БЕЛ Ł РУС

Завод «Гарызонт» пераходзіць на чатырохдзёнку

26.11.2013 / 10:07

Рабочым найбуйнейшага вытворцы электронікі ў Беларусі зрэжуць заробак.

Пра гэта гаворыцца ў загадзе дырэктара ПУП «Завод электроннай і бытавой тэхнікі «Гарызонт» [заснавальнікам з'яўляецца Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт» — НН ]Аляксандра Арлова, тэкст якога даслалі ў рэдакцыю сайта charter97.org.

Цягам трох месяцаў — з пачатку студзеня і да канца сакавіка 2014 года — пятніцы будуць выходнымі, а зарплата рабочым прадпрыемства будзе выплачвацца з улікам фактычна адпрацаванага часу.

«Загадваю ўстанавіць на ўнітарным прадпрыемстве «ЗЭБТ Гарызонт» для ўсіх работнікаў структурных падраздзяленняў, за выключэннем тых, якія гарантуюць жыццядзейнасць і бяспеку прадпрыемства, няпоўны працоўны тыдзень з дадатковым выходным днём пятніца з 8 студзеня 2014 года па 31 сакавіка 2014 года.

Начальніку аддзела кадраў Кароўкінай Е.Б. да 1 снежня 2013 года заключыць з работнікамі прадпрыемства пагадненні аб устанаўленні рэжыму няпоўнага працоўнага тыдня. Адначасова растлумачыць работнікам наступствы адмовы ад працы ў прапанаваным рэжыме.

Для работнікаў, якім будзе ўстаноўлены рэжым працы з няпоўным працоўным тыднем, аплату ажыццяўляць за фактычна адпрацаваны час з пачасовай-прэміяльнай аплатай працы, і за фактычна выкананую працу са здзельна-прэміяльнай аплатай працы», - гаворыцца ў загадзе.

Пра тое, якімі наступствамі можа павярнуцца адмова ад працы ў «прапанаваным рэжыме», аб растлумачэнні якіх гаворыцца ў дакуменце, невядома.

«Загад, па якому работнікаў пераводзяць на скарочаны тыдзень, - незаконны. Супярэчыць артыкулу 32 Працоўнага кодэкса РБ. Гэта пацвердзіць любы юрыст», піша чытач сайта charter97.org.

З падобнымі праблемамі завод сутыкаўся ў першай палове гэтага года.

Рабочыя паведамлялі пра тое, што з прадпрыемства звольненыя больш за сто чалавек, а працуе яно з перабоямі. У пачатку сакавіка ў некаторых цэхах быў ўведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. У прыватнасці, гэта закранула цэх па зборцы тэлевізараў. Пятніца была абвешчаная выходным днём, а чатыры працоўныя дні перанеслі на восень.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула