Генадзь Вугляніца жыве ў Нарвэгіі пад зьмененым імем. Мне прыйшлося доўгімі шляхамі шукаць нумар ягонага сотавага тэлефона. Але адказаць на мае пытаньні ён пагадзіўся ахвотна, і прагаварылі мы зь ім дзьве гадзіны.
«НН»: Вы жывяце пад зьмененым імем, але ня дужа хаваеце нумару свайго тэлефона, раз я яго ўрэшце адшукаў. Чаму не баіцеся лёсу Юшчанкі?
Г.В.: Калі чалавека хочуць знайсьці, яго знойдуць. Я адсочваю: мяне пакуль не шукаюць. Калі б я жыў адзін у лесе і ні з кім не кантактаваў, тады мо й можна было б мяне прасаваць, а я навідавоку ў людзей. Традыцыя прасаваць такіх людзей, як я, ці іхных блізкіх — нядобрая традыцыя, таму яна не прыжывецца, тым больш калі такія людзі маюць досыць матэрыялу, каб іх баяліся чапаць.
«НН»: Вы маеце яшчэ нейкі важны матэрыял? Ці маральна яго хаваць ад грамадзтва ў такім разе?
Г.В.: У мэтах асабістай бясьпекі вымушаны хаваць. Калі аддаць усё, што маеш, траціш перавагу над праціўнікам. Мы ўжо зрабілі памылкі тры гады таму, і я не хачу паўтараць памылак цяпер. Я не пужаю, у мяне гэта не з таго шэрагу, што скрынка кампрамату Лукашэнкі на Шушкевіча ў 1994-м… Я тады галасаваў за Шушкевіча, дарэчы.
«НН»: Няўжо такіх тады бралі ў КДБ?
Г.В.: Тады бралі любых, гады былі цяжкія, не хапала кадраў. А я чалавек апалітычны, і ў гэтым сэнсе падыходзіў.
«НН»: Ваша імя ў чарговы раз згадалі па БТ у фільме «Кансьпіралёгія». Паводле іхнай вэрсіі, вы па службе мелі кантакты з супрацоўнікамі замежных выведак і ўрэшце перабеглі на Захад, атрымаўшы палітычны прытулак, хоць пошукі ва ўказанымі вамі месцы не далі вынікаў. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?
Г.В.: Няпраўда гэта. Фантастыка бязглуздых сцэнарыстаў. Я ня меў ніякіх кантактаў з замежнымі спэцслужбамі і ўстановамі. Я быў супрацоўнікам зусім іншага аддзелу, які арыентаваўся на ўнутраныя справы — ахову канстытуцыйнага ладу і барацьбу з тэрарызмам. Што я выехаў зь Беларусі — проста ў мяне былі нейкія веды ці вопыт. Калі ёсьць галава, можаш знайсьці выйсьце зь любога становішча. Наш сыход за мяжу быў папросту спосабам вывесьці з-пад удару максымальную колькасьць людзей. На лепшае мне не хапіла часу. Яшчэ не пара расказаць, якая складаная гульня, як многа ў нашу гісторыю было ўцягнута людзей. Я доўга разважаў над гэтым тут і прыйшоў да высновы, што іншага спосабу дзейнічаць у мяне не было.
«НН»: Вы адсочвалі арганізацыю «Край», і выйшла так, што гэта яны перавэрбавалі вас?
Г.В.: Пасьля нашага ад’езду зьявілася шмат дадумак: «Край» напісаў, што я, як сумленны чалавек, зразумеў, што іхная справа справядлівая, перайшоў на іх бок… Гэта, вядома ж, ня так, ні ў якія арганізацыі я не ўступаў і ні на чый бок не пераходзіў. У той справе кожны меў свае інтарэсы, і я меў свае прафэсіянальныя і асабістыя інтарэсы. Улады кажуць, што гэта была палітычна скіраваная справа. Каб яна была палітычная, мы б за два-тры дні да выбараў яе раскруцілі, усё падрыхтаваўшы. Наадварот, пратачылася інфармацыя, і мы не пасьпелі давесьці справу да канца. А то знайшлі б, і машыну знайшлі б.
«НН»: І ўсё ж, што вамі рухала, калі не ідэя і не замежныя грошы?
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Гутарыў Барыс Тумар, Осла
Ад аўтара: Калі ты аднойчы працаваў у КДБ, табе ўжо ніколі да канца не павераць. У мяне засталося ўражаньне, што Вугляніца нешта ўсё ж хавае. Хавае нейкія свае матывы, не раскрывае нічога з часоў сваёй працы «па спэцыяльнасьці», уласна па ахове канстытуцыйнага ладу. Было б вар’яцтвам лічыць яго агентам, засланым у нетры Захаду на дзесяцігодзьдзі наперад, але ўсё ж — чаму з падлеткамі-краёўцамі? Той, хто адкажа на гэтыя пытаньні, напіша адну з найцікавейшых кніг новага стагодзьдзя.
Каментары