Культура15

Вядомыя беларусы распавялі, што дапамагло ім стаць паспяховымі

Цукерберг, Джобс, Шанэль — гэтыя прозвішчы ведае ўвесь свет. Кнігі па іх біяграфіях разыходзяцца шматтысячнымі тыражамі, а фільмы трапляюць у залатыя калекцыі. Як яны ішлі да поспеху і вядомасці, з чаго пачыналі? Што іх вылучала сярод іншых? Такія гісторыі заўжды натхняюць, бо яшчэ раз даказваюць: няма нічога немагчымага.

Разам з velcom мы коратка занатавалі гісторыі поспеху пяці герояў — беларусаў. Іх шлях ад школы да ўласных праектаў. Хай гэта натхніць вас прыдумляць, ствараць і рабіць Беларусь лепшай.

Калі вы, вашы сябры, дзеці альбо дзеці вашых сяброў вучацца ў 10 ці 11 класе: да 11 лістапада яны яшчэ могуць падаць заяўку на сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH і прапанаваць сваю ідэю ў галіне тэхналогій, культуры ці інклюзіі. Падавацца могуць абсалютна ўсе вучні 10-11 класаў, якія хочуць змяніць сусвет. Аўтары самых цікавых ідэй атрымаюць магчымасць перанесці іх з тэорыі ў практыку, выступіць на TEDxYouth@Minsk і, больш за тое, выйграць iPhone Xs.

Ігар Маханёк, тэхнічны кіраўнік Facebook

— Мая маці працавала праграмісткай, таму ў 1990-я ў нас дома стаяў камп’ютар. На той момант гэта было рэдкасцю для Мінска. Спачатку я проста гуляў у камп’ютарныя гульні, а пасля пачаў разбірацца, як напісаць штосьці самастойна — стрыечны брат падкінуў кнігу па праграмаванні.

Маці настойліва вадзіла мяне ў спартыўныя секцыі: веласпорт, тэніс. Гэта мяне мала цікавіла, але дакладна паспрыяла развіццю. Невядома, як склаўся б мой лёс, калі б усяго гэтага не было. Ясна, што любому тынэйджару, якому нешта цікава, трэба ўвесь час шукаць магчымасці гэтым займацца: не дома, дык у школе, у сяброў і гэтак далей.

Навучанне ў ВНУ не зробіць праграмістам: многія мае аднакурснікі ў выніку займаюцца зусім іншымі справамі. Трэба, каб табе вельмі падабалася праграмаваць. Адно жаданне добра зарабляць не дапаможа стаць добрым спецыялістам.

У Google я трапіў дзякуючы рэкамендацыі аднакласніка Юрыя Мельнічака. Але гэта не значыць, што ў вялікіх кампаніях можна распачаць кар’еру толькі так. У Facebook я прабіваўся ўжо сам, праз звычайнага рэкруцёра.

Вядома, трапіць з Google у Facebook прасцей, чым з маленькай беларускай кампаніі ў міжнародную, аднак я ўсім раю спрабаваць свае сілы. Важны сам факт, што вы адважыліся падаць заяўку. Проста знайдзіце цікавую вам кампанію ў любой краіне і напішыце ім.

Нават калі вам адмовяць, можна паспрабаваць прайсці інтэрв’ю і заданні зноў праз паўгода ці год. У Facebook працуе каля 50 беларусаў, сярод іх і дызайнеры, і інжынеры — далёка не ва ўсіх былі нейкія рэкамендацыі.

Галоўнае ў любой сферы — працягваць самаадукацыю. Мінімум паўгадзіны ў дзень я выдаткоўваю на чытанне карысных кніг.

У маёй сферы ёсць два тыпы самаадукацыі. Першы тычыцца новых кірункаў праграмавання, накшталт machine learning. Другі, які мне значна цікавейшы, звязаны з камунікацыямі: лідарства, продажы, праца ў камандзе. Гэта тое, што патрэбна ўсім, незалежна ад прафесіі, і часам дапамагае не толькі ў працы.

Сфера праграмавання мае патрэбу ў добрых спецыялістах. Я бачу, як актыўна развіваюцца беларускія стартапы: рынак мацнейшы, чым быў нават 5 год таму. Я раю ўсім беларусам з прадпрымальніцкай жылкай, якія могуць ствараць нешта тэхнічнае, займацца глабальнымі стартапамі, арыентаванымі не толькі на беларускі рынак. Так прасцей знайсці інвестараў.

Каця Цікота, дызайнерка

— Да 17 год я жыла ў вёсцы, вучылася ў звычайнай школе. Акрамя тэатральнага гуртка і макрамэ, якія я наведвала, іншых секцый там не было. Расла звычайным дзіцём, якое старанна робіць урокі і вучыць вершы па літаратуры, зачытваючы іх тату.

Ён у мяне па адукацыі — тапограф, маці — геолаг. Яны шмат працавалі, не было такога, каб нехта з іх сядзеў без справы. Тата і сёння працуе прарабам амаль без выходных. У мяне ніколі не было крыўды, што мы жывём сціплей, чым іншыя сем’і.

Калі мне хацелася набыць нейкую рэч, я сама зарабляла на яе грошы. Напрыклад, збірала ў калгасе бульбу: у 10-м класе нават паказала найлепшы вынік у раёне на ўборачнай.

Яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што ў мяне добра атрымліваецца рабіць штосьці рукамі, увасабляць розныя ідэі з галавы. Але ў старэйшых класах не ведала, кім буду. Абірала месца для атрымання вышэйшай адукацыі па-дзіцячаму, метадам выключэння: «Можа, мне паступіць у Ліду, бо маю маці зваць Ліда? Толькі ж там можна вывучыцца толькі на цырульніцу. А, можа, на біёлага, бо мне добра даюцца хімія з біялогіяй?». У выніку я і паступіла на географа-біёлага.

Застацца ў сістэме адукацыі, раз паспрабаваўшы, я не здолела. Не верыла, што змагу самарэалізавацца. Вырашыцца заняцца адзеннем і цалкам змяніць жыццё таксама было няпроста. Было страшна ісці наперад, але я адчувала, што і назад рухацца не магу, мне трэба было зрабіць крок.

Самае страшнае — пачаць. Калі гэты этап пройдзены, далей ужо ўсё рухаецца неяк само сабой.

У любой справе арыенціры даюць дзве рэчы. Першая — адказ на пытанне, для чаго ты ўсё гэта робіш, якім ты бачыш сябе праз 5-10 гадоў (шчыра прызнаюся, у мяне з гэтым і цяпер цяжкасці). І другое — гэта настаўнік. Калі ён ёсць, то што б ні адбылося, ты ніколі не застанешся адзін. Ідэальна, калі гэтым настаўнікам, чалавекам, які адкрые схаваныя рэзервы, стане нехта з сям’і.

Калі паразважаць, ці змагла б я рэалізоўвацца гэтаксама, застаўшыся ў вёсцы… Думаю, не. Увогуле, абапіраючыся на свой досвед,

я выступаю за тое, каб дзеці з’язджалі ад бацькоў і жылі самастойна, як толькі ім спаўняецца 17 год. Бацькі не павінны пражываць жыццё сваіх дзяцей.

Думак з’ехаць з Беларусі ў мяне няма, нягледзячы на нашы рэаліі. Калекцыю джынсаў для людзей з інваліднасцю для нашай фокус-групы, напрыклад, на прадпрыемстве, якое нам параілі ў «Беллегпраме», адшывалі 9 месяцаў замест 3 тыдняў, як было дамоўлена. І я нічога не магла з гэтым зрабіць. Было балюча ад безвыходнасці, апускаліся рукі… Але

ўсё, што ні адбываецца з намі, патрэбна як досвед.

Рэчы, якія я рабіла з вінтажнага адзення, запрасілі прадэманстраваць на Беларускім тыдні моды літаральна праз год існавання праекта Tikota Unique.

Цяпер я прыйшла да сацыяльных праектаў: TIKOTA MAMA (адзенне для цяжарных і кормячых маці) і TIKOTA INCLUSIVE (калекцыя для людзей з інваліднасцю). Для мяне гэта як выхад на новы ўзровень асэнсавання, куды прывялі досвед і ўзрост. Думаю, у нейкі момант кожны з нас прыходзіць да таго, каб бачыць не толькі сябе, свае амбіцыі, але і іншых людзей, іх праблемы.

Андрусь Бездар, заснавальнік архітэктурнага бюро ZROBYM architects і брэнда адзення UND

— З ранняга дзяцінства я размалёўваў усё. Шпалеры, усё. Вядома, бацькі вырашылі аддаць мяне ў мастацкую школу. Я б, можа, і стаў мастаком, але школа змяніла ўхіл з мастацкага на архітэктурна-мастацкі. Да таго ж, у мяне быў аднакласнік Цяльцоў — у яго бацька і старэйшы брат мелі сваю архітэктурную кантору. І я ўжо ў 7 класе зразумеў, што грошы там. Бо ў мастацтве іх мала.

Ва ўніверсітэце я пазнаёміўся з разважлівым хлопцам Аляксеем Караблёвым. Ён мне сказаў, што разумныя людзі рана ці позна ўсё адно адкрываюць сваю справу. І пачынаць трэба як мага раней, каб хутчэй прайсці ўсе этапы спроб, няўдач і памылак. Да таго ж, у нас была мэта: пасля заканчэння ўніверсітэта размеркавацца ва ўласную фірму.

(Андрусь ніколі ў жыцці не працаваў на кагосьці, калі не лічыць досведу ўпакоўшчыка мюслі, кім ён падпрацоўваў яшчэ ў школе — Рэд.)

Ведаў, каб распачаць сваю справу, вядома, не хапала. Адказы на пытанні шукалі ў інтэрнэце. Першых супрацоўнікаў наймалі нават не сярод сваіх аднакурснікаў, бо яны лічылі нас вар’ятамі і не пагаджаліся з намі працаваць. Працавалі са студэнтамі каледжа пры БНТУ.

Архітэктар павінен быць не толькі вельмі эрудзіраваным чалавекам, ведаць тэхнічны бок справы, разбірацца ў мастацтве, гісторыі, філасофіі, але і ўмець размаўляць. Намаляваць праект — палова працы. Яго яшчэ трэба прадаць.

Урэшце на нас-такі падалі ў суд. Мы яго прайгралі, сплацілі кліенту 2000 даляраў, звольнілі ўсіх супрацоўнікаў і сталі думаць, што рабіць далей.

Тады да нас дайшло. Каб быць паспяховымі, трэба наймаць на працу людзей, разумнейшых за нас з Аляксеем. І гэта спрацавала! Мы тады сабралі вельмі моцную каманду. Чатыры чалавекі, якія калісьці працавалі ў нас, адкрылі ўжо свае архітэктурныя бюро.

Я замежную мову ведаю дрэнна, таму перамовы з замежнікамі вядзе ў асноўным Аляксей (30% замоў — замежныя). Але я планую наняць рэпетытара па англійскай мове, які б прыходзіў да нас у студыю і вучыў мове не толькі мяне, але і ўсіх нашых архітэктараў. Шмат магчымасцяў наперадзе, шмат цікавай працы. Мы ўсё яшчэ па-творчаму галодныя.

Андрэй Кім, заснавальнік праекта «Кінаконг» — прафесійная агучка кіно па-беларуску

— З дзяцінства са мной застаецца адно захапленне, актуальнае па сёння: я займаўся вакалам, працягваю спяваць і цяпер.

Рэпетыцыі, гастролі з хорам — часу на іншыя пазакласныя цікаўнасці ў мяне не было. Здаралася, што ў школе я з’яўляўся радзей, чым на занятках па вакале: мяне нават хацелі пакінуць на другі год. Але, калі шчыра, мяне гэта не хвалявала: школу я не любіў.

Хоць я і хадзіў у адну з элітных беларускамоўных гімназій Мінска, нічому добраму мяне там не навучылі. Было адно правіла: трэба быць, як усе.

Настаўнікаў, якія мне штосьці далі, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Праўда, у Коласаўскім ліцэі, дзе я вучыўся пазней, сітуацыя была ўжо лепшай.

Што мяне сапраўды развіла, дык гэта ўдзел у дэбатах і гульні «Што? Дзе? Калі?».

Я ніколі не быў лідарам, але чамусьці стаў капітанам каманды. Там я вучыўся працаваць у камандзе. Калі ты капітан, галоўны, ты мусіш прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Менавіта ты адказваеш за ўсе памылкі каманды.

Свае першыя грошы я зарабіў яшчэ ў школе — спевамі. Усё аддаваў бацькам.

Праўда, аднойчы пасварыўся з імі і каб суцешыць сябе, залез у тыя зберажэнні, узяў 10 даляраў і купіў сабе штосьці. І прайграў: абмяняў грошы па афіцыйным курсе, а ён быў зусім нявыгадны. Ну і трэба разумець, што 10 даляраў тады былі немалой сумай: прыблізна ў той жа час маці зарабляла каля 30 даляраў у месяц.

Пазней я меў свае зберажэнні з таго, што, напрыклад, вярстаў сайты. Пасля выключэння з БДУ працаваў нават дворнікам.

Калі я вёў перамовы з кінатэатрамі, каб паказваць фільмы з беларускай агучкай, разумеў, што ўсе цяжкасці — гэта мой шлях. Можна было б пачаць ныць, што мае бацькі — не мільянеры, не чыноўнікі высокага рангу, з якімі б усё давалася ў разы прасцей. Ныць, што я не такі светласкуры, як іншыя, што мяне дыскрымінуюць і таму ў мяне нічога не атрымліваецца… Але гэта самы кепскі з усіх варыянтаў.

Вельмі важна навучыцца не залежаць ад мінулага. Памылкі бацькоў, учынкі продкаў, уласныя паразы і правалы ў мінулым не павінны вызначаць цябе ў будучыні. Паспяховы чалавек здольны пераадолець крызіс і на ім вучыцца.

Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея

— Я загарэўся гэтым яшчэ ў пачатковай школе. Мне было вельмі цікава ствараць, напрыклад, школьную насценгазету, арганізоўваць святы і займальныя сустрэчы. Я не марыў быць творчай асобай, але я марыў аб’ядноўваць творчых людзей дзеля якой-небудзь цікавай справы.

Школу я не вельмі любіў, больш часу праводзіў у пазашкольных гуртках і аб’яднаннях. Вучыўся ў Маладзечне, там у Палацы культуры працавала асветніцкае аб’яднанне «Светач». Мы ладзілі імпрэзы, сустрэчы. Вельмі моцнай была краязнаўчая праца. Потым, ва ўніверсітэце і пасля, з тымі людзьмі, з якімі я пазнаёміўся ў час «Светача», мяне не раз зводзіў лёс.

Праца ў музеі вельмі рознабаковая. Гэта і навуковая, і выдавецкая, і міжнародная, і фондавая, і выставачная дзейнасць. Шмат сіл вымагае фінансава-гаспадарчая работа. Кожны дзень даводзіцца нешта рабіць упершыню, тое, чаго раней не рабіў. І, канешне ж, працягваць вучобу.

Акрамя адукацыі, якую я цяпер атрымліваю ва Універсітэце культуры — я аспірант кафедры культуралогіі, паступіў у Акадэмію кіравання. Але я лічу, што

найлепшая навука — гэта праца з разумнымі, дасведчанымі людзьмі. Шмат парадаў я бяру ў сваіх старэйшых калег, настаўнікаў.

Цяпер я шмат думаю над тым, як прыцягнуць у музей наведнікаў. Заманіць можна толькі цікавымі, сучаснымі праектамі. Дзеля гэтага мы шмат ездзім па музеях іншых краін, набіраемся вопыту. Ну і працуем з дня ў дзень, каб кожны жыхар краіны ведаў, што гісторыка-культурная спадчына Беларусі — гэта наш гонар. 

Сёння ў школьнікаў безліч магчымасцяў заявіць пра сябе. Да 11 лістапада вучні старэйшых класаў могуць падаць заяўку на сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH, апісаўшы ўласную ідэю ў адным з трох напрамкаў (тэхналогіі, культура, інклюзія). Аўтары самых цікавых ідэй атрымаюць магчымасць перанесці іх з тэорыі ў практыку, выступіць на TEDxYouth@Minsk і выйграць iPhone Xs.

Дык спрабуйце! Усе падрабязнасці па спасылцы

Каментары15

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць