БЕЛ Ł РУС

У Індыі знайшлі расіянку, якая разам з дзецьмі жыла ў пячоры

17.07.2025 / 13:32

Nashaniva.com

Жанчына сцвярджае, што на працягу 15 гадоў жыла ў лясах 20 краін і самастойна нараджала дзяцей.

Ніна Куціна разам з дочкамі ў атачэнні супрацоўніц дабрачыннай арганізацыі. Фота: Office of the Superintendent of Police, Uttara Kannada District, Кarnataka

9 ліпені 2025 года ў паўднёваіндыйскім горадзе Гокарна (штат Карнатака) паліцыя выпадкова выявіла незвычайную жыхарку мясцовага лесу. Патрулюючы ў пошуках турыстаў небяспечную зону, дзе часам здараюцца апоўзні, інспектар паліцыі ў гушчары заўважыў статую індуісцкага бажаства, а за ёй — фіранкі з чырвоных сары, якія хавалі ўваход у пячору. Унутры ён знайшоў расіянку Ніну Куціну і дзвюх яе дачок, чатырох і шасці гадоў, паведамляе The New York Times,

Як высветлілася, 40-гадовая Куціна ўжо дзевяць гадоў жыве ў Індыі ў пошуках духоўнай гармоніі. У пячоры, дзе яе знайшоў паліцэйскі, сям'я правяла прыкладна тыдзень. Там жанчына медытавала пры святле свечак, займалася ёгай і гатавала ежу на прымітыўнай кухні на дровах. Сцены пячоры былі ўпрыгожаныя выявамі індуісцкіх багоў.

Нягледзячы на небяспеку, жанчына адмовілася пакідаць пячору. Толькі пасля доўгіх перамоваў паліцыя пераканала яе і дачок пераехаць у прытулак для жанчын, які кіруецца дабрачыннай арганізацыяй.

Паводле паліцыі, ураджэнка Краснаярска Куціна ўпершыню прыехала ў Індыю ў 2016 годзе па шасцімесячнай бізнэс-візе і спынілася ў Гоа — курортным штаце, які прыцягвае замежнікаў, што шукаюць духоўнасць.

Куціна пражыла ў краіне год пасля заканчэння візы, але ў 2018-м ёй дазволілі выехаць з Індыі. Затым яна накіравалася ў Непал, дзе знаходзілася 90 дзён па турыстычнай візе. Але ў 2020 годзе Куціна вярнулася ў Індыю ўжо па шматразовай турыстычнай візе разам з двума сынамі і дачкой.

Згодна з урадавымі запісамі, яе старэйшы сын загінуў у аварыі ў мінулым годзе ва ўзросце 21 года. Прах сына Ніна заўсёды насіла з сабой.

Дзе знаходзіцца другі сын Куцінай, якому цяпер 11, невядома. Адна з яе дачок нарадзілася ва Украіне, другая — ужо ў Індыі.

Як паведамляе The Hindustan Times, Куціна заявіла паліцыі, што яе сям'я «любіць прыроду», і што яна сама жыла ў лясах больш чым 20 краін за апошнія 15 гадоў.

«Мае дзеці нарадзіліся ў розных месцах. Я нарадзіла іх усіх сама, без бальніц і лекараў, бо я ведаю, як гэта рабіць. Мне ніхто не дапамагаў, я зрабіла гэта сама», — пераконвала яна.

Расійскія СМІ паведамляюць, што Куціна была замужам два разы. Першы яе муж, ад якога яна мела сына, трагічна загінуў. З другім мужам яна некаторы час жыла ў Маскве, затым ва Львове, падарожнічала па Каўказе і Карпатах, была ў Інданезіі, Малайзіі і Тайландзе. У гэтым шлюбе нарадзіўся другі сын. Пасля таго, як пара рассталася, Ніна адправілася ў Індыю.

У Гоа жанчына падпрацоўвала выкладчыцай у мясцовай школе для рускамоўных дзяцей. Яна неаднаразова наведвала Гокарну і, паводле паліцыі, праводзіла ў пячоры часам па некалькі тыдняў. Паліцэйскі, які яе знайшоў, расказаў, што Куціна ведае шмат пра прыроду, умее прыгатаваць простыя стравы з агародніны і мукі.

Пасля затрымання Куціна адправіла электронны ліст родным: «Наш спакойны пячорны рай скончыўся — наша жытло знішчана. За гады жыцця пад адкрытым небам у гармоніі з прыродай ніводзін звер ці змяя нам не нашкодзілі».

Аднак гэтым разам улады Індыі паставіліся да яе лёсу сур’ёзна. Жанчыну і яе дачок перавезлі ў Бенгалуру — сталіцу штата Карнатака, дзе органы міграцыйнага кантролю пастанавілі назіраць за сям’ёй і падрыхтаваць дэпартацыю ў Расію. Пакуль іх змясцілі ў спецыяльны цэнтр для затрыманых.

Як піша The Hindustan Times, паліцыя здолела адшукаць грамадзянскага мужа Куцінай і бацьку яе дзвюх дачок — 40-гадовага грамадзяніна Ізраіля Дрора Гальдштэйна.

Дрор Гальдштэйн (злева) і Ніна Куціна. Фота: інфармацыйнае агенцтва PTI / ANI

«Я патрабую сумеснай апекі. Жадаю мець магчымасць сустракацца з імі, быць побач з імі і быць бацькам. Вось і ўсё», — цытуе словы мужчыны выданне.

У час размовы з псіхолагам расіянка расказала аб адносінах з Гальдштэйнам і аб тым, што нарадзіла малодшую дачку ў пячоры ў Гоа. Па яе словах, свае адносіны з ізраільцянінам, які гандлюе ў Індыі тэкстылем, яна не рэгістравала. Пасля нараджэння другой дачкі яны рассталіся.

Як паведамляюць СМІ, паліцыя спадзявалася, што Гальдштэйн зможа аплаціць білеты на пералёт. Ці вырашана гэта пытанне, невядома.

Чытайце таксама:

З пячоры ў Індыі вывелі 110-гадовага пустэльніка, які ўсё жыццё правёў у медытацыях

Жанчына займалася сэксам з будысцкімі манахамі, а пасля шантажавала іх

Каментары да артыкула