БЕЛ Ł РУС

Знаёмцеся: вадамёт беларускай вытворчасці

6.02.2013 / 09:25

Часопіс «Спецназ» прэзентаваў новую машыну — вадамёт беларускай вытворчасці. Распрацавалі «Цунамі» спецыялісты ўнутраных войскаў, а сабралі на прадпрыемстве «Белкамунмаш», вядомым вытворчасцю тралейбусаў. Поўная назва машыны — аўтацыстэрна спецыяльная АЦС-40 «Цунамі». Першы аўтамабіль сышоў з канвеера ў 2006 годзе, піша «Народная воля».

У якасці базавага шасі для «Цунамі» выбралі двухвосевы грузавік МАЗ з рухавіком магутнасцю 230 л.з. Аб’ём цыстэрны для вады — 7000 літраў. Калі не лічыць сеткавага адвалу, то спецабсталяванне у «Цунамі» тое ж, што і ў звычайнай пажарнай аўтацыстэрны. Гэта лафетны ствол і пажарны насос прадукцыйнасцю 20 літраў за секунду. «Далёкасць стральбы» водным струмянём аўтацыстэрны — 50 м.

Масіўная рашотка на бамперы, ствалы-лафеты, закрытыя брызентам, здольныя павяртацца пад рознымі кутамі. Зверху усталяваны пражэктар, а таксама пробліскавы маячок сіняга колеру. Органы кіравання — кнопкі на пульце — размешчаны ў кабіне. Баявы разлік машыны — усяго два чалавекі: кіроўца і палівач. У яго задачы ўваходзіць не проста накіраваць струмень, а зрабіць гэта з ювелірнай дакладнасцю.

Дзеянне «Цунамі» журналістам «Спецназа» паказалі на «паказальных выступах». Струмень можа адкінуць чалавека на некалькі метраў назад, перакінуць яго дагары нагамі.

«Цунамі» мае выкарыстоўвацца ў выпадку беспарадкаў. Да прыкладу, аўтамабіль з в/ч 5448 выязджаў на футбольны матч Лігі чэмпіёнаў, у якім БАТЭ сустракаўся з «Зенітам». Ад буйных піцерскіх фанатаў чакалі сюрпрызаў. Але абышлося без беспарадкаў, і «Цунамі» сціпла прастаяў без справы ў баку.

Яшчэ адзін варыянт — падаўленне беспарадкаў у турмах. Падчас леташніх вучэнняў ўнутраных войскаў, якія прайшлі ў брыгадзе спецназа, «Цунамі» якраз і задзейнічалі.

Пра тое, ці разлічваюць выкарыстоўваць вадамёты для разгону палітычных пратэстаў, часопіс не паведамляе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула