Беларусь пакуль не будзе забараняць украінскія цукеркі следам за Расіяй
Пра гэта ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны доктар, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Гаеўскі.
«Цяпер па выніках нагляднай дзейнасці органаў і ўстановаў санітарна-эпідэміялагічнай службы падставы для ўвядзення абмежавальных мер у дачыненні да прадукцыі ўкраінскай фірмы Roshen з боку міністэрства адсутнічаюць», — сказаў ён.
Беларусь будзе правяраць прадукцыю «Рашэн» яшчэ тыдзень, і тады прыме канчатковае рашэнне.
Як паведамлялася, забарону на пастаўкі ў Расію прадукцыі кампаніі «Рашэн» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў ва Украіне — увёў Рассельгаснагляд. Па словах кіраўніка Рассельгаснагляду Анішчанкі, экспертыза ўкраінскіх слодычаў нібыта паказала, што кандытарскія вырабы «не адпавядаюць заяўленым параметрам». У прыватнасці, распавёў Анішчанка, у шакаладзе малочным «Рашэн» быў знойдзены бензапірэн.
Цікава, што ўлады Казахстана, Малдовы, Таджыкістана ніякга бензапірэну ва ўкраінскай салодкай прадукцыі не выявілі. Наадварот, часамі рэгіструюцца нараканні на якасць расійскіх прадуктаў.
У мінулым Расспажыўнагляд не раз выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Пад яго забарону траплялі беларускае малако, малдаўскія віны, грузінская баржомі — прадукцыя найлепшай якасці, лепшая за расійскія аналагі. Пасля ўрэгулявання канфліктаў прадукцыя адразу пераставала быць няякаснай і вярталася на расійскі рынак.
Адначасова са слодычамі Масква паставіла бар'еры на шляху імпарту ўкраінскіх труб. На думку назіральнікаў, цяпер Масква хоча сарваць падпісанне дамовы пра асацыяцыю між Украінай і Еўрасаюзам.
Пытанне, ці далучыцца Беларусь да Крамля ў ціску на Украіну, мае істотнае палітычнае значэнне.