Крадзяжы застаюцца самымі распаўсюджанымі злачынствамі ў Мінску
Аналіз крымінагеннай абстаноўкі сведчыць аб тым, што ў першым квартале 2013 года крадзяжы застаюцца самымі распаўсюджанымі злачынствамі ў Мінску,
іх удзельная вага ў агульным ліку зарэгістраваных злачынстваў склала 50,2% (2.736 з 5.455).
Такія звесткі, як паведаміў старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, былі абнародаваны 24 красавіка на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, што прайшла ў гарадской пракуратуры.
Нарада была прысвечана практыцы вырашэння заяў і паведамленняў аб крадзяжах, у тым ліку на аб'ектах гандлю, расследавання і судовага разгляду крымінальных спраў гэтай катэгорыі, а таксама мерам па прафілактыцы крадзяжоў.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года колькасць крадзяжоў скарацілася на 25,3%.Тэндэнцыя зніжэння колькасці крадзяжоў прасочваецца на працягу апошніх пяці гадоў і, як адзначалі ўдзельнікі нарады, з'яўляецца вынікам мэтанакіраванай працы, што праводзіцца праваахоўнымі органамі па папярэджанні і прафілактыцы гэтага віду злачынстваў.
У структуры крадзяжоў асноўную масу складаюць крадзяжы з аўтамашын — 832 (30,4%), з адзення і ручной паклажы — 682 (24,9%), сродкаў мабільнай сувязі — 378 (13,8%) і крадзяжы з жылля грамадзян — 432 (15,8%), з іх 312 крадзяжоў з кватэр грамадзян учынены шляхам свабоднага доступу.
На аб'ектах гандлю ўчынены 362 крадзяжы, з якіх большую частку складаюць крадзяжы з адзення і ручной паклажы наведвальнікаў. За ўчыненне дробных крадзяжоў маёмасці на аб'ектах гандлю складзены 1.381 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Па-ранейшаму недастатковым з'яўляецца раскрыццё крадзяжоў, якое складае толькі 21%.
На нарадзе адзначалася, што пры вырашэнні ў падраздзяленнях ГУУС Мінгарвыканкама заяў і паведамленняў аб крадзяжах маёмасці распаўсюджаны факты павярхоўнага правядзення праверак і прыняцця незаконных рашэнняў аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы. Пры правядзенні праверак не прымаюцца ўсе неабходныя меры па ўстанаўленні кошту выкрадзенай маёмасці, да своечасовага прагляду відэазапісаў камер відэаназірання на гандлёвых аб'ектах і ўстанаўленні асоб, якія не забяспечылі захаванасць маёмасці.
Органамі пракуратуры Мінска адменена 150 пастаноў ад адмове ў распачынанні крымінальных спраў, прынятых падраздзяленнямі ГУУС па заявах і паведамленнях аб крадзяжах маёмасці, у тым ліку шэсць з адначасовым распачыненнем крымінальных спраў.
Удзельнікі нарады канстатавалі, што меры, якія прымаюцца органамі пракуратуры і следчымі органамі, дазволілі значна палепшыць сітуацыю з кампенсаваннем урону, прычыненага крадзяжамі маёмасці.Так, у першым квартале гэтага года ўрон па крымінальных справах названай катэгорыі склаў 3,7 млрд. рублёў. У ходзе папярэдняга следства кампенсавана 2,5 млрд. рублёў, ці 68,5% ад сумы прычыненага ўрону (у першым квартале 2012 года — 52,9%). Акрамя таго, следчымі накладзены арышт на маёмасць у суме 1,8 млрд. рублёў, што склала 48,5% ад сумы ўстаноўленага ўрону (у першым квартале 2012 года — 15,5%).