Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў стаў камандзірам батальёна УСУ
Украінскі кінарэжысёр і сцэнарыст Алег Сянцоў, які ў 2014—2019 гадах быў палітычным зняволеным Крамля і абараняе Украіну з пачатку развязанай Расіяй у 2022 годзе поўнамаштабнай вайны, стаў камандзірам батальёна.
Фота: Алег Сянцоў / Facebook
«У мяне дрэнныя для вас навіны: вайна заўтра не скончыцца, і паслязаўтра не скончыцца, і хутчэй за ўсё ў гэтым годзе не скончыцца», — сказаў ён на штогадовай канферэнцыі «Як нам завяршыць вайну» ў Кіеве. Ягоныя словы прыводзіць Інтэрфакс-Украіна.
У пачатку вайны Сянцоў пайшоў абараняць Кіеў у складзе тэрытарыяльнай абароны, затым улетку 2023 года атрымаў званне афіцэра і стаў камандзірам штурмавой роты 47-й брыгады. Некалькі разоў быў паранены.
Сянцоў адзначыў, што з 2022 года вайна моцна змянілася. «Мы бегалі пад Бахмутам з аўтаматамі ва ўвесь рост — ужо такой вайны няма.
Пяхота выжывае, сядзіць у норах і чакае таго, каб іх не паразілі FPV. Таксама і наш праціўнік: ніякіх ужо механізаваных штурмаў, ніякіх ужо брыгад, якія вось так ідуць, — інфільтрацыя, маленькія групы людзей», — апісаў рэжысёр.
«Яны цяпер крыху прасоўваюцца, але ўжо такіх тэмпаў няма. І калісьці настане дзень, калі мы спынім іх, і тады Пуцін задумаецца, ці ёсць сэнс рабіць нешта далей», — лічыць Сянцоў.
Ён дадаў, што адначасова важна працягваць ціснуць на Расію палітычна і эканамічна.
«Таму што другі этап заканчэння вайны — гэта не калі ўстане фронт, а калі ў Расіі зменіцца палітычны рэжым. Калі Расія прызнае гэтую вайну памылкай, калі Расія будзе гатовая аддаць нашу тэрыторыю, сказаць: мы былі мы не мелі рацыі, прабачце, будзем каяцца ўсё сваё жыццё. Гэта будзе для мяне перамога. Я веру, што гэты дзень настане», — заявіў Сянцоў.