БЕЛ Ł РУС

Пратэсты ў Кіеве з мірных сталі гвалтоўнымі РЭПАРТАЖ + ФОТЫ

22.01.2014 / 10:43

Мікола Бугай

Сімвал прасоўвання пратэстоўцаў: захоплены ланцуг спецназаўскай тэхнікі. Так выглядае вуліца Грушэўскага, што вядзе да Вярхоўнай Рады. Фота Ройтэрз.

Пратэстоўцы цягнулі спалены аўтобус МУС. Фота Ройтэрз.

Пратэстоўцы настройваюць сябе барабанным боем. Лупяць па бочках, скрынках, спаленай тэхніцы МУС. Гэта нагадвае казацкія традыцыі. Фота Ройтэрз.

Пратэстоўцы настройваюць сябе барабанным боем. Лупяць па бочках, скрынках, спаленай тэхніцы МУС. Гэта нагадвае казацкія традыцыі. Фота Ройтэрз.

Людзі прыходзяць і сыходзяць, а барыкады стаяць. Фота Ройтэрз.

Спецназ ужывае спецсродкі, што прывяло да гібелі людзей. Фота Ройтэрз.

Побач з шыхтом спецназа стаіць дэманстрант у касцы і ўніформе. Фота Ройтэрз.

Украінскі спецназ быў непадрыхтаваны да разгону дэманстрантаў.

Стракатыя шэрагі дэманстрантаў. Фота Ройтэрз.

22 студзеня стала вядома пра першыя смяротныя ахвяры. Фота Ройтэрз.

Рэвалюцыю, у адрозненне ад перавароту, робяць простыя людзі. Фота Ройтэрз.

«Гэта бандыцкі рэжым, які раскраў у краіне ўсё, што можна раскрасці. Галасы куплялі, суддзяў куплялі! А хто не прадаваўся, тых знішчалі, — усхвалявана кажа карэспандэнту «Нашай Нівы» Юрый, студэнт кіеўскага Універсітэта тэатра, кіно і тэлебачання імя Карпенкі-Карага. — Нам зараз няма дарогі назад. Або яны, або мы. Яны ўсіх нас знішчаць, калі перамогуць», — мяркуе ён.

Юрый ад нядзелі кожную ноч праводзіць на перадавой на вуліцы Грушэўскага, хоць ён ужо на мяжы сваіх эмацыйных і фізічных сілаў. Удзень ён трохі спіць, трохі сядзіць у інтэрнэце.

«Я ненавіджу нашу апазіцыю, — не стрымліваецца ён. — Яны ні на што не здольныя. Калі б яны далучыліся да нас, Януковіч бы ўжо хаваўся ў Расіі».

Пад апазіцыяй ён мае на ўвазе парламенцкія апазіцыйныя партыі і іх лідараў, Арсеня Яцанюка і нават Алега Цягнібока. Хоць яшчэ нядаўна Юрый быў палявым актывістам правай і нацыяналістычнай «Свабоды».

«Ім канец! Нават рэгіянальныя кіраўнікі страшна расчараваны іх нерашучасцю. Я маю доступ да закрытага ўнутрыпартыйнага чату — пабачылі б вы, што пра іх пішуць актывісты!»

Радыкалы, як Юрый, хочуць пачуць ясны заклік да паўстання.

Гэта, спадзяюцца яны, сабрала б на вуліцы Грушэўскага крытычную масу людзей. А апазіцыя — прынамсі на словах — выступае супраць гвалту. Называе сутычкі правакацыямі.

У той жа час прэм'ер-міністр Азараў абвінавачвае апазіцыю ў тым, што яна стаіць за спінай усяго гэтага: «Гэтыя нібыта правакатары па чарзе ідуць адпачываць на Майдан, кормяцца ў будынку прафсаюзаў у апазіцыйным штабе».

«У Януковіча ўсяго 10 тысяч спецназаўцаў, а армія за нас», — упэўнены Юрый.

Трохі лепшае ў яго стаўленне да Віталя Клічка — баксёр пачуваецца ў сутычках як рыба ў вадзе.

Такіх як Юрый ва Украіне мільёны. Для іх Януковіч страціў усякую легітымнасць. «Гэта не прэзідэнт, які накраў столькі, што збудаваў сабе палац і зрабіў сыноў мільярдэрамі!» — кажа ён.

І «Беркут» для Юрыя — ніякая не міліцыя, а «платныя наёмнікі зажратых алігархаў», што выссалі з найбагацейшай краіны апошнія сокі. «Гэта не ўкраінцы!» — ставіць свой дыягназ ён.

Моладзь згуртавалася ў фармальных і нефармальных суполках «па інтарэсах». Сярод іх «Аўтамайдан» — які паўстаў як ініцыятыва па аўтапікетаванні палацаў кіраўніцтва краіны. А таксама «Правы сектар» — групоўка футбольных фанатаў. І квазі-СМІ ў інтэрнэце, сярод якіх анлайн-ТВ і розныя інфармагенцтвы.

Гэтыя актывісты больш не вераць у мірныя пратэсты. Каб зламаць сістэму, што ламала і падкупляла не аднаго, трэба рэвалюцыя, лічаць яны.

І гэта яны ўвечары ў нядзелю вазілі бензін у каністрах з гарадскіх бензакалонак на вуліцу Грушэўскага.

Яны спадзяюцца, што ўрэшце на вуліцу, што вядзе да Вярхоўнай Рады, выйдзе крытычная маса людзей. Яны вераць у штурм.

У выніку трох дзён сутычак было паранена не менш за 200 чалавек з абодвух бакоў. Чацвёра з іх застаюцца ў цяжкім стане. Паведамляецца пра дзве смяротныя ахвяры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула