Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з нацыянальным святам, запрасіўшы ў Беларусь
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з Днём незалежнасці.
Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP
«У гэты няпросты час асабліва адчувальна ўспрымаюцца каштоўнасці суверэннасці дзяржавы і свабоды народа, які стварае сваю будучыню на аснове нацыянальнага самаўсведамлення, гістарычнай мудрасці і падтрымкі ўзаемапаважлівых адносін», — гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка перакананы, што палякі бачаць і добра разумеюць значнасць міжчалавечых кантактаў і супрацоўніцтва з Беларуссю, сяброўства і даверу, захавання агульнай хрысціянскай і культурнай спадчыны.
«Добрасуседства — наш бясцэнны дар, якім пры любых абставінах не варта рызыкаваць: замыкаць межы і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта таму Мінск, дэманструючы прыхільнасць прынцыпам мірнага суіснавання, увёў бязвізавы парадак уезду для жыхароў шэрагу еўрапейскіх краін, чым ужо скарысталіся больш за 120 тыс. польскіх грамадзян».
Ён пажадаў народу Польшчы згоды, бязвоблачнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а таксама запрасіў усіх у гасцінную Беларусь.
Традыцыйна Лукашэнка віншуе народы той ці іншай краіны, але не «недружалюбнае кіраўніцтва».