БЕЛ Ł РУС

Лішкі бранятанкавай прадукцыі

7.10.2005 / 13:0

Nashaniva.com

У турму трапіў дырэктар Барысаўскага танкарамонтнага заводу, які вінавацілі ў кантактах з рэжымам Хусэйна.

Ваенная калегія Вярхоўнага суду 30 верасьня пакінула бязь зьменаў прысуд, вынесены начальніку Барысаўскага танкарамонтнага заводу Ўладзімеру Сакачу і намесьніку дырэктара па маркетынгу Ўладзімеру Дземяшкевічу. На касацыйнае пасяджэньне прыйшлі толькі сваякі і сябры падсудных. Сакача і Дземяшкевіча на пасяджэньні не было — зь ліпеня яны знаходзяцца ў сьледчым ізалятары.

Беларускі ваенны суд 14 ліпеня прызнаў Сакача і Дземяшкевіча вінаватымі па ч.4 арт.210 (крадзеж у асабліва буйных памерах са злоўжываньнем службовым становішчам, учынены групай асоб па папярэдняй змове), асудзіўшы на шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў. З кожнага таксама будзе спагнана па 529 млн рублёў на карысьць 140-га рамонтнага заводу за нанесеную матэрыяльную шкоду.

У.Сакач кіраваў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «140-вы рамонтны завод» з 1991 г. Мае вялікую колькасьць узнагарод, сярод якіх — ордэн «За службу Радзіме», уручаны асабіста Лукашэнкам, і дзяржпрэмію Расейскай Фэдэрацыі. Мае ўзнагароды і Ўладзімер Дземяшкевіч, што прыйшоў на завод 22 гады таму.

Сьледзтва, якое цягнулася два з паловай гады, устанавіла, што на 151-м сховішчы танкарамонтага заводу чатыры гады захоўваліся не пастаўленыя на ўлік 29 патрыманых танкавых рухавікоў. Паводле паказаньняў сьведкаў, Сакач празь Дземяшкевіча выдаў пісьмовае распараджэньне, каб рухавікі не падпадалі пад інвэнтарызацыю. Рухавікі закупілі ў Расеі за 8 млн расейскіх рублёў і прывезьлі ў Беларусь без суправаджальных дакумэнтаў, а празь некалькі гадоў, ужо адрамантаваныя, аформілі па дамове аб куплі-продажы за мяжу, у выніку чаго быў атрыманы прыбытак 221 тыс. даляраў. Экспартны кантракт быў узгоднены зь міністэрствамі замежных спраў, абароны, эканомікі і КДБ. Частка атрыманых грошай была пералічана на банкаўскі рахунак заводу, а частка — 187 тыс. даляраў — у бюджэт дзяржавы. Але суд палічыў дзеяньні прадстаўнікоў заводу незаконнымі, зафіксаваў парушэньні ў афармленьні дамовы аб куплі-продажы. У матэрыялах сьледзтва не фігуруюць іншыя асобы: «Неўстаноўленая група асоб пад кіраўніцтвам Сакача стварала лішкі бранятанкавай прадукцыі, паходжаньне якой невядомае».

Сакачаў адвакат Леанід Мінчанкаў даводзіў, што рухавікі набываліся, каб выканаць замежны кантракт дзеля прыбытку заводу, а ня дзеля ўласнай выгады. Абарона запатрабавала эканамічнай экспэртызы, адзначаючы, што нельга называць Сакачавы дзеяньні крадзяжом, бо выручаныя сродкі не пайшлі ў ягоную кішэню.

Цікава, што грамадзянскі пазоўнік, прадстаўнік рамонтнага заводу Васільеў, падчас выступу стаў на пазыцыю абароны, паведаміўшы, што прадпрыемства адракаецца свайго пазову: «Увесь завод замёр у чаканьні. Трэба ненавідзець сваю краіну, каб пасадзіць за краты такіх паважаных людзей», — эмацыйна скончыў ён сьпіч. Прадстаўнік пракуратуры Пяцко парыраваў: «Вы кажаце пра пазыцыю кіраўніцтва, а не рабочых заводу».

Сакача ў Баысаве характарызавалі як «моцнага гаспадарніка». Пры ім заробак на заводзе тры гады таму дасягнуў 200 даляраў. Пры гэтым жыў дырэктар танкарамонтнага заводу ня бедна, некаторыя нават кажуць: «у раскошы». Паводле чутак, ён нават меў лецішча ў Крыме.

Пасьля паўгадзіннага абмеркаваньня судзьдзя Валеры Цалко пастанавіў не задавальняць скаргі, пакінуўшы прысуд Сакачу і Дземяшкевічу бязь зьмен. Аднак яны трапілі пад амністыю — тэрмін зьняволеньня зьменшаны на год. «Мы лічым рашэньне суду няправільным, віна Ўладзімера Сакача не даказана. Калі ён пажадае, то будзем абскарджаць рашэньне ў Вярхоўным судзе», — пракамэнтаваў рашэньне Сакачаў адвакат Л.Мінчанкаў.

Сакачаў сын расказвае, што бацьку нялёгка на Валадарцы: «У камэры пад 20 чалавек, за гэты час адзін зь яго камэры павесіўся, а другі вены перарэзаў».

БАРЫСАЎСКІ ТАНКАРАМОНТНЫ ЗАВОД (УП «140-вы рамонтны завод») — гасразьліковае прадпрыемства Мінабароны. Заснаванае ў 1948. Займаецца рамонтам танкаў, баявых машын, цягачоў, бронетранспартэраў, а таксама чыгуначнай тэхнікі; вытворчасьцю лесапажарнай тэхнікі. Фігураваў у скандале, зьвязаным з ваеннымі кантактамі Беларусі і Іраку. У Багдадзе быў знойдзены факс на фірменным блянку заводу за Сакачавым подпісам, дзе ішла гаворка пра пастаўкі новай і рамонт старой тэхнікі арміі Хусэйна.

УЛАДЗІМЕР САКАЧ нар. 1950 у вёсцы Каралін (Зэльвеншчына). Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, пасьля чаго пайшоў на ваенную службу. Прайшоў прыступкі ад намесьніка камандзіра танкавай роты па тэхчастцы да начальніка140-вага рамонтнага заводу. Кавалер ордэна «За службу Айчыне» ІІІ ступені за распрацоўку бронемашын «Кобра».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула