БЕЛ Ł РУС

Ва ўрадзе створаны аператыўны штаб «па рэагаванні на непагадзь»

15.03.2013 / 20:55

Яго ўзначаліў віцэ-прэм'ер Калінін.

У сувязі са снегападам і моцным ветрам, якія прынёс цыклон, ва ўрадзе створаны аператыўны штаб па рэагаванні на непагадзь пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна, паведаміла прэс-служба ўрада.

«Сітуацыя знаходзіцца пад пастаянным кантролем», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета міністраў.

Камісія па надзвычайных сітуацыях пры Савеце міністраў «настойліва рэкамендуе насельніцтву ў сувязі з вельмі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я выключыць выкарыстанне асабістага аўтатранспарта, адмовіцца ад перамяшчэння на вялікія адлегласці». Дзецям і людзям сталага веку «рэкамендуецца без патрэбы не выходзіць на вуліцу».

Каб пазбегнуць затораў, уезд на буйныя дарожныя магістралі з інтэнсіўным рухам будзе абмежаваны. Адпаведныя даручэнні дадзены службам ДАІ. На найбольш загружаных участках рэспубліканскіх аўтадарог плыні аўтамабіляў, асабліва вялікагрузных, будуць спыняць паблізу населеных пунктаў, АЗС і іншых месцах, дзе можна перачакаць непагадзь.

«У рэжыме пастаяннага дзяжурства працуюць урад, мясцовыя органы ўлады, усе дарожныя і камунальныя службы, падраздзялення МНС, ДАІ, Мінабароны, Міністэрства аховы здароўя і іншыя, — адзначаецца ў паведамленні. — Аператыўныя зводкі аб надвор’і, сітуацыі на дарогах, аэрапортах, жалезнай дарозе, населеных пунктах кожныя паўгадзіны паступаюць ва ўрад. Максімальна задзейнічаны сілы і сродкі для расчысткі дарог і забеспячэння функцыянавання інжынерных і транспартных інфраструктур».

Цяпер моцны снегапад працягваецца. Ападкі суправаджаюцца ўзмацненнем ветру да штармавых значэнняў.
Паводле звестак Рэспубліканскага гидрометецентра, у Валожыне парыў ветру дасягнуў 24 м/с, у Баранавічах — 23 м/с, у Пружанах — 22 м/с. У шэрагу гарадоў бачнасць не перавышае 100 метраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула