БЕЛ Ł РУС

«Старыны не рушыці»: замежная кампанія аднаўляе стары бровар на Вілейшчыне + фоты

19.03.2013 / 12:21

Сяргей Макарэвіч

Будынак стайні.

За савецкім часам тут была ферма.

Замежная кампанія «Тракцэнтр «Азярцо» вырашыла інвеставаць у рэстаўрацыю з рэканструкцыяй будынка бровара на Вілейшчыне, які адносіўся да былой сядзібы «Двор Стайкі». Мы пісалі пра гэты праект у верасні. Намеснік дырэктара кампаніі Аксана Волкава расказала, што ўдалося зрабіць за гэты час.

«НН»: Год таму была падпісаная дамова бязвыплатнага карыстання броварам. Бачыў, на тэрыторыі сядзібы вядуцца работы. Пачалася рэстаўрацыя?

Аксана Волкава: Яшчэ не. Я не атрымала да сёння ад архітэктараў праектна-каштарыснай дакументацыі.

Цяпер там вядуцца толькі кансервацыя і супраць аварыйныя работы: дэмантаваныя аварыйныя фрагменты мура, выканана работа па ўмацаванні сценаў — бровар ужо не абрынецца.

«НН»: А калі будзе гатовы праект?

Двор Стайкі належаў панам Багдановічам. Сядзіба з’явілася ў першай палове XVIII ст. У канцы стагоддзя паўстаў новы дом. У ім, як сцвярджае гісторыя, спыняўся ў 1812 годзе Напалеон. У пачатку мінулага стагоддзя Двор Стайкі ўяўляў сабой сядзібу, парк, водную сістэму, ўязную браму, бровар, стайню, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Да сёння захаваліся часткова бровар і стайня, парк, сажалка.

АВ: Цяжка з такімі аб’ектамі працаваць. Прасцей на новым месцы будынак узвесці, чым у гістарычным парку. Праект хоць і не такі вялікі, але патрабуе грунтоўнай прапрацоўкі. Трэба ж захаваць гістарычнае месца — «старыны не рушыці».

То бок не ставіць бетонныя кропкі падлучэння электрычнасці, не ставіць лініі электрапередач са слупамі па парку з векавымі дрэвамі, але трэба падвесці ацяпленне, ваду. Месца павінна быць па-сучаснаму абсталяваным і бяспечным для адпачынку.

Архітэктар Вальмен Аладаў абяцае на гэтым тыдні ўжо аддаць праект на экспертызу. І як толькі мы атрымаем пацвярджэнне, можна працаваць. Месяц, напэўна, давядзецца чакаць.

У Мінскім аблвыканкаме ляжыць мая дамова на атрыманне для ўпарадкавання ўсёй тэрыторыі «Двара Стайкі». Гэта парк з сажалкай, іншыя пабудовы. Гэта затратна, але ж месца таго вартае.

У маі, калі не адмовяць, я хачу правесці суботнік для ўсіх ахвочых. Гэта ж каля 18 га тэрыторыі, якія трэба прыбраць.

«НН»: У 2014 годзе вы павінны здаць адрэстаўраваны бровар, у якім размесціцца музычна-выставачная зала. А што з астатнімі будынкамі думаеце зрабіць?

АВ: Калі перададуць, можна было б іх аднавіць. На жаль, не ўсё ўдасца. Мы правялі абследаванне стайні, і яна не падлягае аднаўленню. Яе можна толькі закансерваваць: разбураецца катастрафічна і вось-вось можа абрынуцца. Але

я б стайню накрыла, захавала руіны, а побач лавачкі паставіла, як робяць у Фінляндыі, Швецыі — такія месцы ўладкаваныя сучасна і ўтульна: калі палацы выкарыстоўваюць пад музеі, то гаспадарчыя пабудовы прыстасавалі для выставак, рамесніцкіх майстэраняў, канцэртаў, гатэльчыкаў...

«НН»: Раней называлася сума рэстаўрацыі бровара $120 тысяч...

АВ: Вы ж разумееце, што гэта нерэальна. Гэта будзе значна больш.

«НН»: У выпадку рэалізацыі ўсіх інвестыцыйных задумак, у Стайках узнікнуць працоўныя месцы. Хто там будзе працаваць: вяскоўцы альбо будзеце з Вілейкі і Мінска прывозіць работнікаў?

АВ: Такое пытанне я задавала людзям, якія адкрылі нейкія аб’екты ў Вілейскім раёне. Выявілася, што там шмат людзей з Вілейкі, Маладзечна, Мінска — і нікога з вяскоўцаў. Але да мяне ўжо звяртаюцца. Напрыклад, з суседняй вёскі жанчына патэлефанавала: пераехала маму даглядаць і хацела б у нас працаваць.

Я зацікаўленая, каб кадры былі мясцовыя. Мо давядзецца іх яшчэ рыхтаваць.


Павялічыць карту

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула