БЕЛ Ł РУС

Хроніка

7.10.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Звальняюць Віктара Борыса

Капітана міліцыі Віктара Борыса зьбіраюцца звольніць з Гарадзенскага РУУС, як паведаміла 4 кастрычніка ягоная сястра Анжаліка. На яе думку, яму помсьцяць за дзейнасьць сястры і за подпіс пад лістом да Лукашэнкі ў абарону Саюзу палякаў.

Марыніч абскарджвае

Палітвязень Міхаіл Марыніч 4 кастрычніка падаў скаргу на рашэньне турэмнай камісіі, якая адмовіла яму ў датэрміновым вызваленьні.

Штраф за карыкатуры

Суд Першамайскага раёну Менску 23 верасьня аштрафаваў рэдактара газэты «Згода» Аляксея Караля й яго намесьніка Аляксандра Зьдзвіжкова на 100 базавых велічынь (2,55 млн руб.) кожнага «за распаўсюд у СМІ загадзя лжывых зьвестак». Падставай сталі каляжы, надрукаваныя ў газэце.

Ператрусы ў Віцебску

24 верасьня міліцыянты правялі ператрус у 24-гадовага будаўніка Ўладзіслава Анішчанкі: у роспытах яны цікавіліся дзейнасьцю незарэгістраванай арганізацыі «Зубр». 26 верасьня на вуліцы міліцыянты затрымалі актывістаў КХП — БНФ Уладзімера Плешчанку й Аляксандра Салаўяна, правялі іх асабісты надгляд. У Плешчанкі знайшлі ўлёткі. 29 верасьня правялі ператрус у беспартыйнага Юр’я Купрыянава.

Суды ў Берасьці

Берасьцейскі абласны суд 26 верасьня не задаволіў скаргі прафсаюзнага актывіста Валянціна Лазарэнкава й кіраўніка берасьцейскай філіі РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Ігара Маслоўскага на рашэньне раённага суду: у жніўні іх пакаралі штрафамі за арганізацыю сэмінару.

28 верасьня гэты ж суд не задаволіў скаргу актывіста ПКБ Анатоля Новіка: яго аштрафавалі на 40 б.в. (1 млн 20 тыс.) за правядзеньне партыйнага сходу, які быў кваліфікаваны як несанкцыянаваны сход.

Канец «Курьера из Борисова»

Калегія гаспадарчага суду Менскай вобласці 27 верасьня адхіліла касацыйную скаргу ТДА «Прэс-сэрвіс» — заснавальніка недзяржаўнай газэты «Курьер из Борисова». Прадпрыемства абскарджвала судовае рашэньне ад 24 жніўня наконт ліквідацыі.

Справа Скрабца

Палітвязьня Сяргея Скрабца 27 верасьня перавялі ў турэмны шпіталь па стане здароўя. 3 кастрычніка пракуратура закончыла расьсьледаваньне ягонай крымінальнай справы: экс-дэпутата вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, вымантачваньні крэдытаў і падрыхтоўцы да даваньня хабару ў буйным памеры.

Горадня: франтавыя зводкі

Гарадзенская філія БНФ пры канцы верасьня атрымала паведамленьне, што да 30 верасьня павінна заплаціць 1 млн 440 тыс. руб. судовых пошлін. Пошліны былі ўскладзеныя пасьля пройгрышу суду наконт высяленьня арганізацыі з памяшканьня.

Суд над Янам Романам адбыўся 28 верасьня: яго аштрафавалі на 50 б.в. (1 млн 275 тыс.) за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Такой арганізацыяй судзьдзя Натальля Козел палічыла зарэгістраваны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Намесьнік пракурора Ленінскага раёну Горадні Аляксандар Абрамовіч 29 верасьня афіцыйна папярэдзіў Анджэя Пісальніка, што той ня можа прадстаўляцца галоўным рэдактарам штотыднёвіка Саюзу палякаў Беларусі «Głos znad Niemna».

15 верасьня Вярхоўны суд адмовіў нагляднай скарзе актывіста прафсаюзу РЭП Ю.Курганскага. Гарадзенец абскарджваў рашэньне адміністрацыйнай камісіі наконт штрафу за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і «злоўжываньне працэсуальнымі правамі».

Галадоўкі

Прадпрымальніцы зь Берасьця Любоў Разановіч і Любоў Лаўруковіч 28 верасьня спынілі галадоўку пасьля кансультацый зь іншымі прадпрымальнікамі. Чыноўнікі аблвыканкаму абяцалі вырашыць спрэчныя моманты.

29 верасьня спыніў галадоўку Мікалай Аўтуховіч у Ваўкавыску: Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду скасаваў рашэньні ўсіх судовых інстанцый і накіраваў ягоную справу на перагляд.

Галадоўшчыцы з Ваўкавыску Натальлі Няборскай 30 верасьня дактары прапанавалі легчы ў шпіталь, бо ў яе пагоршыўся стан здароўя. Жанчына адмовілася.

Пінская прэса

Намесьнік старшыні Пінскага гарвыканкаму Аляксандар Канеўскі, паводле зьвестак ГА «БАЖ», 29 верасьня на нарадзе з супрацоўнікамі гарвыканкаму забараніў даваць інфармацыю супрацоўнікам мясцовай недзяржаўнай газэты «Мясцовы час». Мясцовае аддзяленьне РУП «Белсаюздрук» адмовілася падпісваць дамову на распаўсюд выданьня.

Нягоды «Народнай волі»

Газэта «Народная воля» 30 верасьня атрымала ліст ад «Менаблсаюздруку» з адмовай ад далейшага распаўсюджваньня. У дакумэнце сьцьвярджаецца, што газэта карысталася паніжаным попытам.

Затрыманьне ў Барысаве

У Барысаве 25 верасьня затрымалі 19-гадовага актывіста грамадзкай ініцыятывы «За чысты Барысаў!» Андрэя Маласая, які распаўсюджваў расклад беларускіх перадач тэлеканалу «Euronews».

Штраф «БДГ»

Суд Кастрычніцкага раёну Менску выпісаў «БДГ. Деловая газета» 50 млн руб. штрафу і журналісту Сяргею Сацуку — 5 млн на карысьць былога супрацоўніка АМАПу Сяргея Бядрыцкага. Справа тычылася артыкулу «Рэклямная акцыя» ў №70 за 20 траўня 2003 г., дзе расказвалася пра крымінальную справу, адным зь фігурантаў якой быў пазоўнік.

Штрафы ў Пінску

29 верасьня Пінскі суд аштрафаваў актывіста БСДП («Грамада») Сяргея Касьцюковіча на 20 б.в. (510 тыс. руб.) Яшчэ чатыры актывісты партыі атрымалі папярэджаньні. Падстава — затрыманьне партыйцаў 7 жніўня ў офісе фірмы «Паляшук», што было кваліфікавана як «несанкцыянаваны сход».

«Прессбол» у судзе

Галоўная бухгальтарка Вучэльні алімпійскага рэзэрву Сьвятлана Рамановіч падала пазоў супраць недзяржаўнай газэты «Прессбол» на 14 млн 510 тыс. руб. за артыкул, які напісала біятляністка Сьвятлана Парамыгіна. Узімку «Прессбол» прайграў пазоў міністру фінансаў Мікалаю Корбуту, выплаціўшы 40 млн. рублёў кампэнсацыі.

АШ

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула