БЕЛ Ł РУС

Ізраіль нанёс удары па Іране. Загінулі кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і начальнік Генштаба арміі Ірана

13.06.2025 / 7:5

Nashaniva.com

Ізраіль у ноч на пятніцу пачаў наносіць удары па цэлях у Іране. Улады краіны заявілі, што атакавалі іранскую ядзерную праграму, і абвясцілі надзвычайнае становішча ў чаканні ўдараў з боку Тэгерана, піша Бі-бі-сі.

Фота: Vahid Salemi / AP

«Мы нанеслі ўдар па сэрцы іранскай ядзернай праграмы. Мы нацэліліся на галоўны аб’ект па ўзбагачэнні ўрану ў Натанзе. […] Мы таксама нанеслі ўдар па сэрцы іранскай праграмы па стварэнні балістычных ракет», — заявіў у відэазвароце прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, дадаўшы, што вайскоўцы таксама нанеслі ўдар па іранскіх вучоных-ядзершчыках.

Паводле слоў Нетаньяху, аперацыя «будзе працягвацца столькі дзён, колькі спатрэбіцца для ліквідацыі пагрозы» з боку Ірана.

Абвяшчаючы пра пачатак аперацыі, міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац заявіў, што ў краіне ўведзена «асаблівае надзвычайнае становішча», і напад Ірана ў адказ чакаецца ў найбліжэйшы час.

«Пасля прэвентыўнага ўдару Дзяржавы Ізраіль па Іране ў найбліжэйшай будучыні чакаецца ракетны і беспілотны ўдар па Ізраілі і яго цывільным насельніцтве», — гаворыцца ў заяве.

Іранскія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Ізраіль нанёс удары па жылых раёнах Тэгерана і іншых гарадоў.

Інфармагенцтвы распаўсюдзілі кадры жылых дамоў у Тэгеране, якія былі пашкоджаныя ў выніку удараў.

Паведамлялася, што пад удар патрапіла штаб-кватэра Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі ў іранскай сталіцы.

Пазней стала вядома, што ў выніку ўдару загінуў камандуючы Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана Хасейн Саламі, пра гэта паведамілі дзяржаўнае інфармагенцтва Tasnim і іншыя мясцовыя СМІ.

Паводле іх даных, таксама быў забіты Ферэйдун Абасі, вучоны-ядзершчык і былы кіраўнік Арганізацыі па атамнай энергіі Ірана.

КВІР абяцае адпомсціць за гібель камандзіра.

У заяве, зачытанай у эфіры дзяржаўнага тэлебачання Ірана, гаворыцца, што дзеянні Ізраіля не застануцца без адказу, і яго чакае «жорсткая помста».

Вярхоўны лідар Ірана пагражае Ізраілю наступствамі.

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі папярэдзіў Ізраіль пра «горкія і балючыя» наступствы пасля ўдараў па іранскай тэрыторыі.

Узброеныя сілы Ірана раней паабяцалі «рашучы адказ» на ізраільскае нападзенне.

Хаменеі сказаў, што дае поўную свабоду дзеянняў ваенным.

Тым часам у Тэгеране раніцай у пятніцу прагучала новая серыя выбухаў, паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне.

Паводле яго даных, спрацавала сістэма супрацьпаветранай абароны.

Выбухі таксама чулі карэспандэнты AFP у горадзе. Паводле паведамленняў іранскіх СМІ, у сталіцы краіны пашкоджаныя жылыя дамы, ёсць таксама загінулыя — не толькі сярод афіцыйных асоб.

Там пацвердзілі, што Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты краіны.

З'явілася таксама інфармацыя пра гібель начальніка Генштаба Ірана Махамеда Багеры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула