БЕЛ Ł РУС

Пад Шчучынам знішчылі крыж памяці Арміі Краёвай

17.07.2013 / 14:04

Невядомыя зламыснікі спілавалі крыж у вёсцы Рачкаўшчына, усталяваны на прыватным падворку ў памяць аднаго з камандзіраў Арміі Краёвай. Фундамент помніка засыпалі зямлёй.

Пра інцыдэнт паведаміў партал Саюза палякаў Беларусі.

Акт вандалізму здарыўся, калі гаспадароў прыватнай сядзібы, дзе ўсталяваны крыж, не было дома. Вандалы вывезлі крыж у невядомым кірунку, а ягоны падмурак засыпалі зямлёю.

СПБ не выключае, што за актам вандалізму могуць стаяць мясцовыя ўлады.

Сябры непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў усталявалі крыж 12 мая, на 64-я ўгодкі смерці аднаго з камандзіраў Арміі Краёвай — Анатоля Радзівоніка, псеўданім Олех. У 1949 г. Радзівонік з сваімі паплечнікамі загінуў у сутычцы з вайскоўцамі НКУС.

За гэта кіраўніка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Мечыслава Яскевіча аштрафавалі на 4 мільёны, а 82-гадовую пенсіянерку Вераніку Себасцяновіч — на 2,5 мільёна.

Вераніка Себасцяновіч была сувязной АКоўцаў пад псеўданімам «Ружачка» і затым атрымала прысуд — 25 гадоў сталінскіх лагераў. Выйшла на волю неўзабаве пасля смерці Сталіна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула