Першымі беларускімі ахвярамі эўраінтэграцыі сталі некалькі маладых людзей, якіх 28 красавіка дэпартавалі з Польшчы як патэнцыйных адмарозкаў-антыглябалістаў. Сярод іх быў і карэспандэнт «НН» Лёлік Ушкін.
Калі б я быў нэўротыкам, то пасьля дэпартацыі абавязкова стаў бы лукашыстам. Для дэпартаваных з Польшчы няма большай маральнай сатысфакцыі, чым глядзець па БТ рэпартажы аб справе Казімежа Віташчыка — польскага дыплямата, якога «чэкісты» выставілі з РБ як «шпіёна».
Больш за ўсё цешыць юрыдычны аспэкт афэры Віташчыка. Гэта ж нейкая прававая казка: злавілі на месцы «крыміналу», прад’явілі абвінавачаньне, выклікалі пасла, зачыталі прыгавор, выперлі дахаты.
У нас было ўсё прасьцей: ніякіх абвінавачаньняў, ніякіх консулаў, ніякага імунітэту (сярод нас быў незалежны гомельскі дэпутат Юры Глушакоў). Замест гэтага — бясконцая парылка ў камэндатуры і ідыёцкі дыялёг з памежнікамі: «Адпусьціце». — «А мы вас і не затрымлівалі». — «Тады мы можам ісьці?» — «Гэта забаронена».
Па парадку: 28 красавіка ўсю групу, якая апраўлялася ў Польшчу, зьнялі зь цягніка Берасьце—Тэрэспаль. Частка ехала на альтэрнатыўны форум, які адбываўся паралельна эканамічнаму. Іншыя — у Познань на культурны фэстываль.
Зьвінціўшы нас з цягніка, паставілі ў калідоры камэндатуры пад ахову жаўнераў — і забылі… Гадзіны дзьве мы былі міжвольнымі сьведкамі вясёлага жыцьця польскага памежжа.
Сама тэрэспальская камэндатура ўяўляе сабой паверх аднаго з крылаў будынку вакзалу. Будавалі яго яшчэ за камунай, таму памяшканьне маленькае і непрыстасаванае да сучасных патрэбаў эўрапейскага франтыру. Хіба маглі ведаць архітэктары ў часы Герака пра чачэнскую вайну і фэномэн бежанцаў? Калі б ведалі, абавязкова пабудавалі б пры вакзале велізарны ангар або канцлягер. А так каўказцам, якія прыбываюць у Польшчу агромністымі партыямі, даводзіцца туліцца з барахлом і сем’ямі ў двух пакойчыках недзе 2х3 метры. Выходзіць з пакою забараняецца. Чарга ў туалет на калідоры — да таго ж адзінае месца, дзе можна ўзяць ваду, — пэрманэнтная. Дзеці крычаць. Мужчын ломіць ад дэфіцыту нікаціну ў арганізьме. Канфіскаваны ў чаўнакоў тавар звалены таксама ў калідоры. Тут жа над імі чыняць справядлівы суд. Адным словам, камуналка.
Нарэшце чарга дайшла да нас.
Высьветлілася, што нас трымаюць за антыглябалістаў, якія зьбіраюцца сапсаваць інвэстыцыйны імідж польскай сталіцы. Ваў! Хіба альтэрнатыўны форум не праходзіць абсалютна легальна ў гатэлі «Вікторыя» ў цэнтры Варшавы? У выпадку, калі антыглябалісты ў Польшчы па-за законам, першым трэба было б вязаць ня нас, а Яцака Кураня. Адзін з заснавальнікаў «Салідарнасьці» выступіў з адкрытым лістом пад назвай «Зварот да маіх сяброў-антыглябалістаў».
А што будзе, калі ў Тэрэспаль прыедзе сам Жак Шырак? Прэзыдэнт Францыі прабашляў антыглябалістам на форум 2002 г. у Порта-Алегрэ. Няўжо таксама здымуць зь цягніка і будуць гадзінамі марынаваць у калідоры?
Падчас допыту мы адкрылі для сябе вельмі шмат вясёлых рэчаў у прававых стандартах новай пашыранай Эўропы.
Раней я ўжо бачыў акцыі супраць антыглябалістаў, але там усё адбывалася неяк інакш. У Празе 2000 г. тых, хто паліў «Кентукі Чыкен Фры», вінцілі, а тыя, хто не паліў (ваш пакорны слуга), стаялі на тратуары і пацягвалі з Сокалавым-Воюшам «будвайзэр». Дзіўны Habitus Corpus у новай Эўропе — без прэзумпцыі невінаватасьці і фармальных адзнакаў крыміналу.
Ня менш экзатычна выглядала пытаньне аб палітычных сымпатыях, быццам гэта можа ўплываць на прыгавор. Цікава, што зрабілі б памежнікі, калі б я з прыколу сказаў, што маім кумірам зьяўляецца шэйх Аль-Садр? Напэўна, ужо грымеў бы кандаламі на Гуантанама.
Ня менш пазабавіў і працэс вобшуку. Зразумела, шукалі бомбы, гексаген, бактэрыі сібірскай чумы, на апошні выпадак — інструкцыю «Курс для чайніка-тэрарыста. Як узарваць станцыю Варшава-Ўсходняя». У выніку да справы прышылі толькі падручнік польскай мовы і дыктафон. Якім чынам, камбінуючы гэтыя рэчы, можна арганізаваць тэракт, мне асабіста невядома. Хіба што даць каму-небудзь балюча па кумпале?
«Ды вы ня парцеся, — сказаў нам чаўнок-армянін у калідоры, — калі б нават вы Тэрэспаль праехалі, вас затрымалі б на наступным кардоне за 30 км ад Варшавы. А не, дык узялі б проста на плятформе Варшавы-Цэнтральнай». О цудоўная новая Эўропа!
На шостую гадзіну арышту нам нарэшце зачыталі вэрдыкт — ануляваньне віз і дэпорт. На лягічнае пытаньне, што значаць параграфы, адпаведна якім нас бяз суду вызналі вінаватымі, мы атрымалі фантастычны адказ: «Кодэкс у начальніка, а ён пайшоў дахаты». Памятаючы афарызм Ежы Леца «Лепш уваходзіць у дзьверы з надпісам «Пабочным уваход забаронены», чым з надпісам «Выхаду няма», мы хуценька рэціраваліся на радзіму.
Пасьля эўрапейскіх рэаліяў родная старонка нагадвала бастыён палітычнага плюралізму і дэмакратыі. Берасьцейскі мытнік злавіў мяне з кіпай антылукашысцкай літаратуры. Яе мы хацелі раздаць у Польшчы замежнікам. Паглядзеўшы на карыкатуру бацькі, сказаў: «Малады чалавек, у прынцыпе, правозіць такое забаронена, аднак мы ўсё разумеем… Ідзіце і болей так не рабіце». А ў ПАРЭ кажуць, што ў нас недэмакратычны рэжым!
Ваяж у Тэрэспаль назаўсёды прапішацца ў памяці хаця б таму, што ўпершыню ў жыцьці я прывёз з Польшчы гарэлку. Яе мы калектыўна выжралі на наступны дзень, вывучаючы выдадзеную ў Тэрэспалі «дэцызію».
Больш за ўсё занепакоіў пункт, адпаведна якому нам далі высьпятка як асобам, што патэнцыйна пагражаюць грамадзкаму парадку. Калі Лукашэнка скамунізьдзіць у эўрапейскіх мянтоў іх мэтады, то ўсёй апазыцыі — каюк. Усіх можна будзе прэвэнтыўна перасаджаць нават без судовых фармальнасьцяў.
Бянтэжыць і такі момант: на падставе якой інфармацыі эўрапейскія пінкертоны вылічылі, што мы схільныя да антыэўрапейскага гвалту? Відавочна, за Бугам у курсе пра факты маёй біяграфіі, якія сьведчаць аб лятэнтнай эўрафобіі. Паглыбіўшыся ва ўспаміны, бязь цяжкасьцяў знаходжу як мінімум тры акты грэхападзеньня. Па-першае, у 1990 г. у Кіеве далучыўся да галадоўкі студэнтаў, што пратэставалі супраць саюзнага дагавору. Адмовіўшыся ад ежы, мы, натуральна, нанесьлі апэркот эўрапейскім вытворцам прадуктаў, перш за ўсё польскім фэрмэрам.
Рабіць падкопы супраць Эўропы я працягнуў у Вільні ў студзені 1991-га, дзе ашываўся разам з валанцёрамі — абаронцамі літоўскага парлямэнту. Памятаю, на «ўра» падтрымалі яны маю прапанову сушыць шкарпэткі на батарэях у канцылярыі Ландсбергіса. Смурод быў жудасны. Тым самым я несьвядома ўзмацніў фэрмэнт азіятчыны ў літоўскай культуры, прытармазіўшы яе адаптацыю да эўракаштоўнасьцяў. Але самы антыэўрапейскі акт я адкінуў у жніўні 91-га ў Піцеры, калі Сабчак даручыў нам, анархістам, абараняць Ленсавет ад танкаў ГКЧП з боку вуліцы Герцэна. Той плот, які мы за пяць хвілін разбурылі, будуючы барыкаду, безумоўна, належаў нейкаму эўрапейскаму бізнэсоўцу — удзельніку варшаўскага эканамічнага форуму, патэнцыйнаму інвэстару ў польскую гаспадарку.
Падобныя дэлікты зрабілі і мае сябры па дэпартацыі. Ніводны зь іх ніколі ня меў ніякіх праблемаў з заканадаўствам у Польшчы або ЭЗ, затое ўсе пагалоўна — з айчынным рэжымам: за пікеты, дэма, улёткі… Дык вось дзе закапаны сабака эўрафобіі!
У такім разе разумею расчараваньне арганізатараў саміту тым фактам, што на варшаўскі форум не прыехаў прэм’ер Сідорскі, аднак абсалютна не разумею фразы Квасьнеўскага падчас адкрыцьця форуму: «Сучаснымі зьменамі мы абавязаны мужнасьці апазыцыі…»
А ўвогуле, усё было здорава. І за мяжой пабывалі, і слановы дазьняк адрэналіну атрымалі, і, нарэшце, склалі свой імідж аб ЭЗ. Распавядаць мне цяпер аб эўрапейскім парадызе — усё роўна што былому вязьню ГУЛАГу трындзець аб дасягненьнях сталінізму. Якімі б статыстычнымі дадзенымі пра рост чыгуну і сталі на душу насельніцтва вы яго ні грузілі, Сталін для яго заўседы будзе азначаць турэмную баланду, злых сабакаў і вертухая на вышцы. Гэтак і для нашай кампаніі — усе прагоны Статкевіча пра заможнае і свабоднае жыцьцё ў ЭЗ захінае малюнак ужо амаль роднай камэндатуры ў Тэрэспалі і ідыёцкі дыялог: «Адпусьціце». — «А мы вас і не затрымлівалі». — «Тады мы можам ісьці?» — «Гэта забаронена».
Лёлік Ушкін
Каментары