Вясна дала старт прэзыдэнцкай гонцы 2006 г. Выклік, кінуты дэпутатам Уладзімерам Парфяновічам і экс-міністрам Пятром Краўчанкам, прынялі дзейны прэзыдэнт і палітычныя партыі. Аляксандар Лукашэнка напярэдадні Дня касманаўтыкі распачаў доўгатэрміновую піяр-кампанію пад назвай «беларуская касьмічная праграма», што мае скончыцца ў 2006 г. запускам першага беларускага касьмічнага спадарожніка (вагой 150 кг, прызначанага для «зандаваньня зямной паверхні»).
Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявіў пра намер вылучыць партыйнага кандыдата на выбарах 2006 г. Лібэралы будуць настойваць, каб менавіта ён стаўся адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Кандыдата мяркуецца вылучыць на зьезьдзе АГП разам з зацьвярджэньнем перадвыбарнай праграмы. Анатоль Лябедзька вызначыў прамежкавую задачу кандыдата ад АГП як дасягненьне найвышэйшага сярод апазыцыйных палітыкаў рэйтынгу. Лідэр АГП і мае вялікія шанцы стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад лібэралаў. Перад мінулымі выбарамі ўсплывала таксама больш кампрамісная кандыдатура ягонага намесьніка Аляксадра Дабравольскага.
Што датычыць выбараў парлямэнцкіх, дык Павал Данэйка на паседжаньні Нацкаму заклікаў да стварэньня адзінага апазыцыйнага блёку «ад Парфяновіча да БНФ і крайне правых». Ён прапанаваў утварыць адзіны з 110 кандыдатаў «першага эшэлёну» і 110 запасных, якія пойдуць на выбары. Паводле ягоных словаў, такая апазыцыя можа быць і дэцэнтралізаванай, але толькі пры ўмове яе стварэньня «адкрыецца доступ да фінансаў унутры краіны і за межамі».
Адначасова з АГП пра свой намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах і вылучыць свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх заявіла і Партыя БНФ. БНФ разьлічвае на сваю вядомасьць, а таксама на імідж цьвёрдае апазыцыйнасьці. Імя патэнцыйнага кандыдата не называецца, але, мяркуецца, ім мог стаць як цяперашні лідэр партыі Вінцук Вячорка, так і хтосьці зь вядомых інтэлектуалаў, якіх у кіраўніцтве БНФ шмат.
Сацыял-дэмакраты Міколы Статкевіча зрабілі новыя крокі, накіраваныя на раскрутку свайго лідэра. Яны адкідаюць магчымасьць далейшага супрацоўніцтва з вылучэнцамі намэнклятуры, што адпрацавалі свой рэсурс. На думку сацдэмаў, асноўная роля ў гонцы-2006 будзе належаць партыйным структурам, што вытрымалі выпрабаваньня дзесяцю гадамі існаваньня ва ўмовах аўтарытарызму. Калі на выбары пойдзе Мікола Статкевіч, дык ня выключанае альтэрнатыўнае вылучэньне і ягонай апанэнткі па сацыял-дэмакратычным руху, а ў мінулым — прафсаюзнай дзяячкі Валянціны Палевіковай.
Кандыдатам ад Партыі камуністаў беларускай напэўна стане Сяргей Калякін, у якога за плячыма досьвед удзелу ў кампаніі 2001 г. Ягоныя пазыцыі ўзмацніліся пасьля перамогі 166 кандыдатаў-камуністаў на мясцовых выбарах. Прычым, калі АГП мае моцныя структуры на ўсходзе краіны, а БНФ — на Захадзе, ячэйкі ПКБ раўнамерна разьмяркаваныя па краіне. Левая партыя ў апошні час адмовілася ад радыкальных пастулятаў. Яна прымае прыватную ўласнасьць, не настойвае на дыктатуры пралетарыяту і не зьбіраецца скасоўваць нацыянальную незалежнасьць, у адрозьненьне ад прафбоса Аляксандра Ярашука, што агрэсіўна выкарыстоўвае прарасейскую рыторыку.
Да вышэйпрыведзенага сьпісу за тры гады дадасца яшчэ не адзін рэальны кандыдат.
МБ
Каментары