БЕЛ Ł РУС

The Beatles Shabli сабраў больш за дзве тысячы чалавек

3.06.2013 / 10:09

Міжнародны фестываль The Beatles Shabli прайшоў на хутары Шаблі пад Мінскам.

Яго наведалі больш за дзве тысячы меламанаў.

Трапіўшы на тэрыторыю хутара, госці фестывалю акунуліся ў атмасферу вялікага кірмашу. На драўляных падмостках прафесійныя танцоры рухаліся пад рытмы рок-н-ролу, зрэдку прымаючы да сябе наведнікаў. Вакол імправізаванай малой сцэны размясціліся гандлёвыя шэрагі з рознымі аксэсуарамі ручной працы, трохі далей — індыйская крама, дзе прадаваліся вегетарыянскія бутэрброды, індыйскія ласункі з сухога малака і садавіны, гарбата з малаком, піша БелаПАН.

На іншым канцы хутара інструктар вучыў ахвотных тэхніцы ёгі, а сябры клуба бразільскіх танцаў прываблівалі гасцей паказальнымі нумарамі капаэйры і вучылі карнавальным рухам. Побач пад навесам размясцілася кальянная.

Тысячы меламанаў размясціліся на схіле, ля падножжа якога была ўстаялваная асноўная сцэна. За фестывальны дзень на ёй выступілі беларускія калектывы Artefact, The Apples, Real Jazz Band, а таксама госці Puttin `On The Beatles Style (Санкт-Пецярбург, Расія), The Bestbeat (Сербія) і хэдлайнеры — жаночы кавер-гурт The Beatelles з Ліверпуля (Вялікабрытанія). Не змаглі своечасова дабрацца з Масквы музыкі мінскага гурта The Toobes.

Рытм-гітарыстка The Beatelles Кэтрын Кук адзначыла, што культавы брытанскі калектыў The Beatles пакінуў музычную спадчыну, якая да гэтага часу робіць уплыў. «У Вялікабрытаніі на фестывалях, прысвечаных „Бітлз“, збіраецца моладзь, старыя, зусім маленькія дзеці, — сказала Кук. — „Бітлз“ — гэта музыка для ўсіх, гэта музычная спадчына, што зрабіла вялікі ўплыў на людзей і працягвае рабіць да сёння. Словы і музыка іх песень проста цудоўныя».

Дзелячыся ўражаннямі пра беларускі фэст, прысвечаны яе знакамітым землякам, музыка сказала, што ён «узрушвае»:

«Мы ніколі раней не гралі на выязным фестывалі. Калі мы выступалі, публіка фантастычна рэагавала і адказвала нам. Мы весяліліся разам з імі і атрымалі велізарнае задавальненне ад выступу».

У Ліверпулі, паводле словаў гітарысткі, такія фестывалі праходзяць штогод, у той час як у Беларусі гэта адзінкавая падзея. «У нас расстаўляюць мноства канцэртных пляцовак па ўсім горадзе, на якіх усё гэта адбываецца. Гурты граюць з 23.00 да 6.00 штодня цягам тыдня. Такія фестывалі за тыдзень збіраюць вельмі шмат народу», — сказала Кэтрын Кук.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула