БЕЛ Ł РУС

Сьвятлана Алексіевіч: «Сьвет — гэта вялікі рынак»

23.09.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Высновы чарнобыльскага дакладу ААН ставяць пад сумнеў апакаліптызм «Чарнобыльскай малітвы» Сьвятланы Алексіевіч. Што пра гэта думае аўтарка?

«НН»: Спадарыня Сьвятлана, на апошнім «чарнобыльскім» форуме ў Вене была выказана думка, што вынікі катастрофы не такія сур’ёзныя, як лічылася. У кнізе «Чарнобыльская малітва» Вы пішаце, што катастрофа стала нацыянальным бедзтвам для Беларусі. Ці напісалі б вы такі твор цяпер?

Сьвятлана Алексіевіч: Я акурат гэта і раблю — для перавыданьня ў многіх краінах дапоўненай вэрсіі «Чарнобыльскай малітвы», прымеркаванага да 20-годзьдзя катастрофы. У шэрагу краін кніга будзе выдадзена ўпершыню. І мая філязофія абсалютна не зьмянілася. Я думаю, што мы не ўсьвядомілі Чарнобылю, чалавецтва яго не ўсьвядоміла. Беларусам даводзіцца адказваць за ўсё. На жаль, яны як былі, так і засталіся чарнобыльскай лябараторыяй. А што да справаздачы МАГАТЭ — трэба ясна ўсьведамляць, што сьвет робіцца больш правым, да ўлады прыходзяць паўсюль адпаведныя ідэі. Існуе сусьветнае атамнае лобі. Сьвет — гэта вялікі рынак, і ўсе паводзяць сябе як дачасьнікі.

«НН»: Як зьмяніў Чарнобыль беларусаў за гэтыя 20 гадоў?

СА: Я думаю, што з гледзішча чарнобыльскай праблемы, якая несупастаўная з чалавечым жыцьцём, калі ўяўляць сабе, што распад многіх радыяактыўных рэчываў займае дзясяткі, сотні тысяч год, дык два дзясяткі год — гэта вельмі маленькі тэрмін. А ў Беларусі супалі дзьве катастрофы — гістарычна-сацыяльная і чарнобыльская. Апынуўшыся ў пастцы, у рэзэрвацыі гісторыі, беларусы ў цэлым не ўключыліся ў асэнсаваньне таго, што зь імі насамрэч адбылося. Праблему зьвялі на мэдыцынскі ўзровень, на эканамічны, палітычны. У эліты не знайшлося моцы, каб гэта ўсьвядоміць, не было адпаведнага інтэлектуальнага капіталу. Зрэшты, яго і ва ўсім сьвеце ня так і шмат.

Сьвет настолькі робіцца апакаліптычным, настолькі ён рухаецца па нейкай сьпіралі самазьніштажэньня, што, калі б зьявіўся Талстой ці Дастаеўскі, яны б разьбіраліся з чалавекам, а не з Чарнобылем. А ўжо праз чалавека — Чарнобыль. Чаму чалавек увогуле па прыродзе сваёй — самагубца? Тэма Дастаеўскага.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула