Архіў

Нясьвіж расьперла ад людзей

Гасьцей у старажытны Нясьвіж панаехала багата. Многія так спрабавалі ратавацца ад шэсьцяў фізкультурнікаў, парадаў, звыклых п’яных кампаніяў у сваіх родных мэгаполісах. Але зьмянілі шыла на мыла. Гучная рэкляма зрабіла сваю справу, і невялікі гарадок расьпірала па швох ад пяцідзесяці тысячаў гледачоў.

Асабліва — на вузкіх каляпалацавых дарожках, асабліва — падчас найбольш цікавых імпрэзаў, асабліва — калі даводзілася выбіраць паміж «туды ўсё роўна ня пройдзеш» і «туды ня кожнага пусьцяць».

Дзеля вялізнага наплыву людзей да многіх нават не даносіўся ляскат мячоў аб шчыты. Большасьць рыцарскіх боек прайшлі ўдзень 3 ліпеня, а адкрыцьцё фэсту адбылося ўвечары. На пляцы каля ратушы дырыжабль узьнёс у неба лягатып беларускага тэлеканалу; задоўга да пачатку народ займаў месцы за лініяй агароджы, выглядваючы, каму ж падрыхтаваныя шэрагі лаваў перад сцэнаю.

Урэшце — пад верш Караткевіча «Дзе мой край» пачалося тэатралізаванае адкрыцьцё. На сцэну ня выйшаў ніводны рыцар, а паказ рэканструяванай сярэднявечнай бялізны праз колькі хвілінаў перарос у татальную рэкляму фірмы—вытворцы бялізны сучаснай. Вярнуць у Сярэднявечча паспрабавалі чэскія рыцары — стральбою з аркебузаў. Увечары адбыўся фаервэрк.

На адмысловых пляцоўках і проста на вуліцы можна было пачуць сярэднявечныя песьні, пабачыць танцы ці самому станчыць бранль або трота.

Другі фэстывальны дзень пачаўся з дажджу, але па абедзе распагодзілася. Падарункам стала магчымасьць павандраваць па княскім палацы, пабачыць былых гаспадароў на партрэтах і зацеклыя пасьля пажару сьцены (дым дагэтуль ня выветрыўся).

Водная баталія «Ўзяцьце Гібралтару» выклікала вялізную цікавасьць. Вось толькі ў мэтах бясьпекі назіраць за відовішчам давялося з супрацьлеглага берага. Было відаць, як за сотню метраў высаджваецца дэсант «сярэднявечных сажалкавых пехацінцаў» і ў промнях сонца бліскаюць мячы. Таму рыцараў папрасілі ў мікрафон «яшчэ раз выйсьці, каб гледачы пабачылі». Людзі, не чакаючы, разыходзіліся. Наўрад ці яны не разумелі расейскай мовы, на якой прагучаў гэты зварот (як, зрэшты, і многае іншае на сьвяце беларускай гісторыі).

Нацыянальная сымболіка прысутнічала хіба толькі ў стылізаваным рыцарскімі клюбамі выглядзе. Нешматлікія бела-чырвона-белыя сьцягі адсочвалі. Часам маладзён у цывільным выхопліваў сьцяг, зь вялікім задавальненьнем камячыў яго, пагражаючы завесьці ўладальніка ў пастарунак ды «іспорціць празьнік».

Але найбольш уражаньняў засталося ад таго, што нельга «іспорціць», — ад палацу Радзівілаў, фарнага касьцёлу, гарадзкіх краявідаў. Праўда, каб іх пабачыць, неабявязкова ехаць у Нясьвіж у дзень фэсту.

Міна Доўгі

Каментары

Цяпер чытаюць

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві1

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві

Усе навіны →
Усе навіны

Анджэя Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы6

У Нацыянальным мастацкім музеі выстава да 120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры1

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі23

«Нам не патрэбны эмоцыі — патрэбна дапамога». Мама зніклага чатыры дні таму Максіма распавяла пра пошукі сына і падтрымку людзей

Большасць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў адмовілася ад новых закупак расійскай нафты1

Прэзідэнт літоўскай «Linava» пра сітуацыю з дальбойшчыкамі ў Беларусі: Перавозчыкі злыя, не выключаюць магчымасці блакаваць дарогі ў Літве12

«Гэтыя абмены могуць працягвацца бясконца». Наўседа сумняецца, што спроба ЗША ангажаваць Лукашэнку дасць толк9

1100 літоўскіх грузавікоў не выпусцяць з Беларусі да адкрыцця мяжы5

За адзін каментар — два гады турмы. У Мінску вынеслі прысуд аднаму з двух братоў з Рэчыцы, затрыманых увесну2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві1

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць