылося й асабістае знаёмства за куфлем піва. Аднак аніякія перамовы напэўна не далі б плёну, калі б сп.Гільдзюк не вучыўся ў Маскоўскай кансэрваторыі разам з Элеанорай Бекавай — акампаніятаркай славутага тэнара. Бекава — чачэнка з Казахстану — жыве цяпер ў Лёндане і канцэртуе ў складзе сямейнага трыё (ейная сястра Альфія грае на віялянчэлі, Эльвіра — на скрыпцы). З Ларыным яна запісала некалькі кампакт-дыскаў. І менавіта яна ўпрасіла сьпевака выступіць у Менску амаль бясплатна.

Варта зазначыць, што ў Вільні ён таксама сьпяваў не дзеля грошай, а дзеля цалкам зразумелага сантымэнту. Пасьля няўдалых спробаў паступіць у сталічныя кансэрваторыі Ларын выправіўся ў Вільню да славутага тэнара Віргіліюса Нарэйкі, які выкладае ў Літоўскай кансэрваторыі. Нарэйка ацаніў ягоны талент на “выдатна”, а праз год даверыў яму дэбют у партыі Альфрэда (“Травіята”) у Віленскай опэры. Посьпех быў вялізны. На той час Ларын ужо нядрэнна валодаў літоўскаю моваю… Віленцы хутка палюбілі новага тэнара. Аднак на гастролі ня бралі — мо акурат з тых самых прычынаў, зь якіх яму не знайшлося месца ў Маскоўскай ці Ленінградзкай кансэрваторыі. Ад гэтага чалавека заўжды патыхала вольнасьцю.

Акурат у тыя далёкія гады — пры канцы 80-х — мы з бацькам неяк цэлы тыдзень валэндаліся па Вільні і, вядома ж, завіталі ў Опэру. Давалі “Дон Карляса” на літоўскай мове. Спэктакль быў, мякка кажучы, ня зь лепшых. Адзінае моцнае ўражаньне — тэнар з расейскім прозьвішчам, які сьпяваў дый паводзіў сябе на сцэне зусім ня так, як ягоныя партнэры. Была ў ім цудоўная ўпэўненасьць і свабода. Ува ўсім абліччы. У рухах. У голасе.

А неўзабаве надышла зусім іншая эпоха. У 1989—90 г. Ларын трапляе ў Братыславу і назаўжды зьвязвае свой лёс з гэтым утульным горадам, зь іншай маленькай эўрапейскай краінай. Пры гэтым ягоная артыстычная кар’ера разгортваецца зусім у іншай прасторы. У траўні 1990 г. у венскай Staatsoper захварэў выканаўца ролі Ленскага. Кіраўніцтва Staatsoper нейкім чынам даведалася пра Ларына і запрасіла яго на замену. Посьпех быў такі, што дырэктар тэатру ў той жа вечар прапанаваў яму сталы кантракт. Пасьля кар’ера Ларына ўвесь час ішла ўгору…

І вось ён на сцэне нашай філярмоніі. Сьпявае нават не ў палову — у чвэрць свайго магутнага голасу — іначай напэўна абваліліся б сьцены будынку. А ў выкананьні “Песень і танцаў сьмерці” Мусаргскага ўздымаецца да недасягальных вышыняў геніяльнасьці і трагізму. Нядзіва, што па сканчэньні канцэрту публіка не хацела адпускаць сьпевака. 

Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы3

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Мастаку Алесю Пушкіну сёння магло споўніцца 60 гадоў1

У беларускай вёсцы на Смаленшчыне знайшлі жудасную шасціпальцую руку, якой каля 7 тысяч гадоў12

«Нёман» прайграў фарэрскаму «Клаксвіку» ў першым матчы трэцяга раўнду Лігі канферэнцый8

«Дудзя глядзеў? А Дудзь — шпіён». Беларусы расказалі, як цяпер праходзяць праверкі тэлефонаў і апытанні на мяжы16

«Мне літоўцы сказалі не свяціцца, таму што спецслужбы шукаюць, як падабрацца». Франак Вячорка пра пагрозы10

У Барысаве выдзяляюць больш чым мільён даляраў на «адраджэнне яўрэйскіх традыцый»1

У Зэльвенскім раёне начальнік прасіў прабачэння пасля роліка ў TikTok1

Стала вядомая прычына смерці Озі Осбарна1

Расійскія шпіёны сачылі за Грозевым з дапамогай шпіёнскіх акуляраў. Вось як гэта было

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы3

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць