Мілінкевіч: Канкурэнтам Лукашэнкі на выбарах павінен стаць нехта малады
Лідар Руху «За свабоду», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. Аляксандр Мілінкевіч на сходзе актывістаў Руху пад Мядзелам распавёў сваё бачанне мэтаў беларускай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах — 2015, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
фота прэс-службы Руху "За свабоду"
Агульны стан дэмакратычных сілаў Мілінкевіч ахарактаразаваў як нездавальняючы: «У такім стане як сёння дэмсілы яшчэ не былі».
Старшыня Руху «За свабоду» перакананы, што сітуацыя не зменіцца, «пакуль мы не скажам, чаго хочам і якія мэты ставім на кампанію».
«Можна мэтай назваць падвышэнне рэйтынгу папулярнасці і вядомасці сваёй партыі ці арганізацыі. Але кансалідацыі тады не будзе. Мэта можа быць меркантыльная – грошы.
Натуральна, і ў такім разе не будзе аб’яднання. На маю думку, нам трэба дбаць пра ўзмацненне пазіцый усіх дэмакратычных сіл і раскруціць на лідара чалавека, якога мы не «знішчым» адразу пасля выбараў.
Я выступаю за тое, каб гэта быў адносна малады чалавек. Маладых і прыстойных хапае. Але разам з тым важная і біяграфія. Бо людзі часта пытаюць: «А чым ён кіраваў, чаго дасягнуў?».
Што праўда, гэта зрабіць складана. Дый прыклады Чыгіра, Марыніча, Казуліна паказваюць, чым гэта можа скончыцца, калі ў вялікую палітыку пойдзе асоба з уладных колаў з досведам кіравання», - заявіў Мілінкевіч.
Ён таксама зазначыў, што «калі ў электаральнай кампаніі 2015 году будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, выбараў не будзе».
«Галоўнае – выйграць выбары пасля Лукашэнкі. Выйграць на карысць еўрапейскага выбару! Таму Руху неабходна актывізаваць працу ў кірунку еўрапеізацыі Беларусі», - сказаў Мілінкевіч.