БЕЛ Ł РУС

«У 1991-м дзяржава грошы забрала, а зараз і скварку з роту выцягнулі…»

16.08.2013 / 15:50

Жыхарка вёскі Адахаўшчына Марыя не стрымлівае слёз.

Вясковец Юрый Тарабаш пазбавіўся дзвюх свіней.

Знішчэннем свіней займалася адмысловая група ветэрынараў Баранавіцкага раёна.

Выконваючы распараджэнне раённых уладаў, ветэрынары з мэтай прафілактыкі афрыканскай чумы знішчылі свіней у прыватных гаспадарках Баранавіцкага раёна.

Зачыстку вёсак Крошынскага сельсавета ад свіней 14 жніўня назіралі карэспандэнты газеты «Intex-press».

Знішчэннем свінога пагалоўя займалася спецыяльная камісія з ветэрынарных лекараў, якіх курыравала старшыня Крошынскага сельвыканкама Таццяна Шчарбацэвіч.

Ветэрынары рабілі свінням укол і давалі ім самастойна выбегчы з хлява на двор, каб потым было бліжэй цягнуць іх целы да трактара-пагрузчыка. Агонія жывёлы, якая памірала на вачах гаспадароў і іх малалетніх дзяцей, доўжылася некалькі хвілін.
Затым ветэрынары грузілі свіней на шалі, узважвалі для налічэння будучай кампенсацыі, і сцягвалі ў трактарны коўш, які кідаў тушы ў грузавік. Машына вывозіла мёртвых свіней у кар’ер у раёне вёскі Зялёная, дзе іх засыпалі хлоркай і закопвалі.

Усяго, па словах Таццяны Шчарбацэвіч, у яе сельсавеце ліквідавалі паўтары сотні маленькіх парасятаў і крыху больш за 20 дарослых свіней. Пераважна, гэта малапрыдатныя ў ежу кныры і свінаматкі, якіх людзі альбо не паспелі, альбо не захацелі зарэзаць самі.

«Я яшчэ ні разу не сутыкнулася з агрэсіяй з боку людзей. Усе вельмі добразычліва ставяцца да нас. Некаторыя мужчыны нават смяюцца, маўляў, дзякуй, Таццяна Пятроўна, цяпер хоць адпачнем!» — расказала IP Таццяна Шчарбацэвіч.

Аднак, размаўляючы непасрэдна з людзьмі, карэспандэнты выявілі цалкам супрацьлеглыя настроі і думкі.

«У нас засталася адна паросная свіння. З дня на дзень чакалі, што вось-вось апаросіцца, і не дачакаліся. Што цяпер з ёй зробяць? Знішчаць, як фашысты, разам з жывымі дзецьмі ва ўлонні…», — скрозь слёзы распавяла дачніца Алена Заяц. Па словах жанчыны, яна і яе брат завялі свінаматку ўпершыню ў жыцці — хацелі трымаць сваіх свіней, але «ўсё пайшло прахам».

«Я ўжо не бачу сэнсу жыць у вёсцы. Вёска і так вымірае, а без гаспадаркі хто увогуле застанецца тут жыць?» — разважае Алена Заяц.

Не стрымлівала слёз і сялянка Марыя: «Ай-яй-яй, што дзяржава зрабіла з сельскім працаўніком! Абабралі, абакралі, усё адабралі… Калі мне тры гады было — вайна пачалася, рана без бацькі засталася, у 1991-м дзяржава грошы забрала, а зараз і скварку з рота выцягнулі…&raquo

Сын Марыі Уладзімір распавёў, што вяскоўцы сёння так перажываюць страту сваіх гаспадарак, што разам з ветэрынарамі ім неабходна дасылаць псіхолага:

«Людзі не тое што перажываюць, некаторыя ўжо проста на мяжы. Тут патрэбен псіхолаг, каб іх супакоіць. Вы ўявіце: грошы, праца — усё загублена. Забраць свінню ў селяніна — гэта нібы члена сям’і забраць…»

Старшыня сельвыканкама такія словы пракаментавала з не меншым досціпам: «Гэта такі член сям’і, якога праз год вы самі ж і закалолі бы».

У якасці альтэрнатывы свініны Таццяна Шчарбацэвіч прапануе сялянам купляць у мясцовым СВК на развод маладых бычкоў або трусоў.

«Але трусы хварэюць яшчэ часцей, чым свінні. Вось мой сусед калісьці трымаў трусоў, так яны дохлі па 100 штук…», — скептычна выказаўся вясковец Юрый Тарабаш.

І ўсё ж песімізм вясковых жыхароў старшыня сельскага выканкама не падзяляе.

«Я разумею, што мы парушаем планы людзей і іх звыклы лад жыцця. Але, зразумейце, гэта не наша віна, а наша бяда. Калісьці на Кубе Фідэль Кастра справіўся з афрыканскай чумой за год, абвясціўшы ў краіне каранцін. Мы сёння таксама павінны перапыніць гэты ланцужок і, паверце, у нас усё будзе добра.
Давайце будзем аптымістамі», — пракаментавала IP Таццяна Шчарбацэвіч.

Дарэчы, сама Таццяна Пятроўна свіней не трымае: «Якая гаспадарка?! Пра што гаворка! Спаць няма калі, з раніцы да ночы трэба працаваць…»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула