Аргентынскага дыктатара пакаралі пажыццёвым зняволеннем за выкраданні людзей і катаванні
Гэта ўжо не першы пажыццёвы прысуд Біньёнэ.
Аргентынскі суд пакараў колішняга дыктатара і дывізійнага генерала ў адстаўцы Рэйнальда Беніту Біньёнэ пажыццёвым зняволеннем за злачынствы супраць чалавецтва.
Гэта ўжо чацвёрты абвінаваўчы прысуд 85-гадоваму Біньёнэ. У 2010 і 2011 гадах паводле такіх самых абвінавачванняў яго ўжо пакаралі пажыццёвым зняволеннем, а таксама турэмнымі тэрмінамі 25 і 15 гадоў.
Федэральны суд № 1 прызнаў Біньёнэ, які кіраваў Аргентынай ў 1982--83 гадах, вінаватым у выкраданні людзей, катаваннях ды іншых злачынствах, якія адбываліся ў падпольнай турме на тэрыторыі самай буйной вайсковай базы краіны «Кампа дэ Майо».
Сярод 23 чалавек, прызнаных судом па гэтай справе пацярпелымі — жанчыны, якія былі цяжарныя, калі знаходзіліся ў турме на вайсковай базе.
Разам з былым дыктатарам пажыццёвым зняволеннем пакараныя колішнія высокапастаўленыя аргентынскія вайскоўцы Сант’яга Амар Рыверас, Луіс Садзі Пепа, Эдуарда Карада і Карлас Масэдра. Яшчэ чацвёра былых вайскоўцаў атрымалі ад 25 да 16 гадоў турмы.