Стала вядома, хто ўзначаліў Палац рэспублікі замест сябрука Эйсмант, які пагарэў на карупцыі
Пасля затрымання Максіма Прыхадоўскага крэсла дырэктара Палаца рэспублікі некалькі месяцаў заставалася вакантным.
Цяпер стала вядома, што месца заняў Мікалай Маскалёў — яго прозвішча з’явілася на афіцыйным сайце ўстановы.
Раней Мікалай Маскалёў працаваў на пасадзе прарэктара Акадэміі кіравання.
Ператасоўка кадраў там пачалася ў кастрычніку — тады Лукашэнка замяніў рэктара: замест былога намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, які кіраваў ВНУ з чэрвеня 2024 года і, відавочна, не спраўдзіў чаканняў, туды прызначылі нядаўняга рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука.
Мікалай Маскалёў. Фота: pac.by
Новы дырэктар Палаца рэспублікі, у адрозненне ад свайго папярэдніка Прыхадоўскага, досведу ў сферы культурна-глядацкіх імпрэз да прызначэння зусім не меў. Затое можа пахваліцца бэкграўндам дзяржаўнай службы.
Па інфармацыі Belpol, 45‑гадовы ўраджэнец Хоцімска працаваў ва ўстанове матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Таксама ён паспеў папрацаваць у сакратарыяце Савета Рэспублікі.
Маскалёў жанаты на супрацоўніцы страхавой кампаніі «Прамтрансінвест», у сям'і выхоўваюць дзвюх дачок.
Што тычыцца Максіма Прыхадоўскага, то з яго знялі ўсе абвінавачванні і нават падарылі новае цёплае месца — цяпер функцыянер працуе ў Белавежскай пушчы. Па яго словах, гэта адбылася дзякуючы сяброўству з прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Наталляй Эйсмант.