БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка і Назарбаеў могуць выступіць супраць пашырэння Мытнага саюза 

1.10.2013 / 16:58

Такое меркаваньне выказаў напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан прадстаўнік гэтай краіны ў Асацыяцыі памежнага супрацоўніцтва Марат Шыбутаў.

На яго думку Астана і Менск могуць выступіць адзіным фронтам супраць пашырэньня мытнага саюзу за кошт Армэніі і Кіргізстану.

Ерэван прыняў нядаўна палітычнае рашэньне аб уступленьні ў інтэграцыйнае аб'яднаньне. Бішкек, у сваю чаргу, распрацоўвае «дарожную мапу» па ўступленьні ў мытны саюз і нават выступае з ініцыятывай стварэньня новых інстытутаў у рамках саюзу.

Шыбутаў упэўнены: «Беларусь і Казахстан паспрабуюць выпрацаваць сумесны плян дзеяньняў па гэтым пытаньні. Мяркую, стаўленьне да гэтага ўступленьня будзе адмоўным.

Нашы краіны не павінны пакутаваць з-за незадаволенага эга Уладзімера Пуціна і яго ўнутрыпалітычных праблем». Варта адзначыць, што афіцыйны Менск падзяляе ня ўсе падыходы Казахстану да Мытнага саюзу.

На мінулым тыдні прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў мытнага саюзу ў Астане ацаніў прапановы Казахстану па стварэньні Эўразійскага саюзу наступным чынам: «Сёння прапануецца разгледзець прапанову казахстанскага боку — тое, што тычыцца асабліва інстытуцыйнай часткі.

Прапануецца новая структура саюзу. Шчыра кажучы, для нас, можа быць, з-за недахопу інфармацыі, не зусім зразумела, навошта гэта трэба».

Паводле дадзеных статыстыкі, гандаль Беларусі найбольш сярод партнэраў па Мытным саюзе завязаны на гэты саюз: летась траціна беларускага экспарту прыпадалі на краіны саюзу (Казахстан і Расею), ў той час як у Казахстана гэтая доля складала 7%, у Расеі – 8%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула