Беларускі палітолаг сыграе бандыта ў польскім крымінальным серыяле
Актывіст і палітолаг Сяргей Марцалеў яшчэ ў 2000‑х марыў сыграць рускага бандыта ў крымінальным серыяле, які глядзеў па польскім тэлебачанні. Тады гэта здавалася амаль нерэальным.
Фота з архіва Сяргея Марцалева
Але нядаўна беларуса зацвердзілі на эпізадычную ролю ў папулярным польскім серыяле. І граць ён будзе бандыта з СНД, які размаўляе па-польску з акцэнтам. Most пагаварыў з Сяргеем пра шлях да здымачнай пляцоўкі і ўвасабленне даўняй мары.
Сяргей Марцалеў — беларускі актывіст, палітолаг, былы палітвязень. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ён быў кіраўніком штаба Мікалая Статкевіча. У 2020 годзе працаваў з прадпрымальнікам і грамадскім дзеячам Мікалаем Аўтуховічам, які пазней па палітычных артыкулах (у тым ліку «тэрарызм» і «здрада дзяржаве») атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Марцалеў займаўся інфармацыйным суправаджэннем, вёў Telegram-канал і сацсеткі.
На «Беларусьфільме» зарабляў на абеды
Упершыню на здымачную пляцоўку Сяргей трапіў у Беларусі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступных пратэстаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску яго, тады кіраўніка штаба Мікалая Статкевіча, арыштавалі і асудзілі ўмоўна на два гады за «парушэнне грамадскага парадку».
— Быў пад пастаянным наглядам міліцыі. Мяне нікуды не бралі на працу — ні грузчыкам, ні куды-небудзь яшчэ. Я пісаў матэрыялы для СМІ, але ўладкавацца афіцыйна было немагчыма. Адзінае месца, дзе ўдавалася зарабіць хаця б на абед, — гэта праца статыстам на «Беларусьфільме». Плацілі вельмі дрэнна, але нават гэтыя мінімальныя грошы для мяне былі выратаваннем, — распавядае ён.
«Гэты багемны флёр»
Пасля пераезду ў Польшчу ў 2021 годзе Сяргей зноў акунуўся ў кіно, але ўжо з іншым настроем.
— Спачатку гэта было жаданне вярнуцца ў гэтую сферу, гэты багемны флёр. Рэжысёр і здымачная група ствараюць зусім неперадавальную атмасферу. Гэта больш, чым грошы. Статысты атрымліваюць параўнальна невялікую аплату, але сама кіношная мітусня, творчы працэс і знаёмыя твары ствараюць настрой. Асабліва прыемна бачыць акцёраў і рэжысёраў, якія звяртаюцца з павагай, як з роўнымі, дзякуюць за ўдзел. І хоць за дзень працы на будоўлі можна зарабіць больш, у масоўцы ты атрымліваеш маральнае задавальненне ад таго, што робіш, — кажа Сяргей.
У красавіку гэтага года ён звольніўся з пастаяннай працы, і кіно стала для яго асноўным спосабам падтрымліваць сціплы бюджэт. За гэты час ён ужо паўдзельнічаў у некалькіх дзясятках серыялаў, рэкламных ролікаў і фільмаў у якасці статыста.
Сяргей кажа, што такі спосаб заробку прыцягвае многіх, хто апынуўся ў Польшчы не па сваёй волі — украінцаў і беларусаў. На пляцоўцы ён сустракаў журналістаў, актывістаў і нават вядомага беларускага барда.
За эпізадычныя ролі плацяць у 4—7 разоў больш, чым статыстам
Адбор у масоўку праходзіць праз агенцтва. Рэжысёр адпраўляе туды заяўку, і калі кандыдат падыходзіць па ўзросце і знешнасці, агенцтва адпраўляе яго фатаграфіі памочніку рэжысёра. Паводле статыстыкі Сяргея, у сярэднім з дзевяці заявак пяць-шэсць атрымліваюць адабрэнне.
Стаўкі на ўдзел у масоўцы вагаюцца ад 100 да 150 злотых ( 27‑40 даляраў) за дзень, начныя здымкі аплачваюцца вышэй — каля 200 злотых (55 даляраў).
— Калі прапануюць большую стаўку, конкурс вышэйшы. Калі плацяць каля 100 злотых за дзень, конкурсу можа і не быць — можа быць недабор.
Ганарары за эпізадычныя ролі, паводле слоў Сяргея, у 4—7 разоў большыя, чым у статыстаў. Стаўка можа залежаць ад аб’ёму тэксту.
— Калі сыграеш пяць эпізодаў, цябе ўносяць у Дзяржаўны рэестр кінаакцёраў Польшчы. За галоўную ролю ў камерцыйнай рэкламе можна атрымаць дзясяткі тысяч злотых — гэта, скажам так, самы высокі бонус, які можа зарабіць пачатковец у кінаіндустрыі, — тлумачыць Сяргей.
Па яго словах, можна гадамі хадзіць у масоўку, каб прапанавалі нешта больш сур’ёзнае. Таму важна наведваць кастынгі і прапаноўваць свае паслугі агенцтвам. Яны ўносяць акцёраў у базу дадзеных — і ў любы момант могуць адгукнуцца. Гэта шанец трапіць у рэкламу або эпізод — там не толькі ганарар вышэйшы, але і прозвішча акцёра з’яўляецца ў тытрах.
Успомніў нулявыя
Нядаўна Сяргею прапанавалі ролю ў папулярным польскім крымінальным серыяле на адным з каналаў. Раскрываць падрабязнасці ён не можа паводле ўмоваў дамовы, кажа толькі, што гэта эпізадычная роля рускамоўнага бандыта з адной з краін СНД.
— Мне перазваніў асістэнт рэжысёра і паведаміў, што яны зацікаўленыя ўва мне. Каб прайсці далей, трэба было вывучыць на памяць сцэну і запісаць відэа, дзе я чытаю рэплікі свайго персанажа, а нехта — рэплікі іншых, — распавядае Сяргей.
Калі беларус канчаткова атрымаў пацвярджэнне ролі, успомніў нулявыя гады і серыял, які глядзеў амаль кожны дзень. Тады яго прыцягвала менавіта роля бандыта — бунтара, які супрацьпастаўляе сябе грамадству, часам жорсткага, часам высакароднага, але заўсёды харызматычнага. Цяпер аказалася, што даўняя мара збылася менавіта так, як Сяргей сабе ўяўляў.