Хроніка
Дзень беларускай салідарнасьці ў знак памяці аб ахвярах палітычных рэпрэсій прайшоў 16 кастрычніка. Але сьвечкі ў вокнах запалілі няшмат людзей. Акцыі нацыянальнай салідарнасьці вымагаюць скансалідаванасьці нацыі.
На Скрабутана ціснуць
Студэнта ІІІ курсу беларускай філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўгена Скрабутана 12 кастрычніка выклікалі на размову да прарэктаркі Тацяны Бадзюковай. Пры размове прысутнічалі дэкан факультэту Віталь Царлюкевіч і чалавек у цывільным. Студэнта зьвінавацілі, што нумар ягонага тэлефона пазначаны на маладафронтаўскіх улётках, распаўсюджаных ва ўнівэрсытэце, ды пагражалі выключэньнем.
Выгналі прафсаюз
Гаспадарчы суд Менску 10 кастрычніка задаволіў пазоў ЖРЭА Партызанскага раёну і пазбавіў Свабодны прафсаюз Беларускі памяшканьня. Фармальная прычына — «пратэрміноўка з выплатаю арэнды».
Папярэджаньні за палякаў
11 кастрычніка Менская гарадзкая пракуратура вынесла папярэджаньні прадстаўніку цыганскай меншыні Міколу Калініну й актывісту праваслаўнай моладзі Андрэю Петравых за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Падставай стаў ліст у абарону Саюзу палякаў і Анжалікі Борыс на імя А.Лукашэнкі. Падпісантаў ліста выклікаюць у пракуратуру. Папярэджаньне атрымаў выканаўчы сакратар міжканфэсійна-нацыянальнай незарэгістраванай ініцыятывы «Згода» Аляксандар Зялко.
Лябедзьку апраўдалі
Суд Берасьцейскага раёну 11 кастрычніка прызнаў лідэра АГП Анатоля Лябедзьку невінаватым у адміністрацыйным парушэньні: яму закідалі арганізацыю несанкцыяванага сходу ў Дамачаве ў ліпені, куды палітык не даехаў, бо яго затрымалі міліцыянты.
Гарадзенскія справы
Калегія Гарадзенскага абласнога суду 12 кастрычніка пакінула бязь зьменаў часовае абмежаваньне права на выезд за мяжу Андрэю Пачобуту. Журналісту прысудзілі ў ліпені штраф за ўдзел у несанкцыяваным пікеце ў памеры 5,1 млн руб. Хоць Пачобуту засталося выплаціць менш за 500 тыс., судовая калегія вырашыла скасаваць забарону толькі пасьля поўнай выплаты штрафу.
Кіраўніка гарадзенскай суполкі БАЖ Паўла Мажэйку 12 кастрычніка выклікалі ў Шчучынскі РУУС для допыту ў якасьці сьведкі, але не паведамілі — у якой справе. Мажэйка ехаць адмовіўся.
Прафсаюзны актывіст і журналіст Іван Роман 12 кастрычніка атрымаў адказ з Шчучынскай раённай пракуратуры, куды скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў тамтэйшым ізалятары: яго моцна пакусалі скочкі. У адказе гаворыцца, што мэдэкспэртыза праз два тыдні не прызнала Романа пакусаным, хоць у яго й была адпаведная даведка з скурвэндыспансэру.
Затрыманьні ў Віцебску
13 кастрычніка ў судзе Чыгуначнага раёну разглядалася справа Барыса Хамайды: яго абвінавацілі ў тым, што ён гандлюе газэтамі і часопісамі ў неналежным месцы, але сьведкаў не знайшлі.
13 кастрычніка затрымалі актывістаў КХП-БНФ Уладзімера Плешчанку і Аляксандра Салаўяна. Міліцыянты цікавіліся датычнасьцю апазыцыянэраў да выбухаў 22 верасьня.
Сасіму адмовілі
Міліцыя Цэнтральнага раёну Менску 12 кастрычніка адмовіла актывісту «Зубра» Мікіту Сасіму ў завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да амонаўцаў, якія зьбілі яго 16 верасьня.
Затрыманьні «зуброўцаў»
У Менску 12 кастрычніка падчас распаўсюду ўлётак да Дня салідарнасьці затрымалі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Максіма Вянярскага й Яўгена Алелькава. На юнакоў склалі пратаколы за парушэньне арт.143 КаАП (антысанітарыя).
Да Скрабца не пускаюць
Сваякі былога дэпутата Сяргея Скрабца 13 кастрычніка паведамілі, што два месяцы ня могуць сустрэцца з палітвязьнем. Працэс над ім мусіць распачацца ў лістападзе ў Вярхоўным судзе.
Дырэктар школы супраць РАНА
Суд Гарадоцкага раёну 14 кастрычніка не задаволіў пазову экс-дырэктара Вархоўскай базавай школы Леаніда Гаравога. Актывіст БСДП (Грамада) падаў у суд на раённы аддзел адукацыі, патрабуючы аднаўленьня на працы.
Ярашука просяць патлумачыць
Пракуратура 14 кастрычніка ўзяла тлумачэньні ў кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пра яго заявы наконт выступу Аляксандра Лукашэнкі на верасьнёўскім зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў. Ярашук не выключае, што ў дачыненьні да яго завядуць крымінальную справу.
БХК зноў судзіцца
Намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўген Сьмірноў 14 кастрычніка апратэставаў рашэньне калегіі ВГС, паводле якога былі зьнятыя прэтэнзіі падатковай службы да ГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт». З БХК спрабуюць спагнаць каля 200 тыс.даляраў падаткаў і штрафаў (у эквіваленце) зь міжнароднай дапамогі па праграме ТАСІS.
Суд у Баранавічах
У Баранавічах 14 кастрычніка суд адмяніў рашэньне адміністрацыйнай камісіі гарвыканкаму, якая пакарала актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Чарнавуса на адну базавую велічыню за распаўсюд улётак АГП . У судзе высьветлілася, што міліцыянты датавалі пратакол 18 жніўня, а распаўсюд улётак адбываўся 20 жніўня.
Леванеўскага пераводзяць у Менск
17 кастрычніка ад сваякоў Валер’я Леванеўскага стала вядома, што палітвязьня пераводзяць у Менск, у рэспубліканскую турэмную больніцу.
Лісты Севярынца пэрлюструюць
Палітвязень Павал Севярынец заявіў, што некаторыя ягоныя лісты не даходзяць да адрасатаў, а іншыя прыходзяць падзертымі. Севярынец падаў заяву на імя начальніка Полацкага раённага вузла паштовай сувязі Генадзя Парамонава з патрабаваньнем высьветліць прычыну пэрлюстрацыі.
«Трэці шлях» вярнуўся
Сайт інтэрнэт-супольнасьці «Трэці шлях» (www.3dway.org) 17 кастрычніка аднавіў сваю дзейнасьць. Аднак працэс па крымінальнай справе аўтараў «Мультклюбу» працягваецца. Іх абвінавачваюць у зьнявазе гонару А.Лукашэнкі праз разьмешчаныя на сайце сатырычныя мультфільмы.
АШ