Ён сышоў гэтак рана
За Зьмітра Кісяля ніколі не бывала сорамна. Цяжка пералічыць ягоныя заслугі ў адраджэньні беларускіх спраў.
Паходзіў зь сям’і вядомых беларускіх патрыётаў, рэпрэсаваных сталінскім рэжымам. Адзін са сталых фундатараў беларускіх спраў на Гарадзеншчыне. Шматлікія культурніцкія фэсты пачатку 1990-х былі зробленыя на ягоныя грошы! Зьміцер Кісель, як толькі пачаў нешта зарабляць у бізнэсе, адразу стаў адлічваць на справы беларускія, не пакідаючы часам сабе анічога. Ён і бізнэс свой разглядаў як крыніцу фінансаваньня беларускага Адраджэньня: адзін з заснавальнікаў традыцыі ўшанаваньня памяці Ларысы Геніюш у Зэльве, адзін з заснавальнікаў Дзён памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы, ініцыятар адраджэньня Сацыял-дэмакратычнай грамады ў Горадні. Аўтар “Пагоні”, пэўны час — старшыня гарадзенскай філіі БАЖ.
Ён ведаў шмат пра кожную вуліцу, кожны дом у Горадні. Меў сяброў па ўсёй краіне і за яе межамі. Калі думаеш, якімі людзьмі ўвасабляецца Беларусь, дык Зьміцер Кісель стаіць тут у першым шэрагу. Ён даказаў гэта цэлым сваім жыцьцём і апошнімі сваімі днямі.
Зьміцер Сідаровіч