БЕЛ Ł РУС

Залатая пятля Расеі

21.10.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Крэмль інвэстуе неабмежаваныя рэсурсы ў раскол беларускай апазыцыі. Першым спакусіўся Фралоў. Пяцізоркавы гатэль «Залатое кольца» ў мінулую суботу прымаў гасьцей з усёй СНД. На ІІ Эўразійскі форум зьехалася 150 палітыкаў, палітолягаў і актывістаў няўрадавых арганізацый зь Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, іншых краін Садружнасьці. Прыём быў выключны: калі суп, дык з ікрою, калі каньяк, дык ракою. Сярод удзельнікаў форуму было няшмат вядомых палітыкаў. Арменію прадстаўляў віцэ-сьпікер парлямэнту, Украіну — жменя кучмістаў і кіраўнік фракцыі Юліі Цімашэнкі ў Вярхоўнай Радзе. Але тыповым удзельнікам форуму быў такі сабе кандыдат у мэры гораду Чадыр-Лунга ад блёку «Адзіная Гагаўзія».

Арганізатарам форуму быў Фонд эфэктыўнай палітыкі (ФЭП), які ўзначальвае Глеб Паўлоўскі — паліттэхналягічная кантора з агіднай рэпутацыяй. Форум ня быў прыватнай ініцыятывай маніпулістычнага think-tanku. Нават гатэль, дзе гасьцяваў форум, належыць Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. У працы форуму ўзяла ўдзел памочніца Пуціна Джахан Палыева.

Трэба адзначыць, што NGO кшталту ФЭП цесна зрасьліся з дзяржаўнымі структурамі Расеі. Часам цяжка зрузумець, дзе асноўнае месца працы тыпаў кшталту Мадэста Колерава — у Адміністрацыі прэзыдэнта ці ўсё яшчэ ў тым ці іншым «фондзе», дзе ён пачынаў сваю кар’еру.

Выбар беларускіх удзельнікаў быў вельмі красамоўны: Гайдукевіч і Фралоў. Тэхнічны кандыдат Лукашэнкі ў 2001 г. і зьнішчальнік «Народнай волі» з аднаго боку. І генэрал, які на выбарах у палату прадстаўнікоў у Горадні заняў трэцяе месца з трох магчымых.

У запрашэньнях форум рэклямаваўся як «сустрэча палітыкаў, якія прадстаўляюць дэмакратычныя сілы». Тэма форуму была акрэсьлена цалкам цывілізавана як «Дэмакратыя і мультыкультуралізм у Эўразіі». Мяне насьцярожвала, праўда, што запрашэньні беларускім удзельнікам прыйшлі ў розных варыянтах. Адным «у Эўразіі», другім — «на Эўраўсходзе». «Што за блытаніна?», — спытаўся я за келіхам каньяку Кірылу Танаева, кіраўніка праграмаў ФЭПу. «Ня ўсе аднолькава ставяцца да гэтых тэрмінаў», — адказаў ён.

Маскоўскае разуменьне дэмакратыі красамоўна адбілася ў рэзалюцыі форуму. Яна асуджае «парушэньні дэмакратыі і правоў чалавека ва Ўкраіне і Грузіі». Ні слова пра Беларусь.

Анансаваныя даклады нікога з гаспадароў не цікавілі. Фралова, які ня ўпісваўся ў адведзеныя пяць хвілінаў, натуральна пагналі з трыбуны. Але ён пасьпеў ухваліць пабудову газаправоду праз Балтыйскае мора ў абход нашай краіны як шлях да дэмакратызацыі Беларусі. за ўсім гэтым уважліва сачылі прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Расеі.

Як у гэтым логаве аказаўся пасланец «Нашай Нівы»? Невыпадкова. Масква зьбірае інфармацыю, вылучае самыя розныя колы. Шукае кантактаў, стварае кліенцкае кола. Робіць гэта досыць груба, топорно.

«Мы вельмі хацелі б бліжэй пазнаёміцца з нацыянальна настроенымі інтэлектуаламі Беларусі. Давайце зьбярэмся тут у Маскве пад канец месяца, — прапанаваў памочнік старшыні думскага камітэту па справах СНД. — У гэтым няма сэнсу, пакуль вы не ўспрымаеце беларускіх дэмакратычных палітыкаў, — ветліва адмовіўся я. — Гэта ж несур’ёзныя людзі, — кіўнуў ён у бок генэрала Фралова, які падымаў чарку ў кампаніі свайго юнага маскоўскага паліттэхноляга. — А вас мы так цэнім. — Не, гэта немагчыма, пакуль няма раўнапраўнага дыялёгу, — рашуча намякнуў я. — Калі Вы ня хочаце ў Маскве, давайце сустрэнемся ў Празе», — зазірнуў мне ў вочы адказны работнік. Маўляў, мы за цаной не пастаім.

Скіраваная на СНД дзейнасьць ФЭПу і аналягічных кантораў інтэнсыфікуецца. Першы эўразійскі форум прайшоў 30 чэрвеня — 1 ліпеня. Трэці заплянаваны на сьнежань. ФЭП фармуе сталыя аналітычныя структуры. Асобныя беларускія палітолягі ўжо працуюць на яго. Дэлегацыі зь Менску цягнуцца ў Фонд Паўлоўскага амаль штотыдзень. Палітыкі, эканамісты, палітолягі. Амбітным інтэлектуалам Фонд выдае кнігі.

Расея і раней разглядала СНД сваёй непадзельнай зонай уплыву. Але калі раней яна кантактавала толькі з уладай, якой бы тая ні была, цяпер яна выбудоўвае сувязі з грамадзянскай супольнасьцю, як яна яе разумее. Украінская рэвалюцыя адвучыла Крэмль класьці ўсе свае нешматлікія яйкі ў адзін кош. Новая тактыка больш гнуткая, яна суліць больш поўны кантроль. У беларускім выпадку гэта таксама выглядае як падрыхтоўка да замены Лукашэнкі на «больш сучасна думаючага палітыка».

На што робіцца стаўка? Заўважныя дзьве пэрспэктывы. Крэмль працуе на раскол беларускай апазыцыі і на стварэньне ў Беларусі прарасейскае сілы. Першае да другога вядзе.

Першае робіцца падсычэньнем амбіцый асобных палітыкаў. Для другога ствараецца кліенцкая сетка, прычым асаблівая ўвага надаецца тым маргінальным палітыкам і інтэлектуалам, якія былі б абсалютна залежныя ад маскоўскага рэсурсу.

І вось ужо ўсяядная «Народная Воля» друкуе артыкул таго самага Фралова, калегі Гайдукевіча па маскоўскіх паездках, у якім навязваецца вобраз Мілінкевіча як русафоба.

Новая палітыка Масквы — выклік беларускаму незалежнаму грамадзтву і праверка яго на грамадзянскую сьпеласьць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула