Мілінкевіч ня хоча цягнуць рызіну
Лідэры апазыцыі падпісалі супольную дэклярацыю аб гатоўнасьці працаваць адзінай камандай.
«Мы прыкладзём усе высілкі, каб падчас выбарчай кампаніі быў адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Для перамогі гэтага кандыдата спатрэбіцца падтрымка ўсіх выбарцаў, якія выступаюць за перамены, і высокапрафэсійная каманда аднадумцаў, якія маюць досьвед у розных галінах палітыкі, эканомікі і культуры», — гаворыцца ў дэклярацыі. «Мы будзем у гэтай камандзе», — запэўніваюць палітыкі.
Дакумэнт падпісалі У.Колас, А.Вайтовіч, С.Калякін, А.Лябедзька, В.Лявонаў, У.Парфяновіч, В.Фралоў, С.Шушкевіч, А.Мілінкевіч, М.Статкевіч і А.Ярашук. Практычна ўсе лідэры апазыцыі, акрамя А.Казуліна.
На думку аўтараў дакумэнту, «Кангрэс дэмакратычных сілаў стане па-сапраўднаму народным сходам тых, хто хоча ў краіне пераменаў».
А.Мілінкевіч і М.Статкевіч падпісалі дакумэнт з уласным дадаткам: «Падтрымліваю дэклярацыю пры ўмове, што адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў будзе абраны ў адпаведнасьці з рашэньнем кааліцыі на Кангрэсе 1—2 кастрычніка».
Досыць цягнуць рызіну, мяркуе А.Мілінкевіч. «Не павінна быць ніякіх пераглядаў ды іншых варыянтаў. Некаторыя прадстаўнікі дэмсілаў хочуць надаць Кангрэсу статус пэрманэнтнасьці. Гэта роўна сьмерці», — лічыць А.Мілінкевіч.