Шляхі рэфармаваньня ААН
Кожны народ мае права на самавызначэньне. Ці думае гэтак А.Лукашэнка? Пачуўшы ягоную прамову ў ААН («Мая краіна — СССР»), я сумняваюся.
Няўжо нацыянальная сьвядомасьць — гэта кепска?
Не існуе і палярнасьці ў сьвеце, як заяўляе прэзыдэнт. Заўжды было і будзе лідэрства. Толькі калі раней усе пытаньні вырашаліся двума лідэрамі, цяпер — адным. Так, лідэры не пазбаўлены памылак і канечнасьці свайго статусу. Тэзіс пра тое, што статус ААН неабходна зьмяніць у адпаведнасьці з «новым» сьветаўяўленьнем, слушны. Бо «новае» сьветаўяўленьне грунтуецца на тым, што праўда не на баку мацнейшага, а ў аб’ектыўным бачаньні прагрэсу, і ААН як найлепей дзеля гэтага пасуе. Рэформа непазьбежна прывядзе да пачатку новай эпохі ў разьвіцьці чалавецтва, вынікамі чаго будуць натуральная рэструктурызацыя сьвету і якасныя зьмены ва ўсіх краінах.
Калі ж сьвет прагне рэфармаваньня ААН, то яна мусіць стаць наднацыянальным судзьдзём у спрэчках паміж краінамі і паміж супольнасьцямі ў краінах.