Трэба біць іх іхнай жа зброяй
У пятніцу зранку я захацеў купіць «НН» і нехаця правёў маніторынг. Бо ў пошуках газэты прыйшлося прагуляцца па праспэкце ад Дому друку да Валадарскага. «Нашай Нівы» нідзе не было.
«НН» насамрэч прывозяць мала: іх раскупляюць ужо ўвечары чацьвярга.
Прасіць кіяскёрак, ветліва ці няветліва, няма сэнсу. Колькі б ні замовіла кіяскёрка, прывязуць колькі трэба. Колькі трэба, вырашаюць на Валадарскага, кажуць мне кіяскёркі («Менгарсаюздрук». — «НН»).
Гэта ня значыць, што чытачам ня варта нічога рабіць. Выхад падказала мне кіяскёрка ў пераходзе да ЦУМу. Яна прапанавала мне аформіць думкі ў кнігу прапаноў.
Сапраўды, гульня паводле лукашысцкіх правілаў можа мець карысьць. На кожную скаргу мусіць быць дадзены афіцыйны пісьмовы адказ.
Я напісаў у той кнізе за ўсе шапікі ад Дому друку да ЦУМу, хоць мог бы сьмела расьпісвацца за ўсе астатнія кіёскі, уключна з ускраіннымі паўднёва-заходнімі.
Андрэй Ч-к, Менск
∎
Ад Рэдакцыі. Падобныя ж нараканьні прыходзілі ў Рэдакцыю і ад чытачоў зь іншых вуліцаў сталіцы. Але ў распаўсюдніцкіх арганізацыях нам адкрыта прызнаюцца, што ім забаронена браць на распаўсюд болей асобнікаў. Лукашэнкаўцы хочуць падперці кіем гару...
Парады: ветліва прасіце кіяскёрак замаўляць больш газэты, пішыце гэтую просьбу ў кнігах скаргаў. А найлепш падпісвайцеся — на шапікі гэта танна, а газэту можна забіраць ужо ў чацьвер.
Даставайце газэты любымі спосабамі і дзяліцеся чытанкай зь сябрамі. У межах сваіх суполак, дзе ёсьць стабільны попыт, ладзьце сеткі незалежнага распаўсюду.