БЕЛ Ł РУС

Нямецкія дэпутаты зрабілі заяву ў сувязі з прэміяй Бяляцкаму

1.10.2013 / 09:21

Сябры нямецкага парламента, віцэ-прэзідэнт Бундэстага Катрын Герынг-Экарт і каардынатар у пытаннях усходняй палітыкі Марылуіза Бэк зрабілі сумесную заяву ў сувязі з уручэннем беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму прэміі імя Вацлава Гаўла.

Яны павіншавалі кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», а таксама заклікалі беларускія ўлады вызваліць Бяляцкага і дзевяць іншых беларускіх палітвязняў, якія цяпер утрымліваюцца за кратамі.

Як гаворыцца ў заяве, Алесь Бяляцкі — «даўні прыхільнік еўрапейскай Беларусі», краіны, дзе ўсё павінна быць заснаванае «на павазе да дэмакратыі і правоў чалавека». «Яго зняволенне, якое цягнецца болей за два гады, ёсць прыкладам бязлітаснага пераследу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі дыктатарам Лукашэнкам. З дапамогай сталінскіх метадаў рэжым спрабаваў стварыць атмасферу страху і такім чынам заткнуць рот крытыкам».

Адзначаецца, што ўсё гэта, аднак, не можа быць бясконцым, бо найбольш праблемныя аспекты ў эканоміцы краіны залежаць ад супрацоўніцтва з ЕС. Збліжэнне ж паміж ЕС і Мінскам «можа быць дасягнутае толькі пры вызваленні ўсіх палітвязняў і ажыццяўленні крокаў у кірунку дэмакратычнай адкрытасці краіны».

У заяве таксама гаворыцца пра адказнасць ЕС за тыя «трагічная абставіны», якія паспрыялі прысуду Бяляцкаму на 4,5 года пазбаўлення волі.

ЕС павінен адказаць на выклік і «падтрымаць грамадзянскую супольнасць не толькі палітычна і фінансава, але і адаптаваць гэтую падтрымку да ўмоваў існавання грамадзянскай супольнасці пры дыктатуры. Актывісты беларускай апазіцыі часта вымушаныя працаваць нелегальна, таму нельга пагадзіцца з тым, што ЕС хоча зрабіць сваю падтрымку залежнай ад афіцыйнай рэгістрацыі арганізацый і такім чынам выключыць праваабарончы цэнтр “Вясна”. Прынцыпы фінансавання беларускіх няўрадавых арганізацыяў павінныя быць выпрабаваныя ў тэрміновым парадку».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула