Унук задушыў дзеда, а труп схаваў у канапу
Барысаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі завершана расследаванне справы па артыкуле 139 Крымінальнага кодэкса (забойства) у дачыненні да 20-гадовага жыхара Барысава.
У Барысаве 3 красавіка ў прыватным доме з прыкметамі гвалтоўнай смерці быў знойдзены труп 65-гадовага гаспадара. Неўзабаве быў затрыманы 20-гадовы ўнук пенсіянера, раней судзімы за крадзеж.
З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што затрыманы ў выніку сваркі з дзедам задушыў апошняга, а цела схаваў у канапу. З мэтай утойвання слядоў учыненага злачынства інсцэніраваў, што пенсіянер пайшоў з дома.
Падчас следства абвінавачваны віну прызнаў поўнасцю і згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы прызнаны свядомым. Яму пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.