У Іране сёння праходзяць прэзідэнцкія выбары
Хасан Раўхані
Мільёны выбаршчыкаў выбіраюць у пятніцу новага прэзідэнта Ірана. Цяперашні прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад не можа ўдзельнічаць у выбарах.
Яго васьмігадовае кіраўніцтва запомніцца эканамічным крызісам у краіне і санкцыямі з боку краін Захаду ў адказ на нежаданне Тэгерана адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.
Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць да 16:30 паводле мінскага часу. Каля 50 млн чалавек маюць права голасу.
На мінулым тыдні расклад сілаў на выбарах, вынік якіх здаваўся ўжо перадвызначаным, змяніўся.
Нягледзячы на тое, што ўсе шэсць кандыдатаў лічацца кансерватарамі, аднаму з іх — багаслову Хасану Раўхані — атрымалася ў апошнія дні заваяваць давер прыхільнікаў рэформаў.
Раўхані пачаў прыцягваць да сябе павышаную ўвагу пасля заяваў аб неабходнасці нармалізаваць адносіны з Захадам.
Павелічэнне колькасці жадаючых прагаласаваць за багаслова звязваюць з тым, што ў аўторак ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах адмовіўся кандыдат ад руху рэфармістаў Махамед Рэза Арэф.
Паводле яго слоў, ён зняў сваю кандыдатуру пасля таго, як яго пра гэта папрасіў адзін з лідараў рэфармістаў, былы прэзідэнт Ірана Махамад Хатамі.
Хатамі і яшчэ адзін былы прэзідэнт Ірана Алі Акбар Хашэмі Рафсанджані, які быў не дапушчаны да ўдзелу ў выбарах, падтрымалі Раўхані.
Аднак яму супрацьстаяць сур’ёзныя
сапернікі-кансерватары , у тым ліку прадстаўнік краіны на перамовах па ядзернай праграме Ірана Саід Джалілі, а таксама мэр Тэгерана Махамад Багер Галібаф.
Астатнія кандыдаты лічацца кансерватарамі, якія блізкія па сваіх поглядах да іранскага духоўнага лідара аяталы Алі Хаменеі.