БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт ПАР заявіў, што паўднёваафрыканцы, якія ваююць ва Украіне, трапілі ў пастку на Данбасе

6.11.2025 / 13:45

Nashaniva.com

Урад Паўднёвай Афрыкі заявіў, што атрымаў сігналы бедства ад 17 грамадзян краіны, якія аказаліся ў складзе фармаванняў наёмнікаў, што ўдзельнічаюць у вайне Расіі з Украінай. Усе яны — мужчыны ва ўзросце ад 20 да 39 гадоў, якія знаходзяцца ў цяперашні момант у цяжкіх умовах на Данбасе, піша Бі-бі-сі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Сірыл Рамафоса ў Прэторыі ў красавіку 2025 год. Фота: Themba Hadebe / AP

Пры гэтым у заяве ўладаў не ўдакладняецца, на чыім баку ваююць паўднёваафрыканцы.

Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса даручыў сваім структурам правесці расследаванне і ўстанавіць, пры якіх абставінах гэтыя маладыя людзі былі завербаваныя. На думку ўладаў, іх маглі прывабіць абяцаннямі высокіх заробкаў.

Згодна з паўднёваафрыканскім заканадаўствам, удзел у баявых дзеяннях на баку іншых дзяржаў забаронены, калі толькі гэта не санкцыянавана самім урадам.

Прэс-сакратар офіса Рамафосы Вінсэнт Магвенья паведаміў, што ўлады выкарыстоўваюць дыпламатычныя каналы, каб вярнуць грамадзян ПАР дадому. Вядома, што 16 чалавек родам з правінцыі Квазулу-Натал, адзін — з Усходняга Кейпа.

«Прэзідэнт Рамафоса і ўрад Паўднёвай Афрыкі рашуча асуджаюць эксплуатацыю ўразлівай моладзі асобамі, звязанымі з замежнымі ваеннымі структурамі», — заявіў Магвенья.

Між тым, як устанавіла Бі-бі-сі, Крэмль актыўна пашырае свой уплыў у Афрыцы. Групоўка «Афрыканскі корпус», што кантралюецца Мінабароны Расіяй, фактычна замяніла ПВК «Вагнер» у Заходняй Афрыцы пасля гібелі Яўгена Прыгожына.

Раней, у жніўні, улады ПАР заклікалі маладых жанчын не адгукацца на прапановы працы за мяжой, асабліва ў Расіі. Расследаванне Бі-бі-сі паказала, што дзяўчат з Афрыкі і Паўднёвай Азіі вербавалі для працы на абаронных прадпрыемствах у асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Татарстане.

Па ацэнках, больш за тысячу жанчын былі нанятыя для працы на прадпрыемствах па вытворчасці дронаў і ўзбраенняў. У верасні паліцыя Кеніі паведаміла, што выратавала больш за 20 чалавек з меркаванай сеткі гандлю людзьмі, якая прываблівала іх абяцаннямі працаўладкавання ў Расіі, а насамрэч збіралася адправіць на вайну ва Украіну.

Раней Украіна заяўляла, што ўтрымлівае ў лагерах ваеннапалонных грамадзян Самалі, Сьера-Леонэ, Тога, Кубы і Шры-Ланкі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на баку Расіі.

Кіеў таксама раней падвяргаўся крытыцы за спробы вербаваць замежных грамадзян, у тым ліку афрыканцаў, для ўдзелу ў баявых дзеяннях на сваім баку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула