БЕЛ Ł РУС

На развіццё хакея Беларусь траціць больш, чым на развіццё вышэйшай адукацыі ці дэмаграфічную бяспеку

17.05.2013 / 08:57

На дзяржпраграму развіцця хакея (2011–2014 гады) плануецца выдаткаваць каля 259 млрд. рублёў. Гэта грошы на падрыхтоўку трэнераў, прапаганду, арганізацыю спаборніцтваў і іншае. Пабудова лядовых палацаў і спонсарства ад дзяржпрадпрыемстваў тут не ўлічваюцца.

Параўнаем хакейную дзяржпраграму з іншымі. На развіццё вышэйшай адукацыі (2011–2015 гады) плануюць выдаткаваць прыкладна 230 млрд рублёў (выйшла танней, чым хакей).

12-гадовая дзяржпраграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі (будуем жа атамную электрастанцыю!) каштуе каля 54 млрд рублёў ― амаль у пяць разоў менш, чым хакей.

Нават нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі (на 2011–2015 гады) аказалася значна менш актуальнай за хакей ― каля 186 млрд рублёў.

Тым часам наша зборная па хакеі трэці год запар дэманструе жалезную «стабільнасць» на чэмпіянатах свету ― 14-е месца. Гуляюць на мяжы вылету з эліты.

«Чаму не лепшае вынік? Можа, грошай мала выдаткоўваецца?» ― пытаемся ва Уладзіміра Крыкунова, самага паспяховага трэнера зборнай Беларусі ў гісторыі. Сёння спецыяліст трэніруе расійскі «Нафтахімік» ― клуб КХЛ.

«Ды не ў гэтым справа. Вы ж стварылі каманду для КХЛ, «Дынама-Мінск». І атрымліваецца, што вы яе стварылі для фінаў, амерыканцаў, канадцаў, чэхаў і славакаў, ― пералічвае спецыяліст. ― Сваіх жа гульцоў там мала. Трэба было зрабіць так, як казахі. Яны цяпер усіх сваіх падцягваюць у каманду, якая гуляе ў КХЛ («Барыс» з Астаны). Там было 12 легіянераў. Потым іх стала пяць, у выніку засталіся трое. Легіянераў замянілі сваімі. І нічога, свае на тым жа ўзроўні загулялі. Далі ім шанц, і гульцы сталі вядучымі ў камандзе. Вось і вы павінны ў «Дынама» пакінуць пяць легіянераў ― адно звяно ― і тры пяцёркі сваіх гульцоў. І вашы хлопцы вельмі хутка вырастуць, асабліва маладыя. Літаральна за 4–5 месяцаў выйдуць на ўзровень КХЛ і будзе ім лёгка там гуляць».

Недасканаласці, на якія ўказвае Уладзімір Крыкуноў маюць больш тактычны характар. Спецыяліст разважае, чаму хакеістам зборнай Беларусі не ўдалося прайсці праз чэмпіянат свету з высока паднятай галавой:

«Дык склад малады быў, адкуль прыйшлі ў зборную гэтыя хлопцы? Трэба было ім гуляць у КХЛ. Яны цяпер маладыя, ім трэба трошкі дапамагчы, і яны тады хутка-хутка вырастуць.

Агульны ўзровень хакея падрос. Да таго ж раней беларускія зборнікі гулялі ў НХЛ і ў расійскім чэмпіянаце. Былі на вядучых пазіцыях. Іх збіралі, яны шмат працавалі. Сёння ж многія думаюць пра тое, як менш працаваць і больш зарабляць. А тады больш думалі пра працу. У беларускіх зборнікаў была добрая школа. Усе жадалі гуляць за зборную.

Раней у камандах не бывала такога, каб 15 чалавек уключалі адным махам у каманду. Маглі сысці трое, і трое іх замянялі. Быў трывалы склад, гулялі стабільна. Працавалі 11 месяцаў на год і толькі месяц адпачывалі. У каманду прыцягвалі маладых. Яны, гуляючы з дасведчанымі, падцягваліся. А цяпер гэтым не займаюцца. Цяпер так: пачулі, што ў Амерыцы ёсць моцны гулец. Вось купім яго. Там ёсць хакеіст ― купім. І так купім, купім, купім. А ў Беларусі, у Расіі, у Казахстане ёсць таленавітыя людзі, і іх трэба падцягваць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула